Выбрать главу

За будзённасцю i стэрэатыпнасцю ўзаемаадносін мы часам усцешана забываем, што каханне пры ўсёй сваёй зямной аснове i ўседапушчальнасці — цуд i талент незвычайныя, дадзеныя, як гэта ні парадаксальна, далёка не кожнаму (а хутчэй — не кожным узятыя). Каханне патрабуе пэўнага ўзроўню пачуццёвай арганізацыі, развітага ўяўлення i рашучасці не забіваць у сабе яго кволыя парасткі, не спрашчацца, баючыся сентыментальнасці i надуманасці. Менавіта супраць спрашчэння кахання, схематызацыі яго i звядзення да вядомага, раз i назаўсёды аднолькавага прымітыву змагаецца паэт:

Калі хто скажа, што ў каханні ён Усё спазнаў i вычарпаў дазвання, Не верце. Ён не знаў яшчэ кахання. Ён яшчэ трапіць да яго ў палон.

Вершы Г. Бураўкіна пра каханне непадобна-разнастайныя па форме i зместу, па інтанацыі i філасофскім падыходзе; адлюстроўваючы шматлікія адценні пачуцця, аўтар шукае адметныя сітуацыі, псіхалагічныя ўзроўні, абурэнне i адчай змяняюцца пяшчотай i элементамі гульні, сур'ёзнасць суседнічае з жартам. Шмат чаго аўтар дасягае на гэтым шляху новымі, нечакана сканструяванымі падыходамі да звыклых, знівеліраваных уяўленняў i адносін, як, напрыклад, у вершы «Я ўсіх вас, закаханыя зямлі...», дзе лірычны герой небеспадстаўна ўяўляе сябе «братам па шчасцю» ўсіх закаханых зямлі i нахабным злодзеем, бо эгаістычна «схаваў» ад усіх, забраў толькі сабе самую прыгожую з дзяўчат на свеце. У глыбока інтымных вершах аўтар не саромеецца шчырасці i «грахоўнасці», але, адрынуўшы пурытанскі аскетызм у выяўленні, ён не ўпадае ў фрывольнасць, куртуазнасць апісальнасці i інтанацыі, яго лірычны герой дастаткова плоцевы i праўдападобна духоўны. Асабліва адбіліся частыя пераходы ад пяшчотнай мяккасці i жартаўлівасці да глыбокага чалавечага болю на інтанацыі вершаў; менавіта новая, свежая інтанацыя надае многім творам асаблівую пранікнёнасць i суадчувальнасць, індывідуальную каштоўнасць, як, напрыклад, вершу «Жанчын прыгожых трэба берагчы» з даўно знаёмай для паэзіі ідэяй, але асабіста прачутай i прыгожа выказанай аўтарам:

Жанчын прыгожых трэба берагчы Ад пошласці, каварства i знявагі, I ад мяшчанскай зайздрасці i звягі, I ад залішняй ветласці i ўвагі, I ад рукі нахабнай на плячы. Яны прыйшлі на грэшную зямлю, Як сны i летуценні залатыя, Жаданыя i трошачкі святыя, Нязнанага суладдзя панятыя,— Святлом напоўніць вечнае «люблю».

У многіх вершах пра каханне гучаць ноткі яшчэ адной дамінуючай мелодыі зборніка — восеньскай мелодыі незваротнасці i няўмольнасці часу, усёразбуральнага i абыякавага ў сваёй адвечнай хадзе. I невыпадкова мелодыя гэтая нараджаецца менавіта ў вершах кахання, якое сведчыла заўсёды пра маладосць i жыццёвую сілу чалавека i якое найперш пакутуе ад імклівасці i няспыннасці плыні жыцця. Мелодыя адыходзячага часу напоўнена лёгкім смуткам i роспаччу па незваротным:

Не выхваляйся маладосцю, Чужыя лічачы гады. Яна ў цябе вясёлай госцяй Не застанецца назаўжды...

Калі ўлічыць адзначаную вышэй прысутнасць у зборніку «Гняздо для птушкі радасці» яшчэ двух дзесяткаў вершаў з «Пяшчоты», галоўнай тэмай кнігі відавочна бачыцца тэма кахання i цесна звязаная з ёй тэма адналінейнай скіраванасці часу, крохкасці чалавечага жыцця, якое набывае таму асаблівую каштоўнасць i сэнс, дорыць узмоцненую асалоду пачуццяў i адчуванняў. Безумоўна, прысутнасць вершаў іншага плана ў нечым узбагачае тэматычную (і не толькі) палітру зборніка, больш рознабакова (хоць i не больш глыбока) выяўляе характар лірычнага героя.

Але найобльш прыдатны ключ для разумення аўтарскай задумы i яе ўвасаблення дае нам сам паэт у апошнім (i ці ні самым лепшым) вершы кнігі:

Я за жыццё сваё спасціг, Што злосць — сястра злараднасці, А сэрца, што ў грудзях маіх,— Гняздо для птушкі радасці. Ды толькі вось а дна бяда, Якую не агораю,— Не прылятае да гнязда Пяюння яснапёрая.
Затое ў дождж i ў халады Ляцяць, прытулку просячы, Другія птушкі — з чарады Сумнення, Смутку, Роспачы... ...Я i цяпер Ix галасы Лаўлю душою шчыраю I веру: блізяцца часы, Што клікнуць ix да выраю. I будзе свет — як светлы дом, Без подласці i зайздрасці. I я аддам яму гняздо Для звонкай птушкі радасці.