У ягонай душы ўвесь апошні час змагаліся два чалавекі: адзін кахаў і імкнуўся быць вясёлым, другі — гэта было тады, калі Крыніца заставаўся сам-на-сам,— сумаваў, пакутаваў ад таго, што жонка працуе, а ён нічога не робіць. Прыгадаў, як злавалася Нэля, калі ён пайшоў працаваць кантралёрам у клуб. Канешне, ёй было сорамна за яго перад сваімі сяброўкамі і знаёмымі: муж — такі здаровы мужчына — стаіць пры дзвярах і сморгае кантрольныя стужкі білетаў. Маці, праўда, нічога не казала. 3 вясны яна ўвогуле неяк адыйшлася ад іх — часта ездзіла на вёску да сваякоў. I цяпер паехала туды дапамагчы садзіць бульбу. Прыедзе — узрадуецца. Ды і чаму не парадавацца: праца не благая. Можна будзе і вучыцца адначасова.
Пятрусь сцягнуў з плеч гімнасцёрку, асцярожна скінуў боты і пайшоў на кухню мыцца. Плёскаў вадой у твар, націраў грудзі. Нават пачаў ціхенька насвістваць. Нэля прачнулася і, нічога не гаворачы, сачыла за тым, як ён уваходзіў у пакой, як расціраў ручніком схуднелае цела і глядзеўся ў люстэрка.
— Ты не знаходзіш, што гэта не вельмі далікатна для жанатага чалавека прыходзіць дадому ў такі час?
— Прабач, гэта я цябе разбудзіў...
Ён не адчуў іроніі ў Нэліных словах, прысеў ускрай ложка, пацалаваў яе і пачаў гаварыць усхвалявана і радасна пра тое, што думаў: як, урэшце, знойдзены цвёрды кірунак у жыцці. Цяпер ён ведае, чаму сумавала яго сэрца, чаго нехапала яму ў жыцці. Заўтра ён пойдзе, ў зеленгас, заўтра, каб не спазніцца, ён адашле заяву ў лясны тэхнікум. Ён будзе працаваць, вучыцца. О, гэта будзе цудоўна! А што? Можа ён выведзе які новы гатунак?..
Ён гладзіў плечы Нэлі, разагрэтыя сном. Ад іх бруілася пяшчотная цеплыня, якая хвалявала яго, надавала марам смеласць і ўзнёсласць. Вось ён выведзе новы гатунак і дасць яму назву — Нэлін. Можа гэта будзе яблыня, можа груша, а можа проста дрэва. Не, лепш яблыня. Яблыкі будуць вялікія і смачныя, і кожны, пакаштаваўшы, скажа: «Які цудоўны гатунак!» Пятрусь уявіў сабе такі малюнак і моцна абняў жонку. Не, ён не будзе адкладваць. Заўтра ж — у зеленгас...
Нэля санліва пазяхнула:
— Пойдзе капацца ў зямлі ды яшчэ і радуецца...
— Дык што ж, як у зямлі... Дрэвы ж не растуць у паветры!
Пятрусь адчуў, што гаворыць ён гэта ўжо без натхнення, словы быцам бы і тыя, але ж яны ўжо без агню, без заўзятасці. «Нэлі! Не ухваліла мой намер. А можа я не так зразумеў?» -
— Між іншым, кім ты туды пойдзеш? Брыгадзірам? А які ў брыгадзіра аклад? — пазяхаючы, запыталася Нэля і, даведаўшыся, што брыгадзір паркавай гаспадаркі атрымлівае пяцьсот рублёў, незадаволена працягнула: — Франтавіку ўжо добрай работы даць не могуць... Няхай бы хоць у якое кіно дырэктарам...
На століку, што стаяў пры ложку, Пятрусь убачыў зялёны кардонны карабок. Нэля заўважыла яго позірк, усміхнулася:
— Гэта вучні мне падаравалі... Сабралі грошы і...
— Навошта ж ты ўзяла? — перабіў Пятрусь.— Я ж табе казаў, што гэта нядобра...
— Ведала, іншага ты не скажаш!
Яна павярнулася тварам да сцяны і нацягнула коўдру на самы падбародак, быццам даючы зразумець, што на гэты конт яна выказалася да канца. Потым дадала яшчэ, не паварочваючы галавы:
— Вячэрай. Там у шафе паглядзі. Мне ўставаць цяжка...
— Не хвалюйся. Сам знайду. Ты ляжы!
Ён пацалаваў яе і пайшоў на кухню. Выцягнуў з печы чайнік, наліў шклянку астыўшага чаю і пачаў запіваць ім чэрствы хлеб. Зрабілася крыўдна, і сам не ведаў, за што. «Чаму ёй не падабаецца зеленгас? Гаворыць пра кіно, пра дырэктарства. А мяне туды на вяроўцы не зацягнеш. Кіно ёй падабаецца, а зеленгас — не. Чаму?..»
I раптам думкі яго пайшлі зусім у другім кірунку. Яны былі да смешнага простыя і прымусілі яго адкінуць падазроную недаверлівасць да жонкі. «Вось чалавек! Захацеў, каб яна радавалася з маіх невядома якіх планаў. Калі яшчэ тое будзе, а ёй не сёння-заўтра ў бальніцу. Эх, сапраўды нейкі я дзіўны...»
Гэтыя думкі канчаткова прымірылі яго з Нэляй і прымусілі забыцца на тое, як холадна сустрэла яна ягоную радасць.
15
Нэля нарадзіла сына ў сераду ўвечары. Увесь той дзень Пятрусь прасядзеў у прыёмным пакоі. Яго ўжо добра ведалі сёстры, ветліва раілі ісці дахаты і не хвалявацца. Ён выходзіў, павольна абходзіў кругом будынка і зноў вяртаўся, садзіўся і чакаў. У канцы дня вартаўнік — сівы мужчына з чырвоным тварам, сярдзіта сказаў:
— Ноччу тут быць забаронена...
Пятрусь паспрабаваў упрошваць яго, але той быў няўмольны.
Да позняй ночы Пятрусь блукаў па гораду. Схадзіў на замчышча і пасядзеў там крыху. Потым доўга стаяў ля свайго дома, глядзеў, як крочаць па вуліцы запозненыя прахожыя. У вокнах дамоў яшчэ свяціліся агні, было відно, як ходзяць па пакоях людзі, нешта робяць. I толькі ён адзін не ведаў, што яму рабіць. «Можа схадзіць да цёшчы? Нешта яе ўдзень не было ў бальніцы...»