Выбрать главу

Але ж калі не пісаць — гэта само па сабе вар'яцтва, гэта ж i не жыццё! Не, ён будзе пісаць! Вось толькі ці многа паспееш за такі час зрабіць? Дзе абарвецца шлях, на чым спыніцца пяро?..

Ён пісаў не толькі вершы, але i прозу, а яшчэ творы для дзяцей, крытычныя артыкулы, агляды. З прыхаваным сумам па адыходзячым жыцці, але без стогнаў i плачу, ca сваім заўсёдным аптымізмам i лёгкай усмешкай, з забаўнымі «званкамі ў бюро знаходак». У 1968 годзе пабываў у Сярэдняй Азіі, дзе напісаў сваю лепшую рэч для дзяцей — паэму «Тэлефон»; лета 1969-га правёў на Далёкім Усходзе, гэтае хабараўскае лета так i засталося самым плённым перыядам яго творчасці, калі пісалася шмат i ўдала. Апошняе лета... Дзяцей любіў усё жыццё, таму i працаваў пераважна ў «Бярозцы» i «Піянеры Беларусі», пісаў для ix апавяданні, вершы, паэмы. Не любіў страшэнна пажылых аматараў складаць вершыкі i дасылаць ix у гэтыя рэдакцыі. Адказваў рэзка i прама, за што рэдактарам прысылаліся скаргі. Затое да вершаў пачаткоўцаў адносіўся надзіва тактоўна i асцярожна. Яго цягнула да сябе юнацтва, творчая моладзь. Асабліва ахвотна i клапатліва займаўся з Людай Забалоцкай, якая толькі-толькі пачынала пісаць, a ў жыцці была арыгінальна-непасрэднай i забаўнай істотай. Прысвяціў ёй верш, напісаны за месяц да смерці:

Я знаю малую дзяўчынку, Даверлівую, якой Ахвотна спяваць безупынку, Навечна згубіўшы спакой. Як зайчыкі, бліскаюць вочы. Лаві i на рукі бяры — I слухай, як рэха рагоча З наіўнасці ў цёмным бары.

Зацікаўлена сачыў за першымі крокамі Алеся Разанава i Яўгеніі Янішчыц, адзначаў глыбокую філасафічнасць i рацыяналізм першага, цеплыню i пачуццёвасць другой, непакоіўся за творчы рост паэтэсы, які лічыў недастатковым для яе таленту.

Па-ранейшаму шмат чытаў з сучаснай рускай паэзіі, у класічнай імкнуўся зразумець сутнасць такіх таямнічых паэтаў, як Бенядзіктаў, Хлебнікаў...

Пачаў вялікую паэму «Новы свет» (лёс яе застаўся невядомым: большая частка згубілася ў кулуарах пошты, частка вылілася ў балады i вершы), напісаў тры вянкі санетаў: «Салдат», «Васілёк», «Курганы», якія сведчаць аб вялікіх магчымасцях паэта ў галіне буйных класічных форм, займаюць па сваёй значнасці адно з центральных месц у пакінутай ім спадчыне.

Калісьці даўно, яшчэ на чацвёртым курсе універсітэта, склаў верш «Балада філасофіі». У «Азбуку» ён увайшоў без загалоўка, а спачатку называўся так таму, што напісаны быў на лекцыі па гісторыі філасофіі, на адваротным баку старонкі з тэмай «Філасофскія погляды Мантэск'е». Ад балады ў тым вершы было небагата, ад філасофіі i таго менш, але верш быў на гістарычную тэму i менавіта з яго ўзнікла задума стварыць суцэльны баладны цыкл, дзе б гісторыя перапляталася з сучаснасцю, асабістае «я» лягло перакідным мастом паміж мінулым i будучым, паміж продкамі i нашчадкамі.

Увасобіць гэтую задуму ўдалося нарэшце, хаця канчаткова скампанаваць напісанае не хапіла часу, i таму ў пасмяротную кнігу ўвайшла толькі нейкая частка цыкла.

Плённая праца над вянкамі санетаў стварыла глебу для ўзнікнення новай вялікай задумы: напісаць вянок вянкоў санетаў — пятнаццаць вянкоў санетаў з адзіным зместам, звязаных паміж; сабой такім жа чынам, як i санеты ў асобным вянку. Гэта была самая грандыёзная задума паэта, вянок вянкоў маюць у сусветнай паэзіі толькі такія багатыя, як італьянская, французская, англійская... Але гэты грандыёзны па сваёй форме твор павінен быць грандыёзным i па зместу, a паколькі ён з'яўляецца ўзорам сусветнай паэзіі, то i дзеянне павінна адбывацца не ў адной краіне, a ў некалькіх, з мэтай панарамнасці i каларытнасці.

Паэт загарэўся сваёй задумай як апантаны, ён вызначаў сюжэтныя лініі, прыкідваў кампазіцыйную пабудову, акрэсліваў ідэю твора, падбіраў найбольш прыдатную разнавіднасць санета. I назавецца гэты твор — «Мужанка», i будзе ў ім гаротнае дзяцінства чалавека, які ў жыццё прыйшоў без маскі, пагоня за шчасцем i за сабой, імклівасць стагоддзя, няўдалае каханне i ўцёкі за мяжу, банда, смерць, разруха, жудаснае выццё матацыклаў i мянушка Ангел Смерці, багацце i ўлада, а потым усё-такі — туга па радзіме i трагічная смерць, бо чалавек без роднай зямлі — нішто. I яшчэ самотная выснова: чалавек, які блізка i балюча ўсё ўспрымае, на ўсё адгукаецца — павінен загінуць. А над усім — шчасця няма без радзімы, i яго нельга стварыць намаганнямі аднаго.

Паэт падлічыў, што для здзяйснення сваёй задумы яму трэба ўсяго толькі дзесяць гадоў.

Жыць яму заставалася некалькі месяцаў. Ён сустракаў сяброў, знаёмых i таямніча паведамляў пра нейкую важную i грандыёзную працу на 10 гадоў.