Выбрать главу

Крытыка, безумоўна,— другасная разнавіднасць літаратуры, хоць i не прыкладная, не выключна службовая: мае пэўную самастойнасць, права на ўласнае самаразвіццё, на пошукі новых форм аналізу i выяўлення.

Праўда, i ў гэтым драбку самастойнасці крытыцы часта маўкліва адмаўляюць, часам з абыякавай згоды саміх крытыкаў, ствараючы яшчэ адну праблему сучаснай крытыкі ўвогуле i галоўную праблему, што паўстае неадольнай сцяной на пачатку творчага шляху маладых літаратараў (дарэчы, паняцце «малады» ў крытыцы яшчэ больш умоўнае i супярэчліва-парожняе, чым дзесьці ў прозе: успамінаецца адна «маладая» парада, у якой студэнты баязліва туліліся побач з выкладчыкамі, а на Алу Кабаковіч, аўтарку трох цікавых кніг, але не члена СП, з недаўменнем пазіралі віноўцы выпадковых рэцэнзій).

Уявім сабе «ўмоўнага» маладога чалавека, які напісаў першую рэцэнзію, адчуў асалоду творчага аналізу i вырашыў у далейшым злучыць свой лёс з літаратурнай крытыкай. Далібог, гэта вельмі цікава ўяўляць хаця б таму, што з першых крокаў малады чалавек пачынае адкрываць для сябе безліч не вядомых яму раней рэчаў: прыемных, не зусім i зусім непрыемных. Калі ён «пачынаў сваё жыццё» з вершаў ці апавяданняў, ён сутыкнецца з шырока распаўсюджаным меркаваннем, што крытыкі — у мінулым няўдалыя пісьменнікі, якія не здолелі пісаць самі i таму ўсялякімі сродкамі перашкаджаюць рабіць гэта іншым. Таму няхай ён усё ж адразу пачне з крытыкі i будзе прыемна ўражаны, даведаўшыся, што рэцэнзіі нават заказваюць, на зайздрасць пачынаючым паэтам, першых вершаў якіх у рэдакцыях наўрад ці з нецярпеннем чакаюць.

Пачынаючаму крытыку не зусім усё роўна, пра якую i чыю кнігу пісаць, але магчыма напачатку не так ужо i важна: захапляе сам працэс аналізу i наступнага выяўлення (амаль што радасць неафіта).

I вось ён ужо разумее, што калі аб'ектыўныя крытэрыі ацэнкі твора існуюць, дык яны вельмі неакрэсленыя i неасязальныя, працуюць разам з інтуіцыяй, эстэтычным адчуваннем яшчэ да напісання рэцэнзіі i цьмяна ў ёй адлюстроўваюцца, бо тым ці іншым падборам цытат можна даць зусім процілеглыя ўяўленні пра кнігу, ускладніць паэта альбо спрасціць яго, а таму ўсё залежыць ад уласнага густу i ўласнага сумлення.

Можа, вы заўважылі, што рэцэнзіі маладых нярэдка цікавей i змястоўней, чым у салідных, вопытных крытыкаў? Справа тут не заўсёды ў таленце; проста салідны крытык піша кнігі, даследаванні, артыкулы i толькі потым ужо рэцэнзіі, а для пачаткоўца рэцэнзія — адзіна магчымае «ўсё разам», таму i энергіі, i думак, i часу ён укладае ў яе значна больш, кампенсуючы недахоп вопыту. Але ці не да тых толькі гадоў, калі сам пачне пісаць даследаванні i кнігі?

Вялікае значэнне мае першая ненадрукаваная рэцэнзія. Чаму ненадрукаваная? Ды па самых розных прычынах. Лепш за ўсё, калі праца проста не ўдалася: пачатковец альбо не зразумеў пісьменніка, альбо не змог выказаць сваё разуменне ў адпаведнай форме, альбо тое i другое разам. На няўдачах вучацца, асабліва калі ёсць каму гэтыя няўдачы не пусціць у друк i разумна, дэталёва растлумачыць прычыны, тыцнуць у памылкі. Горш, калі рэцэнзія не пайшла па вузкакан'юнктурных прычынах: ад боязі кагосьці пакрыўдзіць, ад непрымання зместу ці формы рэцэнзіі, ад нязгоды ў ацэнках. Тады пачатковец азіраецца i ca здзіўленыем заўважае, што вакол яго буяе кампліментарная крытыка, што не заўсёды i не пра кожнага можна пісаць аб'ектыўна. Існуюць нават стабільныя, назаўсёдныя ацэнкі творчасці пісьменніка незалежна ад канкрэтнага ўзроўню канкрэтнай кнігі. Паэты i празаікі займаюць, аказваецца, нейкія пасады, працуюць часта ў тых жа рэдакцыях (альбо ў суседніх), куды меў няшчасце напісаць пра ix завельмі аб'ектыўную рэцэнзію неразумны юнак.