Або-або — ніхто не заставаўся абыякавым, недатыкальным для слова. Дзесьці з гэтых напаўдзіцячых назіранняў i выкрышталізаваліся потым сур'ёзныя i сумленныя адносіны да паэзіі, разуменне яе вартасцей i магчымасці ўскоснага ўздзеяння на свет матэрыяльны, на сутнасныя струны людзей. У школе яму далі мянушку «Броўка», якую ён вельмі не любіў, пры чым далі не вучні, а, як ні дзіўна, настаўнікі, i за гэтую ж не ўсімі зразуметую схільнасць пісаць. А яшчэ за тое, што на ўроках часта спрачаўся з настаўнікамі i калі заўважаў ix памылкі — не змоўчваў, папраўляў.
Вёска фарміравала асобу, тут, у працы, сярод добра знаёмых «суседскіх» людзей было лёгка i проста, адносіны вымяраліся патрэбамі справы i традыцыйнай народнай мараллю, хлусня, крывадушнасць, як i ўвогуле ўсякае зло, пры сваім з'яўленні апыналіся навідавоку, усё ішло сваім спрадвечным парадкам. Ад прыроды жвавы i непаседлівы, ён упэўнена адчуваў сябе ў сяброўскім калектыве, своеасаблівыя законы якога, этыкет успрымаліся як ўсеагульныя, адзіна правільныя. I толькі адна рыса характару перашкаджала поўнасцю адчуць сябе заспакоеным i прыстасаваным да гэтага свету — бескампраміснасць, нежаданне рабіць нават выключэнне з агульнага кодэкса гонару. Вось гэта ўжо ішло аднекуль са свету ідэальнага, у якім адсутнічалі нявырашанасць учынкаў, празмерная ўскладнёнасць i заблытанасць сапраўднага жыцця, адтуль, дзе не дазваляліся памылкі i нічога нікому не даравалася. З аднаго боку, тая ж настаўніца гаворыць лухту i страшэнна блытае тэкст. «Чаму яна няпраўду гаворыць?» З другога боку, у гэтай жанчыны чацвёра дзяцей, двое з ix зусім маленькія, яны растуць без бацькі, вось яна i не паспела прачытаць апавяданне, паспадзявалася на сваю змучаную нялёгкай працай памяць. Можна i прамаўчаць, праўда? «Але чаму яна няпраўду гаворыць?!»
Гэта не жорсткасць, не. I не фанабэрства. Інакш бы яго не любілі так таварышы, інакш бы не аплаквалі так прачулена заўчасную смерць аднавяскоўцы. Бескампраміснасць, прастадушнасць, наіўная блытаніна жыцця з мастацтвам, якая стала рысай характару. Такі сам, такімі лічыў i іншых, пакуль не выяўлялася адваротнае. Сярод людзей, што прыходзілі за дапамогай да хлопца, які ўмеў напісаць у газету, былі i такія, хто гэткім зручным i бяспечным для ix спосабам хацеў адпомсціць ці проста нашкодзіць суседу. А ён сабе падобнага не ўяўляў, затое маці добра ўсё разумела i аберагала сына ад чарговай «дапамогі».
З 1959 года ў шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт» разам ca шматлікімі заметкамі i фельетонамі пачалі друкавацца i вершы юнага паэта: у асноўным байкі i замалёўкі з калгаснага жыцця. Праца ў калгасе грузчыкам (пасля сканчэння сярэдняй школы ў 1958 годзе) не толькі абумовіла тэматыку яго першых больш-менш сталых твораў, але надзіва моцна i своеасабліва пры сваёй невялікай працягласці паўплывала на пафас усёй яго паэзіі.
У сёмым класе Анатоль упершыню зайшоў у рэдакцыю райгазеты. Яму даводзілася бываць на пасяджэннях літаб'яднання, на абласных i рэспубліканскіх семінарах пачынаючых пісьменнікаў. Уразілі сустрэчы ў Магілёве з паэтамі Васілём Матэвушавым i Аляксеем Пысіным. «Разумныя, дужа разумныя»,— захоплена расказваў ён маці. Што мелася на ўвазе пад словам «разумныя», уявіць не цяжка. Мусіць, упершыню сустрэў ён людзей, якія i самі пісалі таленавітыя вершы, i добра разумелі яго юнацкія памкненні, яго пакуль яшчэ не абгрунтаваныя i не пацверджаныя справай творчую задзірыстасць i непрымірымасць. Тады менавіта i акрэслілася думка: пасля заканчэння школы паступаць ва універсітэт, а галоўнай справай жыцця выбраць паэзію. Значна пазней ён напіша:
Але адразу пасля заканчэння школы Сербантовіч ва універсітэт не паступіў. За некалькі месяцаў да ўступных экзаменаў ён трапляе ў бальніцу з цяжкай траўмай галавы. Неаднойчы потым давядзецца яму пакутаваць ад гэтай невылечнай траўмы, неаднойчы прыйдзецца перапыняць важную i тэрмінова неабходную працу, каб звярнуцца да паслуг дактароў. Усё ж ён паспрабаваў тады яшчэ раз паспрачацца з няўмольнасцю лёсу: напаўлегальна выпісваецца з бальніцы i адразу едзе ў Мінск паступаць на аддзяленне журналістыкі універсітэта. Вяртаецца, не прайшоўшы па конкурсе. Год працуе грузчыкам, піша шмат, але на тым жа юнацкім узроўні, калі талент аўтара ў вершах ужо заўважны, a самі вершы — яшчэ не. Змяняецца, праўда, кола тэм, «сатырычнасць» саступае месца сцвярджальнасці: