Ля вёскі забілі немца. Жыхары Ордаці ратуюцца ад расправы ў лесе, капаюць акопчыкі i жывуць там некалькі дзён. Лес блакіруецца i затым прачэсваецца. Сербантовічам пашанцавала: акоп быў закрытым, старанна замаскіраваным, а фашысты ў пошуках партызанскага атрада спяшаліся. Смерць прайшла недзе побач.
Дарослых вяскоўцаў пад выглядам звычайных штодзённых работ адпраўляюць на лінію фронту капаць акопы. Для груднога дзіцяці жыць тады азначала мець маці. Па дарозе на фронт адна з жанчын раптам кінулася з натоўпу праз кусты да блізкага балотца. Аўтаматная чарга, яшчэ некалькі. Канвой, на шчасце, не спыняецца. Ноччу яна вярнулася да сына.
За хатай было выкапана невялічкае сховішча, куды жанчыны перабіраліся, заўважыўшы на вуліцы немцаў. Аднойчы салдаты з'явіліся нечакана, маці паспела толькі стаць за вугал печы. Калі ў хату зайшлі немцы, яны ўбачылі ў самаробнай калысцы маленькага хлопчыка, які працягваў рукі ў напрамку печы i клікаў: «Ма-ма»... На шчасце, акупанты ў той раз проста шукалі ежу.
Марудны i ўедлівы бранхіт саступіў месца завезенаму бежанцамі тыфу. Не, нават не саступіў, толькі адышоў часова на другі план. Набліжаўся 12-ты, крызісны дзень хваробы, неабходна было зрабіць падмацоўваючы сэрца ўкол. Маці з сынам на руках ідзе ў суседнюю вёску Гарадзішча, дзе тры хаты былі збольшага ператвораны ў баракі для хворых тыфам. А вечарам знаёмая акушэрка паведаміла ёй, што раніцай немцы хочуць спаліць лазарэт разам з хворымі. Ноччу жанчына з хворым, ледзь жывым сынам пакідае замкнёную знадворку хату праз акно. A назаўтра ў вёсцы знаходзіць маладзіцу, якая да вайны працавала медсястрой: у яе цудам захавалася патрэбная ампула.
Колькі ix было, такіх выпадкаў за доўгую вайну? Наўрад ці ён помніў ix сам, затое памяць маці захавала ix моцна i надоўга, нават на большы тэрмін, чым спатрэбілася сыну.
I ўсё ж свет быў радасны i светлы, нават у галодныя пасляваенныя гады i потым застаўся такім назаўсёды. Былі звычайныя чалавечыя радасці, шматлікія сябры, заняткі: рэчка Бася, у якой тады яшчэ вадзіліся ракі, а на захадзе сонца на паверхні шалела шмат усякай рыбнасці, лес i поле, ягады i грыбы, цёплыя летнія дажджы, a зімою заўсёды жаданы для хлапчукоў снег.
У пяць гадоў ён навучыўся чытаць, i тады сусвет раптам выбухова пашырыўся i вырас, стаў складаным i неабсяжным. Чытаць ён навучыўся простым i не зусім звычайным шляхам. Маці-настаўніца не хацела, каб сын авалодаў навукай яшчэ да школы, тады гэта лічылася шкодным,— маўляў, у першым класе не будзе чаго рабіць. Але ўслых сыну чытала шмат, рыхтуючыся да ўрокаў. Адным вечарам у хату прыйшоў магутны, кранальны сваёй незразумела-простай сілай «Каўказскі палоннік» Талстога. Спачатку хлопчык папрасіў маці прачытаць апавяданне яшчэ раз. Асабліва зачараваў яго абаяльны i мяккі вобраз Дзіны, a паколькі малюнкаў у кнізе не было, ён захацеў, каб яму паказалі хоць само слова. Задаволіўшы сваю цікаўнасць, адышоўся i надоўга змоўк. А потым паклікаў маці i паказаў кнігу, у якой слова «Дзіна» было падкрэслена па ўсім апавяданні. Маці растлумачыла, з якіх літар складаецца гэтае імя, потым прыйшла чарга Жыліна i Кастыліна, а праз некалькі дзён хлопчык упэўнена чытаў увесь твор цалкам.
Вось толькі пісаць пачаў адразу друкаванымі літарамі i ў першым класе доўга не хацеў пераходзіць на звычайны «грамадзянскі» пропіс.
Побач з выхаваннем жыццём было выхаванне кнігай. Чыталася шмат і, зразумела, без усялякай сістэмы, што трапіць над руку. Выпадала ў пятым класе сустрэцца з «Уваскрэсеннем» i «Вайной i мірам» Талстога, a ў сёмым -— з казкамі Афанасьева i Феніморам Куперам. Вершы не любіў i пазбягаў ажно да старэйшых класаў, да Пімена Панчанкі (тыповая сітуацыя для дзяцінства многіх паэтаў). Як i ўсе хлапчукі, нямала чытаў пра вайну. Пашанцавала ў тым, што з кніг трапляла амаль што адна класіка, таму густ не псаваўся, a выхоўваўся.
Слова на ўсё жыццё ўразіла яго сваёй сілай i ўздзеяннем на людзей. Маленькія сёстры плакалі наўзрыд i шукалі заступніцтва ў маці, калі ён прыдумваў пра ix невялічкія песенькі-смяшынкі. Слёзы — «ён пра мяне напісаў» — зноў слёзы — «няпраўда, я не такая» — выбух слёз, i — «я болей не буду, не пішы». Гэта дзеці, а дарослыя? Той дзед, якога памылкова пазбавілі пенсіі i вярнулі яе пасля ліста Толі ў раённую газету? Дзе тыя шэсць сірот, якія бадзяліся ў пошуках кавалка хлеба па навакольных вёсачках? Такі ж самы ліст у раёнку — i вось яны ў дзіцячым доме, старэйшыя ўжо за партай. I адваротная рэакцыя: сусед, які любіў выпіць за чужыя грошы i таму трапіў у адну з першых баек юнага паэта, перастаў вітацца ўвогуле з усёй сям'ёй Сербантовічаў.