Выбрать главу

Спадзяемся, што яму хопіць сумленнасці i ўпартасці, любові да літаратуры i веры ў сваю, няхай сабе мізэрную, патрэбнасць ёй, каб не паддацца на ваблівы покліч кан'юнктуры. Тым больш што кан'юнктура ацэнак — не паўсюдная з'ява i не вызначае яна аблічча беларускай крытыкі, не перакрэслівае вартасцей i дасягненняў яе.

Безумоўна, як i кожнаму пісьменніку, крытыку неабходная не толькі элементарная ўнутраная прыстойнасць, але i мужнасць, бо нельга апраўдвацца неэтычнымі паводзінамі іншых i патураць сабе. Літаратурнае жыццё непарыўна звязана з жыццём літаратараў, толькі не кожны добры хлопец — добры празаік, i неабавязкова прыгожая дзяўчына — таленавітая паэтэса, таму нельга атаясамліваць творчыя адносіны з адносінамі ў жыцці.

Вернемся, аднак, да нашага ўяўнага маладога чалавека. Магчыма, акрамя рэцэнзій ён пачаў пісаць i артыкулы, шукаць нейкія новыя формы выяўлення, спалучаць навуковасць i чытэльнасць, элементы структурнага аналізу з імпрэсіяністычнымі замалёўкамі, чаргаваць разбор канкрэтнага твора з тэарэтычнымі разважаннямі, змяняючы філасофскія супастаўленні вобразнымі экспрэсіямі, імкнуцца, як тое належыць, спалучаць у крытыцы навуку i мастацтва. Бо кожны сапраўдны крытык робіць штосьці i для развіцця самой крытыкі.

Не хачу сказаць, каб у нас прызвычаіліся да стандарту, але навацыі ў галіне формы («дзе — у крытыцы?») успрымаюцца неўразумела i падазрона, адпаведна з агульным прынцыпам адносін да творчых пошукаў моладзі, сапраўды як у тым іранічным жарце: «Там шукай i вось там шукай, а там — не-не, не трэба!»

Ці ёсць яна ўвогуле, форма, у крытыцы?

Але ў чым жа тады рэалізуецца змест?

Магчыма, у маладога чалавека з'явіцца пасля некалькіх год рэцэнзавання нават параўнанне крытыкі з шлюбам у загсе: i там, i там патрабуюць адказваць, па сутнасці, толькі адно: «так?» ці «не?». Шмат хто бачыць задачу крытыка выключна ў падтрымцы здольных аўтараў i ў прымітыўна-службовым абслугоўванні патрэб мастацкай літаратуры. Якія ўжо тут пошукі, самаразвіццё i самаўдасканаленне! Атрымоўваецца нават так, што чым больш хто шукае, ускладняецца, тым больш стварае сабе будучых перашкод для надрукавання ды i часу затрачвае завельмі, а «крытык» — гэта не прафесія.

Яшчэ адна дылема: як ацэньваць літаратурныя творы — патрабавальна ці «параўнальна»? Здавалася б, ад параўнальнасці i зыходзіць патрабавальнасць, а высокая ступень патрабавальнасці гарантуе адпаведны ўзровень параўнання. Але на практыцы ўсё значна складаней. У аднаго крытыка слушныя патрабаванні да пісьменніка на ўзроўні класікі, у другога — на ўзроўні рэгіянальных падгруп, у трэцяга — на ўзроўні ранейшай творчасці самога пісьменніка, у чацвёртага — увогуле ніякіх патрабаванняў. Адзін улічвае агульнасусветны літаратурны кантэкст, другі — агульнасаюзны ці агульнанацыянальны, трэці — кантэкст творчасці «маладых», «пачынаючых», чацвёрты — ... (бывае i такое). Уявіце сабе, што рэцэнзіі гэтых чатырох крытыкаў апублікаваны ў адным нумары газеты альбо часопіса. Што зразумее чытач, незнаёмы з ix творчымі прынцыпамі? Ды навошта ўяўляць, успомніце хаця б рэцэнзію Анатоля Сідарэвіча ў «ЛіМе» па кнігу Алега Мінкіна «Сурма», цікавую рэцэнзію на адну з арыгінальнейшых кніг у беларускай паэзіі апошніх гадоў. Вышэйшы ўзровень патрабавальнасці да паэта, чым у гэтай рэцэнзіі ўявіць літаральна немагчыма, у двух словах прызнаўшы бясспрэчную таленавітасць паэта i значенне яго зборніка, крытык скіраваў усю ўвагу найперш на спрэчныя моманты i заўважаныя ім недахопы, аж да адзінкава-рэдкіх моўных хібаў. Само па сабе нічога заганнага ў тым не было, каб не было б у тым жа нумары газеты рэцэнзій іншых аўтараў на іншых маладых паэтаў... Што ж зразумеў з усяго гэтага чытач? Куды там Алегу Мінкіну да Людмілы Паўлікавай i Марыі Баравік! У яго ж моўныя хібы i толькі кветка паэзіі кволіцца, a ў ix колас жыцця рунее i ніякіх хібаў не адзначаецца!

Вось i думай, пачынаючы крытык, чым кіравацца: патрабавальнасцю ці «параўнальнасцю» — ды яшчэ ўлічы пры гэтым не надта высокую культуру творчых узаемаадносін, аб чым пісалі колькі год назад В. Бечык, В. Каваленка, А. Станюта i аб чым з той жа надзённасцю можна пісаць i зараз. Ты ўжо ведаеш пра пісьменнікаў, увогуле непадуладных сферы ўздзеяння крытыкі, але, дзякуй богу, пішуць пра ix старэйшыя, табе ж пагражае падобная небяспека толькі у будучым, ад сяброў i равеснікаў, сённяшніх маладых паэтаў i празаікаў. Падрыхтуйся, надрукаваўшы (!) адмоўную рэцэнзію на якогась аўтара, адказаць на непазбежныя пытанні: «Чаму ты пра мяне так, а той гэтак; i чаму пра кнігу куды слабейшага аўтара пішуць станоўча?» Бо з'яўленне адмоўнага водгуку ў нас — выпадак, недарэчнасць, падзея, i ўспрымаецца такі водгук «як замглёнае літаратурнай тэматыкай сутыкненне асабістых непрыхільнасцей» (С. Дубавец), ледзь не як асабістая абраза.