«Азбука» — першая кніга паэта — выйшла ў свет у 1966 годзе ў выдавецтве «Беларусь», адрэдагаваў яе на грамадскіх асновах Анатоль Вялюгін. Зборнік выклікаў зацікаўленасць крытыкі. Маладому паэту пашанцавала на ўвагу, ды нават не пашанцавала, увага была абумоўлена самім зместам кнігі, яе паэтычнымі вартасцямі. Калі рэцэнзіі А. Пысіна, I. Аношкіна, В. Макарэвіча пры ўсёй сваёй прынцыповасці насілі характар сяброўскіх, адкрыта добразычлівых, то P. Бярозкін i С. Марчанка разглядалі зборнік прафесійна i ўсебакова. Рыгор Бярозкін адзначыў, што не ўсе вершы напісаны на аднолькава высокім узроўні, заўважыў недахоп глыбіні i штучнасць, надуманасць канфлікту ў многіх з ix, але зрабіў вывад пра бясспрэчную тэленавітасць i самабытнасць паэта. Рэцэнзія Святланы Марчанкі ў адносінах літаратуразнаўчых, у пытаннях паэтыкі i кантэкстуальнага аналізу твораў — найбольш змястоўная i сур'ёзная рэч з усяго, што пісалася пра творчую манеру Анатоля Сербантовіча да гэтага часу. Менавіта С. Марчанка першая падкрэсліла такія негатыўныя рысы паэзіі Сербантовіча, як паспешлівасць i недысцыплінаванасць думкі. «Відаць, не трэба з такой лёгкасцю, з такой хуткасцю адгукацца на ўсё, што адбываецца на свеце. A калі адгукацца — то звяртаць увагу на лад сваёй дуіны»,— пісала крытык.
На вокладцы кнігі яркі чырвоны трохкутнік ушчэнт раструшчваў змрочна-чорную глыбу, якая распаўзалася на тры вялізныя абломкі. Сімвал барацьбы дабра с а злом, сімвал пераможнасці, але не завершанасці, не перамогі.
Былі ўплывы i наследаванні, але не запазычанасць; паспешлівасць, але не абыякавая апісальнасць. Была поза, імкненне да канфлікту, задзірыстасць i адмаўленне, але не пазёрства, не мяккацеласць паэтычнага слова. Былі недахопы: пры хуткім росце i неадольнай празе вышыні яны сустракаліся досыць часта. Але гэта была першая кніга i, нягледзячы ні на што, у ёй віравала, бруілася жывая i чыстая крыніца паэзіі:
Грамадзянскія матывы, адкрытая (і абгрунтаваная!) публіцыстычнасць вершаў «На беразе Урала», «Антыюбілейнае», «Гімн вечна жывым», «Пігмеі», балючая няўрымслівасць твораў пра вайну («Балада пра ўзараную зямлю», «Шырокія дарогі i вялікія» і інш.) суседнічалі з цнатлівымі i кранальнымі вершамі пра каханне, пра маладосць. I было ў гэтых вершах яшчэ нейкае сумнае пачуццё імгненнасці, незваротнасці часу i бунт супраць гэтай незваротнасці, a дзе-нідзе i падсвядомы жах перад ёй. Але пры ўсім пры тым вершы яго гучалі аптымістычна, бадзёра, a тужлівыя ноткі не з'яўляліся беспрычынна, адпавядалі гарманічнаму зліццю пачуццяў радасці і гора ў душы чалавека. Бо ноччу ён пісаў пра раніцу, а восенню — пра вясну.
Цяжка, вельмі цяжка было б яму не адгукацца хутка на ўсё, што адбываецца на свеце. Усе праявы жыцця, яго самыя ледзь заўважныя адценні, якія, бы зіхоткія дыяменты-промні сонца, ліліся з усіх бакоў, сагравалі i цешылі — вось заўсёдная i бясконцая тэма яго паэзіі, вечная тэма паэзіі ўвогуле.
Выйшла ў свет «Азбука», пачалася праца над наступнай кнігай, авалодаўшы пачуццём, неабходна стала ўтаймаваць думку, адкрыўшы лёгкасць — узняць глыбіню.
Пісаў ён шмат, за адну ноч з'яўлялася да чатырох вершаў, якія, праляжаўшы з месяц у шуфлядзе стала, альбо ішлі ў друк, альбо вярталіся ў шуфляду назусім. Спяшаўся. Атрымоўвалася нямала няўдалых вершаў, іншыя проста не хапала часу дапрацаваць. На ноч заўсёды рыхтаваў каструлю чорнай, без цукру, кавы, да раніцы яна апаражнялася. Нават калі ехаў працаваць дахаты, у Ордаць, браў каву з сабой. Аднойчы даручыў кухарства маці. Вясковай жанчыне гатаваць падобныя стравы было ў навіну, але малака яна не пашкадавала. Сын рассмяяўся i ад такой кавы адмовіўся, маўляў — не дзейнічае. Затое яна падзейнічала на маці i сясцёр — яны ніяк не маглі заснуць. Яшчэ ўсміхаўся, калі ўспамінаў нядаўняе наведванне ўрача: той катэгарычна забараніў «піць, курыць i пісаць». Пра сваю працу склаў напаўжартаўлівы верш: