Пачынаецца кніга проста i традыцыйна: веліч жыцця i прыгажосць працы, еднасць з радзімай i гонар за родны край, які нікому ніколі не пагражаў, ні на каго не нападаў, радасць адчування прыроды i яе вечны кругазварот (сеяць — жаць). Знаёмыя, звыклыя з дзяцінства словы: хата, сонца, плуг, зямля, збожжа, свята, дзіця.
Але вось з'яўляецца наіўнае танканогае жарабя, якое яшчэ даўным-даўно, у Сяргея Ясеніна, так i не змагло дагнаць цягнік стагоддзя, а цяпер вось i ўвогуле засталося без свайго наканаванага лёсам гаспадара, брата-чалавека, якога горад ужо не адпускае ў неперспектыўную закінутую вёсачку. Спынілася сувязь часоў, абарвалася традыцыя роду, калі селянін зрастаўся з канём у адно непадзельнае цэлае.
Цяжар сваёй сусветнай крыўды гаротны конік правязе па ўсёй кнізе, будзе паміраць i ўваскрасаць, сівым прывідам з'явіцца ў мітуслівай гамане горада i знойдзе ўсё-такі свайго гаспадара, але толькі затым, каб потым знікнуць перад пераможным тралейбусам. I зноў дождж, зноў слата, снег i мароз, усё гэтак жа нетаропка сунуцца калёсы, рыпіць рассохлае кола...
I трапіць нарэшце небарака-конік да робата i пад яго абыякаваю драцяною пугаю знікне канчаткова i ўсеагульна, так i не адчуўшы ў новым гаспадару брата, не зросшыся з ім, жалезным. Жудасны канец:
А хата, простая сялянская хата раптам апынецца ў Сусвеце, бо «невялічкая вёсачка, якая, пакінуўшы сабе толькі сцежкі, выраклася вялікіх дарог», усё ж не змагла схавацца ад надакучлівай цывілізацыі. I вось ужо беларуская вёска паяднана з усім светам; ранішні ветрык прынёс ціхі спеў жонкі індуса i пах цыгарэты заклапочанага амерыканскага фермера, рогат гіен у афрыканскай цемры, шоргат крыльцаў матылька ў нейкай невядомай старане i стрэлы ў палаючым Сальвадоры. А яшчэ — пяшчотны шэпт вар'ята, што назваў сваю новую бомбу «Малышом».
Хата — у Сусвеце, але вось як рот ёй «дзверы замкнуў цяжкі, заржаўлены замок», вёска абязлюдзела, толькі адзін жывы калодзеж застаўся; мы пераносімся ва ўтульны гарадскі дамок з млява-спакойнай гаванню сямейнага жыцця, з тэлевізарам, на экране якога — шторм, уздыбленае мора, знясіленыя барацьбой людзі. Прыедзе ў госці сівая бабуля, але надоўга не застанецца: ёй кожнай начы будуць сніцца замок на хаце, галодная печ i студня. З гэтай бабулькай мы сустрэнемся яшчэ шмат разоў i назаўсёды запомнім яе наіўна перайначаную замову над хворым Сусветам:
А раней шчыравалася проста i дзейсна:
Свет селяніна, хлебароба з яго сутнасным разуменнем прыроды на працягу ўсёй кнігі з'яўляецца беспамылковым вымяральнікам каштоўнасцей цывілізацыі, пільным суддзёй яе «перамог» i «дасягненняў». Але толькі ў маральным аспекце. Сутыкаючы два такія далёкія светы, як спрадвечна сялянскі i камп'ютэрна-нейтронны, герой (i як назіральнік гэтага канфлікту, i як дзеючая асоба) выступае жыхаром сучаснага горада, які проста не страціў яшчэ i не жадае страчваць сувязь з мінуўшчынай, з продкамі. Сапраўды, у вёсцы няма патрэбы глядзець на звычайны стол як на суіснаванне атамаў, а на чалавека — як на сістэму органаў з галоўным рухавіком сэрцам. I няма патрэбы селяніну прымаць на ўвагу, што i пад самалётам, i пад мурашкай бетон усё-таю прагінаецца, не важна наколькі:
Toe, што герой большасці думак i ўражанняў не селянін, a інтэлектуальна скіраваны чалавек, дааваляе яму адчуваць самы авангард цывілізацыі, авангард дабра i зла. I ўсё ж роля свету хат i збожжа ў кнізе вялікая: i для стварэння сумераў вечнага i для адчування роднасці з усёй прыродай, жывой i нежывой (пункціры анімізму i татэмізму). Мусіць, таму, напрыклад, зіма ў паэта засталася звычайнай парой года, хоць i ў процілегласць вясне, але далей могілкавай цішыні закінутай людзьмі вёскі яна не сыходзіць, не ўзмацняецца да «ядзернай зімы»; зноў жа аж гэтага сялянскага: «зямельку араць — зямельцы адпачываць — зямельку засяваць», калі ў змене вясны, лета, восені, зімы — толькі гармонія, адвечнае абнаўленне бясконцасці Часу, а не хаатычная барацьба крыважэрных стыхій.