Колькі музыкі ў гэтых першых радках вялікага па памерах верша! Якая недатыкальнасць, цнатлівасць пачуцця, лёгкасць слоў i рытму! Сапраўдны «эталон чысціні», ён чамусьці быў адзначаны ва ўсіх рэцэнзіях на першую кнігу паэта як няўдалы i штучны.
Анатоль Сербантовіч склаўся як паэт недзе да 1964 года, калі ўжо вучыўся на чацвёртым курсе. I не таму, што рэгулярна друкаваўся ў рэспубліканскіх часопісах, напісаў некалькі паэм i мог выпусціць салідны па памерах i неблагі па змесце зборнік вершаў. Склаўся як паэт ён нават не ў якасных адносінах, не па ўзроўні майстэрства, a ў тым сэнсе, што менавіта ў гэты час пачалі выяўляцца магістральныя напрамкі пастаўленых ім церад сабой задач, асновы творчага мыслення, сваё кола тэм і вобразаў, прынцыпы ix рэалізацыі ў слове.
Вершаў за час вучобы ва універсітэце Сербантовіч напісаў сапраўды шмат, але ў першую кніжачку ix трапіла мала i амаль што толькі напісаныя пачынаючы з 1964 года. Па-за кнігай засталіся ўсе паэмы.
Авалодаць магіяй пачуцця для яго, відаць, было найбольш складана. Грамадзянская накіраванасць i пафаснасць прыйшлі неяк хутчэй i адразу зрабіліся характэрнай праявай яго паэзіі, вылучалі яе сярод творчасці аднагодкаў. Заўважалася цікавасць да гісторыі, да больш блізкіх падзей грамадзянскай i Айчыннай войнаў. Апошняя вайна ўспрымалася асабліва балюча i непасрэдна, разам з услаўленнем гераізму ўзнікала абвостранае пачуццё ненатуральнасці i трагічнасці вайны:
Універсітэт, як перыяд жыцця i творчасці, як абазначэнне ўсяго таго, чым жыў Сербантовіч гэтыя пяць гадоў, а не толькі як лекцыі i экзамены, пераўтварыў яршыстага i задзірыстага хлопчыка з Магілёўшчыны ў маладога, але ўжо са сваім голасам i сваімі прынцыпамі паэта, такога ж, аднак, задзірыстага i яршыстага. Калі ўлічыць, што пісаў ён усяго 10 гадоў, то універсітэцкае пяцігоддзе з'яўляецца першай паловай яго творчага шляху, якая толькі часткова адлюстравана ў першай кніжцы.
Тут ён стаў паэтам, тут ён сфарміраваўся як чалавек, як асоба. Універсітэт аказаў вялікі ўплыў на ўсю далейшую яго творчасць, на яе культуру. Шурпатасць i каструбаватасць радкоў саступілі месца імкненню да паэтычнага ўдасканалення. Пачыналася праца ў «Бярозцы», пачыналася сур'ёзная i нялёгкая праца ў паэзіі.
* * *
Жыць было неспазнана светла i радасна, нягледзячы на цяжкую хваробу i частыя расчараванні ў блізкіх людзях. Ён быў вясёлы, шчыры i даверлівы, гэты невялікага росту, чарнявы, з тонкімі рысамі твару i нізкім голасам чалавек; яго сапраўды «нібы магнітам да людзей прыцягвала», i ён вельмі хутка да ix прывыкаў, заўсёды быў акружаны шматлікімі сябрамі i знаёмымі, на якіх можна было абаперціся ў барацьбе са злом у жыцці. Але ў паэзіі было зусім інакш, i паэт выходзіў адзін на адзін з усім светам, які ўяўляўся то бліскучым i загадкавым падарункам, то хітрай, крывадушнай маскай, пад якой хаваецца невядома што. У гэтай барацьбе разлічваць прыходзілася толькі на сябе i толькі сябе лічыць адказным за ўсе памылкі i няўдачы, падзяляючы радасці i перамогі на ўсіх: