У найбольш вузкім, прыкладным значэнні шкло (мокрае шкло) — прасцейшая мадэль тэхнікі выяўлення ў жывапісе i ў паэзіі, калі ўсё: i рухі, i лініі, i час — мякка размытыя, неакрэсленыя, як бы пакрысе плывуць, сцякаюць, не губляючы рэальнай перспектывы:
У маленстве, не пазбаўленыя яшчэ першабытнага паэтычнага ўспрыняцця, мы шчыра здзіўляемся той простай ісціне, што шкло зроблена з пяску, i ўпарта шукаем у яго празрыстасці хаця б слабы напамін пра ранейшую яго структуру. Потым не здзіўляемся нават таму, што аконнае шкло, аказваецца, цячэ, няхай сабе i незаўважна для чалавека. Цячэ шкло, цякуць па ім кроплі дажджу, цячэ жыццё. Цячэ час, чалавек падрастае i бачыць, здараецца, прыгажосць толькі за шклом: за аконным шклом, пад музейным шклом, праз шкло акуляраў. Але чамусьці не заўсёды бачыць яе ў самім шкле i проста побач з сабой, у звыклых, паўсядзённых з'явах, рэчах...
Аднак хаця шкло ў найбольш шырокім значэнні выконвае ў паэзіі Г. Булыка функцыю універсальнага сімвала, знака, «Сінтэз» — кніга, якая аб'ядноўвае творы вельмі розныя i па тэматыцы, i па канкрэтнаму зместу, i па манеры выяўлення (таму характарыстыку кнігі немагчыма даць праз адзінкавы вобраз, хаця асноўную яе тэндэнцыю i эстэтычную задачу аўтаркі «цудоўнае шкло» адлюстроўвае).
Вершы гістарычныя, урбаністычныя, вершы пра навуку, пра фізічныя і хімічныя з'явы прыроды, пра рэчы i рэчывы, вершы пра мастацтва, пра каханне, падарожныя вершы, «вершы-ф'южн» — няпоўнае тэматычнае кола «Сінтэзу». Тэматычна зборнік свядома шматпланавы; не з'яўляецца ён цэласным i стылёва (звязана гэта з пошукамі, эксперыментамі аўтаркі ў галіне зместу i формы): вытрыманы, спакойны стыль гістарычных вершаў суседнічае з эмацыянальным пісьмом у вершах пра каханне, рацыянальна-выбуховы стыль вершаў пра навуку i агніста-цвёрды склад твораў накшталт «Гліны», «Ёду» мяжуе з наўмысна спрошчанай, раскавана-кідкай манерай выканання вершаў «Алегра», «Фрагмент турысцкай паездкі», «Універмаг», «Чаканне аўтобуса», «Курорт»; надзвычай цікавы стыль вершаў пра мастацтва з спробамі судакранання-стылізацыі паэтычнага твора пад канкрэтную манеру канкрэтнага мастака ў жывапісе...
Такая тэматычна-стылёвая разнастайнасць выклікана ўсё той жа вечнай задачай літаратуры: паказаць чалавека i Сусвет у ix еднасці i ўзаемапранікненні, паказаць свет чалавека ва ўсёй яго складанасці i супярэчлівасці, ва ўсім яго багацці i ў тэндэнцыі да развіцця.
Паэтычны сусвет — адлюстраванне сусвету рэальнага, i ў гэтых адносінах паэтычны сусвет «Сінтэзу» надзвычай багаты i прадметна напоўнены, не абмяжоўваецца толькі пачуццямі i эмоцыямі чалавека ды агульналітаратурнымі малюнкамі прыроды. Аўтарка ўводзіць у сферу дзеяння паэзіі, здавалася б, зусім не паэтычныя з'явы i прадметы, асвойвае ix эмацыянальна i эстэтычна.
У гісторыі Г. Булыка бачыць перш за ўсё не гісторыю войнаў, дзяржаў, відовішчных бітваў, a гісторыю чалавечай працы, культуры, навукі, гісторыю чалавечых ведаў i майстэрства (вершы «Гліняны хлеб...», «Драўляны век», «Шавец», «Камень», «Гарт», «Аднадрэўкі», «Кальчугі»). Не канкрэтныя падзеі, даты гісторыі, a гісторыя ўвогуле цікавіць паэтку, i таму ў яе вершах амаль няма дакладных дат.
Вершы пра горад радуюць сваёй натуральнасцю, арганічнасцю: гарадская рэчаіснасць успрымаецца не як нешта варожае i да гэтага часу экзатычнае, а як звычайнае, з усімі радасцямі i бедамі, месца жыцця лірычнай гераіні. Аўтарку цікавіць мінулае горада, яго архітэктурнае развіццё, уплыў на псіхалогію чалавека, яна мае здольнасць вылучаць характэрныя рэаліі гарадскога жыцця (напрыклад, ва «Успамінах аб парадных пад'ездах»), падмячаць каларытныя дэталі:
Калісьці славуты Паўлаў сказаў, што прырода спазнае сябе праз чалавека i ў гэтым сэнс жыцця i сусвету. Менавіта незаспакоенасць, заўсёдную прагу ведаў у чалавеку як галоўную рухаючую сілу прагрэсу падкрэслівае паэтка ў вершах пра навуку, пра псіхалогію навуковых доследаў i адкрыццяў. У «Матэматычным трыпціху» ўпершыню ў беларускай паэзіі зроблена спроба паказаць паэзію матэматыкі («Локан Аньезі»), своеасаблівую сувязь яе з чалавечымі ўзаемаадносінамі. I наадварот — спроба насыціць паэзію вобразнасцю матэматычных тэрмінаў (локан Аньезі, стужка Мёбіуса, камбінаторыка). Праўда, вобраз стужкі Мёбіуса, які здаўна прыцягвае да сябе ўвагу філасофскай лірыкі, метафарызаваны ў аднабакова маральным плане, а тым самым — філасофскі звужаны, збеднены.