Верш гэты ўяўляецца восеньскім святам вобразнасці i інтанацыі, настолькі ён суадчувальна-просты i пранікнёна-лірычны — тут чалавечы боль i чалавечая радасць максімальна набліжаны паміж сабой, непарыўна пераплецены i злучаны ў чалавечым сэрцы — гняздзе для птушкі радасці, якое высакародна дае прытулак для ўласных i людскіх сумненняў i нягод. Менавіта ў гэтым i бачыцца найперш глыбокі змест i верша, i кнігі Генадзя Бураўкіна «Гняздо для птушкі радасці», i ўсяго чалавечага жыцця.
НА ТРАПЕЦЫІ
I ўсё ж паўстае пытанне: ці раўназначна імкненне верша быць суцэльнай метафарай імкненню паэта тварыць верш на суцэльных метафарах; тоесныя ці ў чымсьці супрацьлеглыя паняцці «верш-метафара» i «верш з метафарамі»? Метафары лучаць мастацкі твор у гарманічную еднасць альбо разбіваюць яго на асобныя асклепкі, ізаляваныя i адарваныя ад агульнага зместу?
Кніга паэзіі Валянціны Коўтун «Метраном» пацвердзіла наяўнасць такой няпростай альтэрнатывы i адлюстравала ўсю няпростасць, супярэчлівасць адказу на яе, выбару, шмат у чым абумоўленага, папершае, пачуццём меры аўтара ў кожным канкрэтным выпадку i ўвогуле, а па-другое, залежнага ад такіх, здавалася б, далёкіх метафарычнасці рэчаў, як паэтычны рэквізіт, лірычны этыкет, інтанацыя.
Безумоўна, зусім не ў гэтым галоўная вартасць i паэтычная сутнасць кнігі, безумоўна, аўтарка яе, Валянціна Коўтун,— прыхільніца ў паэзіі адметна метафарычнага стылю ў працы над кнігай з вобразамі Янкі Куналы i Цёткі, менш за ўсё адшурхоўвалася ад другасных i супярэчлівых пытанняў паэтыкі.
Але ж мы — паспрабуем адштурхнуцца. Бо змястоўнасць i абаяльнасць такіх вершаў, як «Аповесць гутаперчавага хлопчыка», «Мілы наш сучасны дрывасек...», «Майстры, майстры», надзвычай вялікая прыцягальнасць i ўнутраны энергетызм верша «Ты помніш, Эванс, Крыт?» (аднаго з самых раскаваных i глыбокіх вершаў паэтэсы) непасрэдна звязаны з метафарычнасцю стылю, з гарманічным выкарыстаннем гарманічных метафар, як i наадварот: ix няўдалае i празмернае выкарыстанне, несуладнае з асноўнай кампазіцыяй верша, абумовіла з'яўленне такога хаатычнага i няроўнага, разапнутага на шматлікіх паасобных метафарах твора, як «Балада чорнага золата».
Што ёсць, напрыклад, у невялікім вершы «Мілы наш сучасны дрывасек...» i чаго ў ім, на шчасце, няма?
Ёсць рухомы вобраз-малюнак, свой інтанацыйны падыход да тэмы, дзіўнае спалучэнне болю i іроніі, металічная жорсткасць прароцтва, ёсць думка. Няма экалагічных заклікаў i залішняй пафаснасці, пустых ці перапоўненых радкоў, праметафарычных аздоб i нявывераных трукаў. Ёсць пачатасць i завершанасць твора, сэнсавая суцэльнасць усіх яго асобных радкоў.
У гэтых адносінах «Балада чорнага золата», напрыклад, якая аб'ядноўвае ў сабе чатыры вершы i кангламеруе таму значна больш радкоў;—твор хісткі, раз'яднаны i па сэнсе i па кампазіцыі, дзе бліскучая метафара суседнічае з неахайным словазлучэннем, патэтычнасць, зробленая з пап'е-машэ, перабіваецца шчырым ускрыкам душы. Метафары блытаюць i цьменяць метафару, думкі — думку, радкі — верш. Цікава i нечакана мерыдыяны i паралелі ўспрымаюцца як жылы планеты, набрынялыя чорыай крывёю-нафтай:
Як на каштоўныя жарынкі трапляеш на радкі: «Я кахаю жыццё, я малая слязінка прагрэсу...», «Я люблю вас, паэты, з маладымі ад болю вачамі...». I зусім побач неўразумела пакрыўджана сустракаеш пыхлівую штучную канструкцыю накшталт: «Па дзяржаве страсцей маіх пойдзе раўнівая раць», «наватарскі» зварот: «Прэзідэнты i лэдзі, вы ведалі,— ціша міне!», павярхоўна-бяздумныя радкі: «Ёсць у нас, у зямлян, светлы радасны род Праметэяў, Да вяршыняў прыкуты за грэшных людзей i агонь». (Божухна, які ж ён светла-радасны, ix прыкуты да скалы род, з вечным, неўміручым аж да прыходу Геракла болем-арлом?!)
Кніга Валянціны Коўтун «Метраном» складаецца з дзвюх частак, і, безумоўна, другая частка — «Партрэты» — больш важкая i больш значная для аўтаркі: змяшчае акрамя трох вершаў драматычную паэму, маналог i містэрыю. Гэтая ж частка вызначае ў асноўным твар кнігі і яе высокі ўзровень. Але вершы першай часткі, пры ўсім другарадным характары ix з'яўлення, акрэсліваюць твар кнігі ў параўнанні з папярэднімі зборнікамі, характарызуюць творчую манеру паэтэсы, прычым больш адкрыта i неасюжэтавана, дапамагаюць лепш зразумець мастацкія асаблівасці i вартасці «Партрэтаў».