Выбрать главу
Я не з тых, Хто за спіною матчынай Думае гады свае пражыць. З тых людзей, Што -сэрцамі гарачыя, Ix i лёд не зможа астудзіць. I нішто, Што рукі агрубелыя, Ніпачым, Што ўсе у мазалях. Імі у навуку дзверы я Буду адчыняць па вечарах.

Адзін з першых сур'ёзных вершаў, праграмны для таго часу, ды i для першых гадоў навучання ва універсітэце.

Паспяховае паступленне наступным (1960) годам у БДУ імя У. I. Леніна прымусіла зірнуць на свае паэтычныя спробы больш уважліва i патрабавальна. Канечне, можна з захапленнем чытаць свае вершы такім жа навічкам-першакурснікам тут, на Паркавай, на ганках інтэрната, i нават з несумненным поспехам, які абышоў, напрыклад, вунь тую танклявую дзяўчынку ў акулярах, якая дэкламавала перад гэтым нешта пра дождж i самотнасць, пра адзіноту i неразуменне, пра хісткасць казачных палацаў (божа літасцівы, у што ператварылі Блока яго пераймальнікі! I гэта — аўтара «На полі Куліковым»!). Канечне, можна ўспамінаць добрыя i чулыя словы Матэвушава, Прыходзькі, Пысіна, Панчанкі нават на колішніх семінарах пачаткоўцаў. Калі разабрацца, то i ў новых сяброў, многія з якіх значна старэйшыя, адслужылі ў арміі, вершы пакуль што не надта моцныя i самастойныя. Але ж не ўсе з ix збіраюцца стаць паэтамі, хапае i проста аматараў. А ёсць такія, якіх ведаюць ужо i за сценамі універсітэта, якія ва ўвесь голас заявілі пра сябе на старонках рэспубліканскага друку (тым, што сам ужо друкаваўся, ганарыўся, але задзірыста не прымаў усур'ёз).

З першых студэнцкіх дзён ён зразумеў: універсітэт патрэбны паэту не толькі для таго, каб браць веды i майстэрства, спачатку неабходна сюды нешта прынесці, з нечым прыйсці, як тая дзяўчынка з хісткім казачным палацам, але не з гэтым, а з нечым сваім, напачатку няхай сабе вясковым, знаёмым, але — не жабраком, не пустэльнікам. «Пра сваіх па чарзе расказвалі...» — пачынаецца адзін з універсітэцкіх вершаў паэта. Расказвалі не толькі пра сваіх, яшчэ больш — пра сваё.

Вершы з'яўляюцца хутчэй, чым падставы для ix, пачуццёвая глеба. Менавіта падставы, жыццёвыя назіранні i вывады з сэнсавых пошукаў, а не імгненныя ўражанні — прычыны канкрэтных твораў. Недзе на другім курсе ў Анатоля Сербантовіча ўжо быў рукапісны зборнік вершаў, прачытаць які мелі магчымасць шматлікія сябры i таварышы па вучобе. Аднак складаўся ён у большасці сваёй з вершаў пра працу i пра каханне, часткова напісаных яшчэ да вучобы i потым крыху дапрацаваных, часткова створаных тут, у Мінску, але ў той жа танальнасці. Натуральнасць, першаснасць вершаў пра працу, нават, здаецца, наўмысная шурпатасць i непрыгладжанасць радкоў (яшчэ з абласных семінараў, задзірыстае — «А я ж грузчык, няма калі мудрагеліць!») прыцягвалі ўвагу, падабаліся. Нямала ішло ў друк. Але тыя творы, дзе мелася спроба разважаць пра пачуцці, каханне, крытыкаваліся ва ўсіх рэдакцыях (у тым ліку i ў «Чырвонай змене», там найчасцей бываў паэт), нідзе не прымаліся i ўвогуле выклікалі ўсмешку.

Няма нічога дзіўнага, што малады паэт пісаў пераважна пра свае родныя мясціны; жыццё i памкненні аднавяскоўцаў ніколі не аддзяляліся ад уласных. Увогуле ўражанні дзяцінства, пры ix далейшым пераасэнсаванні, далі творчасці Сербантовіча шмат. Прычым многія з «дарослых» вершаў выконваліся ў такой наіўнай юначай манеры, што наваі ix храналагічная паслядоўнасць выклікае сумненне.

Лірыка кахання, а яе было найбольш у гэтым прыватным зборнічку, дасягала такіх вышыняў правінцыялізму i амурнасці, што проста здзіўляешся. I гэта ў Сербантовіча, аўтара цудоўных вершаў пра каханне, лёгкіх i грацыёзных, празрыстых i кранальных.

З'яўленне шэрагу такіх вершыкаў можна растлумачыць толькі хлапчукоўскім жаданнем выглядаць гэткім старым, усё спазнаўшым вясковым кавалерам.

Каханне выхоўвае культуру пачуццяў. Вершы пра каханне выкрышталізоўваюць духоўны патэнцыял творцы. Таму i прыцягваюць увагу менавіта гэтыя няўдалыя творы, а не вершы працоўнай тэматыкі, якія ў тыя гады характарызавалі асобу паэта. Але пагартайце зборнікі паэта — i вы ix там амаль не знойдзеце. На твары паэта яны не пакінулі заўважнай маршчынкі. А як буяе каханне, якая пачуццёвая настальгія ў творах пра вайну!

Пачуццё ў яго паэзію прынёс вобраз маці. I менавіта любоў i ўдзячнасць да маці сталі першымі сапраўднымі адкрыццямі яго паэзіі, а не раннія няўдалыя паэмы «Любоў без адрасу», «Пажар», «Вяртанне». Вобраз маці выхоўваў у ім паэта, як сама маці выхоўвала ў ім чалавека. А потым — вобраз сястры, напрыклад, сястры хірургічнай з добрага i чалавечнага верша «Хірургічная сястра». Цікава: глыбокая павага да чалавека прыйшла ў яго паэзію толькі разам з павагай да жанчыны, i ў першую чаргу да жанчыны-маці i жанчыны-сястры. Тыя ж самыя «незамужнія цёці ўдовы» зараз выглядалі з яго вершаў мужнымі i абаяльнымі істотамі. З жанчынай-каханкай не ладзілася асабліва доўга, разам з пасрэднай лірыкай па інерцыі з'яўляліся яшчэ «жорсткія рамансы», мусіць, патрэбна было асабіста глыбокае i трагічнае перажыванне, пасля яго толькі з'явіўся верш «Мая каханая — зіма» — верш увогуле характерны для паэтычнай манеры Сербантовіча: