Зараз, праз пэўны час, неяк пранізлівей i танчэй разумеецца, чым для яго стала «Мужанка», чаму з такой радасцю i ахвотай дзяліўся ён сваім сакрэтам з людзьмі. Разумееш i зайздросціш — мужнасці.
Адзінаццатага сакавіка 1970 года Анатоль Сербантовіч напісаў невялічкі верш «Там пачынаецца паэзія...»:
Унізе пазначыў: «Серада. 11.03.70. Апошні мой верш».
Паэт падвёў рахункі з жыццём i ўслухоўваўся ў набліжэнне смерці. Часу заставалася ўсё менш, не варта спяшыць i збівацца, як пісаў Блок, «з рытму астральнага i рытму душы». Паспешлівасці заўсёды хапала i ў жыцці, i ў творчасці. А зараз можна не гнацца, спакойна, без мітусні заняцца працай. Той, якая на дзесяць гадоў...
21 сакавіка 1970 года Анатоль Сербантовіч памёр. Ноччу, так i не дачакаўшыся раніцы, выратавальнага святла. Пахавалі яго на Маскоўскіх могілках i паклалі той самы просты «шэры камень» (Гэта сцежка Камень шэры. I бяздонне па баках) з надмагільным надпісам, быццам загадзя падрыхтаваным сабе паэтам:
Праз год выйшла ў свет яго апошняя, пасмяротная кніга «Пярсцёнак» з прадмовай Аляксея Пысіна. Калісьці Іван Бунін пісаў, што пярсцёнак у народзе — сімвал тугі i вернасці.
Тугі па жыцці, вернасці паэзіі. Ён не пражыў i трыццаці гадоў, пісаў i ўвогуле толькі дзесяць. Глыток жыцця, празрысты i свежы, i — смерць. Якая нікога не шкадуе, нікога не выбірае i не глядзіць нават на тое, што ты зусім малады, што ты — паэт, i не ўсё яшчэ сказаў з таго, што хацеў i мог.
Анатоль Сербантовіч... Дваццаць дзевяць гадоў, тры кніжкі вершаў, а яшчэ — вера ў будучае, у чалавека i гармонію: вера, якую не атруціла нават прадчуванне блізкага канца.
Душыць сэрца дым крэматорыяў, ідзе па свеце дапытлівы i закаханы юнак, а побач з ім — i добрыя, шчырыя людзі, i не зусім шчырыя, з вечнай маскай на твары; дзесьці далёка ў Гімалаях хаваецца ад жорсткага, халоднага сусвету бясхітрасны i па-дзіцячаму наіўны Снежны чалавек, а на даўно спісаным караблі дажывае свой век захварэўшая морам старая аўчарка; у грознай Іспаніі ўзнімаюцца барыкады i матадор выходзіць на паядынак з раз'юшаным, як бык, фашысцкім танкам. Толькі адзінокі i самотны Ангел Смерці так i не пройдзе сваім пакутлівым шляхам пракляцця, так i не сустрэнецца з сваёй ракавой каханкай, бо ён так i не з'явіўся на гэты свет, так i кануў у нябыт ненароджаным, ненапісаным.
Але тое, што нарадзілася, што гарэла i білася ў душы Паэта,— ніколі не згасне, не сыдзе ў нябыт:
СОН ПРА РАМОНКАВАГА ХЛОПЧЫКА
Запомнілася з часоў спецкурса Варлена Бечыка па сучаснай паэзіі наступная думка: у кожнага паэта ёсць свая творчая манера, свой індывідуальны напрамак развіцця, якія рэалізуюцца ў адпаведных вершах i нават толькі вобразах, найбольш значных i выразных, характэрных, у сваю чаргу, для такой манеры, такога напрамку. Гэтыя «вызначальныя», «галоўныя» тэмы, вершы, вобразы найперш істотныя для разумення мастацкай сутнасці паэта, але не заўсёды ix дастаткова для поўнага разумення i не заўсёды чытач суб'ектыўна прыходзіць да творчасці паэта менавіта праз «цэнтральны» ўваход.
Вялікае значэнне другараднаму, няздзейсненаму ў літаратуры надаваў Юрый Тынянаў: другараднае, неразвітае ў творчасці папярэдніка часта кандэнсуе ў сабе галоўнае, плённае для творчасці нашчадка.
Няпраўда, што верш аднаго таленавітага паэта нельга зблытаць з вершамі іншага: варта толькі ўзяць верш не з галоўнай творчай магістралі, а з вузкай лугавой сцяжыны нераскрытага, прыхавана-другаснага. Як няпраўда i тое, што ў сапраўднага паэта нельга выкінуць альбо замяніць у структуры твора ні слова: Байран, калі не ўлічваць характар той эпохі i характар яго самога, у некаторых паэмах проста палохае сучаснага пісьменніка сваім няўменнем ці нежаданнем выкрэсліваць i скарачаць.