За акном прайшоў чалавек. Марфа кінулася да фіранкі. «Хто ж гэта? А-аа, Сцяпан цягнецца».
Сцяпан з’явіўся на парозе змоклы і сярдзіты, з грукатам зачыніў дзверы і сказаў:
— Да раніцы задажджыла, ліха на яго. Фурс з Ласухай, мабыць, спозняцца.
Няроўнымі крокамі змерыў усю кухню, стаў ля прыпечка, атрос пінжак, павесіў яго на ўмывальніку. Потым прысеў да стала, спытаўся:
— Чаго ты маўчыш?
Сцяпан быў настроены ваяўніча. Спакойны і паслухмяны, ён рабіўся рашучым і гаваркім, калі вып’е. У такія гадзіны Марфа яго нават пабойвалася і не чапала, але пасля гэтага цвярозым камандавала з яшчэ большай жорсткасцю. Цяпер Сцяпан быў пад добрай чаркай. Увесь твар яго аж свяціўся: пачырванелыя вочы блішчэлі, а нос — тоўсты, падобны на добрую дулю ўвосень — набрыняў такой густой чырванню, што кропелькі дажджу, якія затрымаліся на ім, паружавелі. Дастаючы папяросы з кішэні, засоп:
— Я пытаюся, а яна — маўчыць... Не інакш аб зяцьку клопат! Петрусёк на ўвазе!
Марфа глядзела ў вочы мужу, быццам выпрабоўвала яго. «Вось ты гаворыш мне, а я маўчу, бо разумнейшая за цябе. Ну што ты скажаш на гэта... Пачакай жа, працверазішся!..»
На ёй быў стракаты і даўгі халат. Пашыты з фасоністымі пакручастымі складкамі, але дужа замусолены, ён нечым нагадваў гаспадыню — тоўстую, з падбрытымі брывамі і ярка чырвонай фарбай на губах. Апошнія словы Сцяпана вывелі яе з раўнавагі.
— Вочы мае лепш не бачылі б яго. Ці ж такога зяця я хацела?
— А што? Абрабаваў ён каго ці забіў?
— Во дурань п’яны, — Марфа спалохалася, што залішне абразіла мужа і паспешліва загаварыла: — Не ў тым справа, Сцяпанка. Навошта ж Нэлька вучылася столькі? Каб з невучоным жыць? Даўней казала і цяпер кажу, пакуль за розум не возьмецца...
Сцяпан прысвіснуў.
— Вунь куды панесла... Людзі гавораць, што чалавек ён не благі. Галаву на плячах мае...
— Людзі? Што мне людзі! Мне ж не лягчэй ад гэтага. А ён... Ну, скажы, Сцяпанка, хто ён? Ні пасады добрай, ні выгляду мужчынскага. А мая дачка вышэйшую адукацыю мае. Што яна, раўня яму?
— Мабыць, кахае. Кажуць: не бяда, што чорна, абы была праворна...
— Каханне-е-е,— працягнула Марфа, і голас яе змяніўся на шэпт: у суседнім пакоі адпачывала Нэля, якая нядаўна прышла з працы: — Я гэтаму каханню рады дам. На што хочаш пайду, але на сваім пастаўлю: дыму ад яго не застанецца!
I раптам зразумеўшы, што сказала лішняе, лагодна папрасіла:
— Ты ж глядзі, Сцяпанка, гэта між намі. Я пажартаваць люблю. Ведаеш...
— Мая справа старана...
За акном пачуўся гоман. Сцяпан устаў неахвотна, паціраючы шыю.
— Цягнуцца... Збірай вячэру...
У пакой увайшоў Ласуха. За ім, быццам крадучыся, укаціўся Фурс. I адразу да Марфы:
— Гаспадыньцы — наша прывітанне.
Марфа сустрэла гасцей ласкавымі воклічамі: «Ах, пазмакалі зусім». Яна ветліва ўсміхнулася Ласуху, і на твары ў яе разлілася замілаваная пяшчотнасць. О! Гэта зяць! Можна ганарыцца. Не сорамна і на людзі выйсці. Дырэктар. А Фурс?.. Ну, што Фурс... Згуляецца вяселле дачкі, уладкуецца справа з хатай і калі ласка, ад варот — паварот. Пакуль жа трэба выкручвацца.
— Праходзьце, даражэнькія!
I яшчэ раз запрасіла:
— Калі ласка! Гасцям у нас заўсёды рады. Сцяпанка, праводзь у залу!..
Марфа пайшла ў пакой дачкі.
— Вось і разумніца. Апранулася. Госці да нас прышлі. Дырэктар таксама. Глядзі, уважней будзь...
Нэля паглядзела на гадзіннік і цвёрда прамовіла:
— Не хачу туды ісці.
— Ат, сама ты не ведаеш, чаго хочаш,— прагаварыла маці. — Нічога з табой не здарыцца, калі і пасядзіш гадзінку. Чуеш, што кажу? Такі мужчына!
I заспяшалася да гасцей. Пайшла ўсміхаючыся, не зачыніўшы за сабой дзвярэй.
10
У сераду Пятрусь зноў сядзеў ля Тарасавай зямлянкі. Размаўлялі аб справах. Ён слухаў парады і меркаванні Тараса, а сам думаў пра іншае. «Адпачну. Потым ажанюся. Потым на працу. Можа разам і за вучобу. А мо спачатку за вучобу, а потым на працу?»
Крыніцу браў одум. Тарас, відаць па ўсім, неадабральна ставіцца да яго сяброўства з Нэляй. Чаму? Спытаць? Няёмка. А можа гэта здаецца?.. А калі і не, што з таго? Я кахаю яе, і яна кахае... Яму не хацелася распытваць у другога, няхай сабе і блізкага чалавека, пра Нэлю. Мужчына павінен аб усім даведвацца сам — розумам і сэрцам.
Ён прыгадаў першую сустрэчу з Нэляй пасля прыезду ў горад: насцярожаную, недаверлівую, і развітанне — гарачы шэпт і пацалунак. «Ну, што мне яшчэ трэба? Усё ясна і так. Нэля, Нэля! Дзе ты цяпер, што робіш? Можа, гаворыш з вучнямі, ці ходзіш па калідоры і таксама думаеш. Пра мяне, можа, думаеш?..»