Верш «Балада вуліцы», пачатак якога працытаваны вышэй, у гэтых адносінах адзін з магістральных твораў паэта.
Наватарства Анатоля Вярцінскага, Міхася Стральцова, уплываючы на творчасць некаторых маладых паэтаў, таксама шмат у чым наватараў, акрэсліваецца з гэтай прычыны ў традыцыю, але традыцыю, якая мае ўсе прыкметы патэнцыяльнага развіцця, працягу на іншых структурных узроўнях.
Таму, кінуўшы пагляд на урбаністычныя матывы ў беларускай паэзіі 80-х гадоў, мы вызначылі ў гэтых адносінах менавіта творы маладых паэтаў Адама Глобуса, Валерыя Маслюка, Галіны Булыкі, у творчасці якіх гэтыя матывы найбольш выразныя, выяўляюцца ў тэндэнцыю (хаця зноў агаворымся, што ў такіх рамках ix паэзія не замыкаецца), а не пайшлі па шляху вышуквання гарадскіх вобразаў i адценняў у старэйшых паэтаў, творчасць якіх вызначаецца іншымі вартасцямі i дасягненнямі.
Але, паколькі урбанізацыя паэзіі цесна, а часам непарыўна звязана з інтэлектуалізацыяй i «тэхнізацыяй» паэзіі, нельга, закрануўшы урбаністычную тэматыку, не адзначыць такіх таленавітых паэтаў, як Алесь Разанаў i Уладзімір Някляеў, альбо аўтара «Сурмы» Алега Мінкіна, аўтара «Вандроўніка» i «Над пляцам» Леаніда Дранько-Майсюка. Цікава пачыналі ў гэтым напрамку Уладзімір Сцяпан i Уладзімір Сіўчыкаў.
Безумоўна, што i іншыя паэты прыйдуць хутка «ў горад» (і з горада), бо гэтага ад ix патрабуе не толькі урбанізацыя паэзіі, але i урбанізацыя самога жыцця.
СЯСТРА ЦІ СЛУЖКА
Паэты, празаікі, драматургі крытыку не любяць. Не любяць не ў тым значэнні, што адносяцца да яе варожа, a ў тым — што не адчуваюць да яе асаблівай зацікаўленасці i павагі. Нават крытыку не ў значэнні «крытыкаваць» — «выкрываць недахопы», а проста як разнавіднасць літаратуры. Нават тую, якая — пра іншых, альбо ўвогуле — пра сябе. Няшмат прыпамінаецца за апошнія гады артыкулаў паэтаў i празаікаў пра стан i праблемы сучаснай крытыкі, пра «вялікую яе ролю ў развіцці літаратуры» i пільную патрэбу яе для гэтай літаратуры. Падобныя сцвярджэнні ўласцівыя, на жаль, выключна самім прадстаўнікам крытычнага цэха i таму ўспрымаюцца чытачом досыць падазрона, як i сцвярджэнне пра асаблівую таленавітасць крытыка.
A менавіта з веры ўсё i пачынаецца: калі вераць табе, а ты верыш у патрэбнасць i карыснасць сваей справы для іншых.
Праблемы, пытанні... Зусім непадобныя ў розных пакаленняў i тыя, што ўзнікаюць на нейкім этапе перад кожным, раней ці пазней. Літаратурная крытыка прыцягвае сваімі магчымасцямі i адштурхоўвае пэўнай няздатнасцю; ад цвёрдай перакананасці ў яе дзейснасці, карыснасці для іншых жанраў літаратуры кідае часам у блюзнерства наконт яе малапатрэбнасці i нават шкоднасці.
Не веру ў крытыкаў, якія ніколі не пакутвалі падобнымі думкамі, для якіх з самага пачатку i да канца ўсё было проста, вызначана, бясспрэчна: вельмі ўжо ix упэўненасць нагадвае ўпэўненасць чалавека, які баіцца знайсці негатыўны адказ адносна сэнсу i прызначэння сваёй працы, а таму ўвогуле вырашыў нічога не шукаць, бо так спакайней i сабе i іншым.
Пакутліва шукаў правільнага адказу, шукаў усім сваім жыццём, усёй творчасцю Варлен Бечык; ён верьў у сваю справу той верай, пра якую пісаў калісьці Самерсэт Моэм: каб прысвяціць сваё жыццё літаратурнай крытыцы, неабходна цвёрда верыць, што літаратура — адзін з галоўных відаў дзейнасці чалавека. Невыпадкова гэтае выказванне англійскага пісьменніка прыгадаў аднойчы ў сваім артыкуле Віктар Каваленка, невыпадкова, пішучы пра В. Каваленку, узнавіў цытату Варлен Бечык. Напісаны Варленам Бечыкам артыкул пра В. Каваленку ўспрымаецца разам з тым i як аўтабіяграфічны, універсальна-безасабовы: пра чалавека, які «зрабіўся літаратарам не ў выніку збегу абставін (бывае i так: інстытут, аспірантура, дысертацыя — i пайшлі артыкулы i кнігі, якія нехта чытае хіба што па неабходнасці), а па душэўнай патрэбе, па асаблівай адоранасці, якая вызначае мэту i сэнс жыцця». Менавіта такога крытыка адольваюць у цяжкую часіну сумненні ў высокай вартасці i неабходнасці сваёй справы, яму трэба пастаянна пераконвацца ў слушнасці свайго шляху, самасцвярджацца, пакутваць, бо толькі так магчыма знаходзіць, ствараць каштоўнасці сапраўдныя, а не ўяўныя.
У Варлене Бечыку здзіўляла i захапляла ягоная любоў да паэзіі, як ні банальна гэта гучыць. I як гэта ні гучыць парадаксальна, менавіта любоў да паэзіі вылучала яго сярод іншых таленавітых крытыкаў: любоў да кожнага сапраўднага верша, радасць ад яго з'яўлення ў любога паэта, непасрэднае чытацкае ўспрыманне, вытанчанае, але не забітае прафесіяналізмам. Многія з крытыкаў успрымаюць i любяць мастацкую літаратуру перадусім як прадмет сваёй працы, аддаючы перавагу ў пачуццях самой крытыцы, i нічога асабліва ненармальнага i заганнага ў тым няма. Усведамляю, напрыклад, што пачаў пісаць пра паэзію выключна з-за цікавасці да крытыкі i напачатку асобныя зборнікі ўспрымаў хутчэй як бліскучы альбо, наадварот, зусім непрыдатны матэрыял для своеасаблівага перакладу ix на мову іншага мастацтва. Але вельмі ўдзячны Варлену Бечыку, які ў спецкурсе па сучаснай паэзіі i па-за спецкурсам навучыў па-сапраўднаму разумець i любіць верш не дзеля чагосьці наступнага, а дзеля самога верша, атрымоўваць эстэтычную асалоду ад звычайнага чытання, без аналізу i вобразна-сімвалічнага пераўвасаблення ў новы тэкст, дастаткова тэрміналагізаваны i дастаткова чытэльны па змесце i манеры выкладу.