Верш, узвышаны міфалагічнымі матывамі, аднолькава глыбока адлюстроўвае i жыццё i творчасць, а таму магчымы як для разумення ў шырокажыццёвым кантэксце, так i ў вузкатворчым.
Але паэт-вяшчун — вобраз хутчэй збіральны, адцягнена-сімвалічны, змяшчае ў сабе абстрактную сутнасць творчасці i прызначэння паэта ўвогуле.
Сапраўды, рэальны паэт, у пэўным часе, з канкрэтнымі творамі, добрымі i благімі, не можа кожнадзённа ўяўляць сябе дэльфійскім аракулам альбо прарокам Іллёй, мудрым i заўсёдна беспамылковым. Пчалы старанне, пладаносная стома, халодная мудрасць змяі — усё гэта неяк не надта ёмка i арганічна ўпісваецца ў характарыстыку дзейнасці сучаснага пісьменніка побач з такімі «моднымі» паняццямі, як творчы крызіс, хадавая тэма, недакладная рыфмоўка, прахадны верш, банальны вобраз i г. д.
Цяжкая i не заўсёды плённая праца, бяссонніца, але без нятленнасці, катарга, але не бессмяротная: якія ўжо тут трыумфы, якія міфалагічныя паралелі — хіба што з вобразам Сізіфа!
Пад такім, відаць, настроем, што час ад часу апаноўвае кожнага пісьменніка, узнікла ў Гаўрусёва дзіўнае i мудрае сваёй праўдзівасцю чатырохрадкоўе:
Таленавіты паэт, Сцяпан Гаўрусёў у сваёй творчасці даў на сённяшні дзень нямала ўзораў плённага выкарыстання тэм, вобразаў, рытму, інтанацыі, але — i нямала прыкладаў эксплуатацыі, павярхоўнага асваення тых жа самых тэм, вобразаў, рытму, інтанацыі; частыя самапаўтарэнні i перапевы ранейшага не такая ўжо рэдкая з'ява ў яго кнігах. Таму, пры відавочнай наяўнасці ў яго паэзіі «ядра цяжкой задумы», з'яўляюцца ўсё ж ва ўпартай працы над словам i няпэўныя камяні, на якіх аступаецца i сам паэт i, услед за ім, чытачы.
У антычнасці, сярэднявеччы ды i ў пазнейшыя часы вобраз Сізіфа i змест яго працы разумеліся як увасабленне вечнай пакуты, бяссэнсавасці i дарэмнасці дзеяння з недасяжным i немагчымым вынікам.
У сярэдзіне дваццатага стагоддзя з'явілася, аднак, i іншая трактоўка, па якой Сізіф — унутрана свабодны і, менавіта дзякуючы сваёй дзіўнай працы, шчаслівы чалавек.
Невядома, як у агульнафіласофскім плане, але на ўзроўні псіхалогіі творчасці другая думка ўяўляецца больш слушнай.
Штодня нам сніцца гэта вышыня.
СПАКУШЭННЕ АГНЁМ
Сярод паэтычных зборнікаў, i добрых i кепскіх, «кніга» ў якасці нейкай неакрэсленай жанравай формы з'яўляецца досыць рэдка, асабліва неблагая кніга, таму яе з'яўленне заслугоўвае асаблівай увагі i асобнай гаворкі.
Янка Сіпакоў меў ужо плён на гэтым шляху як аўтар «Веча славянскіх балад». Храналагічная паслядоўнасць i жанр балады надавалі творам агульнае гучанне i кампазіцыйную цэласнасць.
У кнізе паэта «Усміхніся мне» ролю арганізатара выконвае скразны цыкл з дваццаці санетаў, звязаных між сабой на манер вянка (без магістрала). Санеты разбіваюць усе астатнія вершы на групы колькасцю ад двух да васьмі твораў. Вершы ў кожнай групе ў большасці сваёй блізкія па тэме альбо па сваёй функцыі ў структуры кнігі.
Гэта што датычыць кампазіцыі. Па зместу вершы таксама строга аб'яднаны, падпарадкаваны асноўнай тэме кнігі: трывозе за жыццё, за Зямлю i лёс яе жыхароў (не толькі людзей) ва ўмовах негатыўных праяў цывілізацыі, зусім пад пагрозай знішчэныя. Вялікае значэнне маюць таксама скразныя вобразы i матывы, якія амаль што ствараюць наяўнасць сюжэта ці хутчэй некалькіх сюжэтных ліній, пункцірных i неакрэсленых з-за спецыфікі вершаванага матэрыялу. Такая градацыя магістральных напрамкаў развіцця думкі ў кнізе больш выразная, чым, напрыклад, тэматычная самастойнасць кожнага міжсанетнага адрэзка.
Актуальнае гучанне кнігі, надзённасць i вастрыня праблем, закранутых у ёй, ні ў якім разе не пазбавілі вершы Янкі Сіпакова ўласна паэтычнай абгрунтаванасці i глыбіні. Прываблівае, што паэт не пайшоў па лёгкім i ўдзячным шляху кровазмяшэння публіцыстыкі i паэзіі. «Усміхніся мне» — не публіцыстыка: гэта паэзія, неабыякавая да падзей сучаснасці, да магчымасці-немагчымасці будучага; некалькі адназначна публіцыстычных вершаў у канцы кнігі — толькі апраўданая ахвяра агульнай задуме.