Выбрать главу

2. Стварэнне вялікай сеткі няўрадавых арганізацый і прадпрыемстваў. Трэба максімальна змяншаць сацыяльную і эканамічную залежнасць людзей ад дзяржавы. Многія з нашых рабочых і служачых да гэтага часу чыста па-саўкоўскаму адносяцца да месца сваёй працы. Па-ранейшаму імі кіруе страх быць звольненымі, нягледзячы на жабрацкую зарплату. Прычым назіраецца адваротная парадаксальная залежнасць: чым менш чалавек атрымлівае, тым больш ён абараняе рэжым, і чым больш заможна ён жыве, тым больш ён схільны да крытыкі рэжыму і непрыняцця саюза з Расіяй. Магчымасць самастойнага стварэння сямейнага бюджэту, максімальна магчымая незалежнасць чалавека ад дзяржавы – вось шлях перамогі над сіндромам савецкага страху.

3. Важным пытаннем з'яўляецца праблема паразумення паміж рознымі дэмакратычнымі арганізацыямі і партыямі, а таксама каардынацыя дзеянняў паміж імі і ўсёй апазіцыяй. Неабходнасць негвалтоўнага характару супрацьстаяння рэжыму прызнаецца зараз усімі. Але шлях шматпартыйнасці ў цяперашняй сітуацыі становіцца тормазам прарэсу, а не здабыткам дэмакратыі, як чакалася раней.

Адным з метадам паразумення паміж рознымі дэмакратычнымі плынямі можа быць метад, вядомы ў палітыцы пад тэрмінам "саборнасць".

Гэтае паняцце многім знаёмае толькі як царкоўны тэрмін, але ў сапраўднасці саборнасць з'яўляецца вядомым старажытным, аб'яднаўчым прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва. Этымалогія слова "саборнасць" вядзецца ад дзеяслова "збіраць" і азначае збіранне лепшых сіл грамадства для рашэння жыццёва важных задач. Саборнасць з'яўляецца першаснай формай выражэння грамадскай волі. Фактычна, саборнасць – гэта антыпод партыйнасці. Улічваючы наш невялікі дослед у партыйным будаўніцтве, малую аўтарытэтнасць партый у грамадстве, менавіта саборнае вырашэнне спрэчных пытанняў набывае ў нашых умовах адметны сэнс.

У парламенцкай практыцы кангрэса ЗША падкрэсліваюцца рэзалюцыі, якія прымаліся саборным шляхам, без партыйнага дзяленння, простай перавагай галасоў. Яны нават атрымалі сваю назву "bi partisan resolution".

Сям'я, сельскі сход, рымскі сенат, славянскае веча, сейм у Рэчы Паспалітай першапачаткова дзейнічалі на прынцыпах згоды і аднадумства. Апошняе не патрабуе адзіных думак ува ўсіх удзельнікаў, але можа з'явіцца ў выніку ўсеагульнага пераканання ў аптымальнасці прынятых рашэнняў. Згода з'яўляецца высакаякасным праяўленнем агульнай волі, асаблівым атрыбутам саборнасці.

Саборнае прыняццё рашэнняў, як ніколі, важнае менавіта ў нашых умовах шматпартыйнасці і дзялення грамадства па шматлікіх інтарэсах. Успомнім, што ў гісторыі Беларусі саборнае вырашэнне гістарычна важных пытанняў мае старажытную традыцыю. Гэтая традыцыя нам вядомая пад назвай Пагоня, якая яшчэ ў ХІІІ стагоддзі збірала ўсё боездольнае насельніцтва ВКЛ для сумеснай абароны ад ворагаў. Гэта быў саборны акт. І мы павінны адрадзіць традыці Пагоні ў новай цывілізаванай форме. Сучасная Пагоня ХХІ-га стагоддзя выратуе Беларусь. Вось як мне бачыцца адзін з важных бакоў рэалізацыі Беларускай нацыянальнай ідэі: адраджэнне Пагоні – саборнага прынцыпу абароны Айчыны.

4. Метад несупрацоўніцтва. Несупрацоўніцтва з цяперашнім аўтарытарным рэжымам толькі на першы погляд мала значыць для ўрада. На самай справе гэта псіхалагічна тонкі, выматваючы метад. Адмова супрацоўніцтва з урадам высокаадукаваных людзей, вучоных, эканамістаў аслабляе рэжым і вымушае дыктатара рабіць крокі да адступлення. У апараце беларускага прэзідэнта ў цяперашні час значна ніжэйшы інтэлектуальны ўзровень, чым у апазіцыі, якая ўвесь час ўзмацнялася кадравым адтокам з адміністрацыі прэзідэнта. У апазіцыйнай прэсе пастаянна расце колькасць выдатных, незалежных журналістаў, пакідаючы ўрадавым сродкам масавай інфарамацыі толькі "чэсных" журналістаў.

5. Рэлігійны фактар. Для народаў Еўропы хрысціянства заўсёды было важным сродкам уздзеяння на масы. Вядома, што ў Польшчы ў цяжкія 80-я гады палітычнай барацьбы з савецкім рэжымам менавіта каталіцкі касцёл з'явіўся стрыжнем кансалідацыі грамадства на шляху да незалежнасці. Касцёл арганічна спалучыўся з польскай нацыянальнай ідэяй, стаўшы разам з ёй фундаментам дзяржаўнага суверэнітэту. Гэты працэс быў раўназначны рэвалюцыі, але адбыўся мірным, негвалтоўным чынам, у вялікай ступені дзякуючы менавіта касцёлу і тым хрысціянскім ідэалам, якія ён нёс.

Беларусь ляжыць на мяжы падзелу каталіцкага і праваслаўнага свету. І таму яе становішча нашмат складаней, чым у суседняй, аднаканфесійнай Польшчы. Акрамя гэтага, традыцыі атэізму даволі моцна ўкараніліся ў жыцці беларусаў. Цяпер інтэнсіўна ідзе працэс вяртання хрысціянскіх каштоўнасцяў, але гаварыць аб тым, што рэлігія на Беларусі здольная аказваць уплыў на палітычныя працэсы, яшчэ рана. Праблематычна чакаць ад хрысціянскіх канфесій у бліжэйшы час эфектыўнасці ў негвалтоўнай барацьбе за рэалізацыю нацыянальнай ідэі, хаця менавіта царква была асноўнай апорай у барацьбе за незалежнасць у многіх дзяржавах. Абумоўлена гэта як слабасцю рэлігійных традыцый, так і прыцягненнем праваслаўя да Масквы, а касцёла – да Варшавы. Аднак нельга абмінуць той факт. што за гады рэлігійнага пад'ёму (1988г. – 1999г.) нямала зроблена для беларусізацыі ўсіх беларускіх хрысціянскіх канфесій, асабліва каталіцызму. На нашу думку хрысціянства ў Беларусі, як палітычны фактар, яшчэ праявіць сябе, бо беларусам уласцівыя унутраная рэлігійнасць і павага да старадаўніх народных традыцый, што спрыяльна ўздзейнічае на вяртанне Бога беларускаму народу.