«Вершы аб Вільні» Уладзіміра Жылкі значна адрозніваюцца ад твораў гарадской тэмы Багдановіча, i не толькі тым, што вершы двух таленавітых паэтаў заўсёды адрозніваюцца паміж сабой. У дадзеным выпадку відавочна адрозніваецца сам падыход творцаў да выяўлення «віленскіх матываў», адрозніваюцца мэты i задачы, якія яны перад сабой ставілі (што адлюстравана i ў назвах).
У. Жылка пісаў не пра «места» ўвогуле, а канкрэтна пра Вільню, узгадваючы i празрыстую раку Віллю, i гатычны касцёл святой Ганны, царкву ў візантыйскім стылі ля вады, трохкрыжовую гару, Бернардзінскі сад. Чароўныя прынады горада знайшлі сабе месца i ў яго вершах:
Але не урбаністычныя прыкметы горада цікавяць паэта, a гістарычны лес Вільні, «крывіцкай Мэккі», тое цэнтральнае месца, якое займаў гэты горад у станаўленні дзяржаўнасці i культуры беларусаў. Менавіта таму У. Жылка звяртаецца да гэтай тэмы ў час, «калі сябры нас гудзяць згубаю» i «ворагі прарочаць скон». У жыцці беларусаў Вільні належыць не проста асабліва вялікае, а нейкае магічнае, на думку паэта — фатальна прадвызначанае месца душы ўсіх беларускіх земляў. Адсюль ужо невыпадковым бачыцца ўвядзенне ў верш «О, Вільня, крывіцкая Мэкка!..» матываў Карана: мінарэты, Кааба, Мадыны, месяц Рамадана, Мэкка, прарок, адсюль наканавана-прароча, шматзначиа чытаюцца радкі:
Наступныя трыццаць гадоў не прынеслі беларускай паэзіі ў распрацоўцы тэмы горада ніякага плёну, азначаная Багдановічам i Жылкам традыцыя перарываецца, як i некаторыя іншыя традыцыі пачатку стагоддзя i 20-х гадоў.
Што датычыць гарадскіх матываў у сучаснай паэзіі, то найбольш поўнае ўвасабленне яны атрымалі пакуль што ў творчасці Анатоля Вярцінскага (у 60-я гады, на хвалях асучаснівання паэзіі, тэхпізацыі i эстрадызацыі яе) i Міхася Стрельцова (у 70-я). Зноў жа, гэта зусім не азначае, што іншыя беларускія паэты пра горад не пісалі: пісалі, але ў ix творчасці пэўная колькасць вершаў пра горад не акрэслілася ва ўнутраную тэндэнцыю, ix таленты развіліся ў іншых кірунках.
У паэзіі Міхася Стральцова урбаністычныя матывы праявіліся з асаблівай сілай i глыбінёй, набылі найбольш арыгінальнае i адметнае структурнае ўвасабленне, хаця i не запоўнілі сабой усю паэтычную творчасць пісьменніка. Вершы М. Стральцова «У горадзе пасля дажджу...», «Трамвай, як сараканожка...». «Халадзільнік», «Стамляецца нават метал...», «Вяртанне з работы», «Балада вуліцы», «Думаў яшчэ нядаўна...», «Вунь i яно, успамінаў лісцё...», «Маўчанне», «Асацыяцыя» i некаторыя іншыя вызначаюць пакуль той узровень, якога дасягнула беларуская паэзія ў асэнсаванні тэмы горада, a ў пэўных адносіыах акрэсліваюць наступны шлях для паэтаў, якія прыйшлі ў нашу літаратуру ў першай палове 80-х.