Раптам вецер са звонам адчыніў акно, уварваўся ў пакой і зашапацеў шпалерамі, нібы скардзіўся, што яму пасля светлых прастораў тут цесна і горача. На падлогу з падаконніка ўпаў збан з кветкамі.
Пятрусь зморшчыўся, адклаў аловак, якім пісаў, устаў з крэсла. У адчыненым акне, прытрымліваючы рукою надзьмутыя ветрам фіранкі, стаяў Тарас.
— Цябе сапраўды ветрам прынесла, — засмяяўся Пятрусь. — Заходзь, чарапкі збіраць паможаш. Добра, што мае жанчыны пайшлі. А то было б нам за гэты гладыш!
Тарас увайшоў у хату вясёлы, быццам задаволены тым, што пабіўся збанок. Здымаючы новы пінжак і вешаючы яго на крэсла, жартаваў:
— Нядзеля! Вясна! А ён вокны пазачыняў і паперу крэмзае. Ты што там, можа вершы пішаш?..
— Якія там вершы! Артыкул пішу пра зеленгас... Рэдакцыя даўно просіць. Сядай, бяры аловак і рэдагуй. А я чарапкі збіраць буду...
— Нешта ты дужа хутка пасябраваў з рэдакцыяй, — усміхнуўся Тарас. — Забыў, як яны цябе крытыкавалі...
— Праўда з праўдай заўсёды здружыцца.
— Праўдзівец, як я на цябе пагляджу...
— Сяда-ай!
Крыніца амаль гвалтам пасадзіў Тараса і паклаў перад ім артыкул. Тарас пачаў гартаць спісаныя лісткі. Яны патрохі зацікавілі яго.
Выбіраючы з вады чарапкі ад глінянага гладыша, Крыніца думаў пра Тараса. Не такім, як быў раней, зрабіўся Тарас. Увогуле, быццам падмянілі людзей вакол — так здавалася яму на апошнім часе. Зрэдку Крыніца заўважаў, што Тарас вагаецца, быццам хоча нешта сказаць і не гаворыць. Можа ён пакрыўдзіўся на Крыніцаву заўвагу, што ён, Пятрусь, не любіць, калі яго бяруцца павучаць, як жыць трэба. Ну і што? Правільна сказаў яму тады. Сам ведаю! Свой розум ёсць!
Падцёршы падлогу, Крыніца аднёс чарапкі на сметнік, падсеў да Тараса, які ўжо скончыў чытаць артыкул і нешта пісаў на паперы.
— Вынось свой прысуд, рэдактар. Ухваляеш?
— Праўду табе, ці так, увогуле? Ты ж ганарлівы, не залюбіш...
— Кажы праўду.
Тарас пастукаў алоўкам па аркушах, складзеных тонкім стусам, хітравата бліснуў вачыма:
— На нашай вуліцы, у Віцебску, жыў ганчар. Стары такі дзед... Дык вось, зробіць, бывала, той дзядуля гляк, паглядзіць, пахваліць, а потым... бразь вобзем яго! Такіх збаноў, маўляў, і без твайго на зямлі многа ёсць. Лепшы трэба зрабіць!
— Цікава... Але ж артыкул — не збанок...
Тарас закрочыў ля акна і загаварыў, усё больш хвалюючыся:
— Жартуеш? А ты паслухай... Вось ты пішаш, што зеленгас выканаў план насаджэнняў. А насаджэнні гэтыя не ахоўваюцца. Іх ламаюць... I мы часам больш падсаджваем, чым садзім... Гэта ж тысячы рублёў — на вецер!.. Чаму б табе пра гэта не напісаць?
Тарас закурыў. Яго прыжмураныя вочы з халоднай упартасцю глядзелі на Петруся.
— I яшчэ... Мне ты гаварыў пра зеленгас, што там і непарадак, і махлярства, і людзей звальняюць без дай прычыны... А калі меркаваць па артыкуле, то хоць ты вам па ордэну вешай на грудзі! А чаго ты праўду не напішаш? Баішся з Фурсам пасварыцца?
— Не, не баюся.
— Дык вось і зрабі так!
Усё, пра што гаварыў Тарас, было слушным. I, дзіўная рэч, Пятрусь сам у глыбіні душы адчуваў гэты недахоп. Ну, добра ж! Цяпер ён напіша праўдзівы артыкул пра становішча спраў у зеленгасе.
Правёўшы Тараса, Пятрусь са злосцю разарваў свой артыкул, прысеў да стала і паклаў перад сабой чыстую паперу.
Артыкул у той дзень ён так і не напісаў. Ледзь толькі ўзяўся за работу, як у хату ўвайшла цёшча. Яна паклала Алеську спаць і сказала, што ёй трэба бегчы ў горад па справе.
Пятрусь напісаў толькі некалькі слоў. Папера была тонкая — аловак дзіравіў яе. Што ж, можна пісаць чарнілам. Зазірнуў у чарнілку. Мала, трэба даліць. Абшукаў усе куткі — няма бутэлькі. Успомніў: Нэля ўчора панесла чарніла да маці. Відаць, там і пакінула.
На палавіну, дзе жылі бацькі Нэлі, Крыніца заходзіў рэдка. Выходзячы з хаты, Марфа часта замыкала свае дзверы. Таму цяпер, зайшоўшы па чарніла, ён аглядаў пакой з цікавасцю. Зімовыя рамы не выстаўлены: Марфа па-ранейшаму баялася зладзеяў. Пахла нейкай фарбай. У куточку за шафай з-пад жоўтай паперы тырчэла рыльца бутэлькі. «Вось добра! Адразу знайшоў...» Ён узяў бутэльку і некаторы час трымаў у руцэ, здзіўлена разглядаючы. «Гарэлка! Дзіўна!» Адгарнуў паперу. Пад ёй радочкам стаялі бутэлькі. Збянтэжаны, Пятрусь нагнуўся, каб паставіць бутэльку на месца, і ўбачыў пад ложкам нейкі скрутак. Выцягнуў, разгарнуў, не зважаючы, што ірвецца папера.
Блакітная тканіна прыемна паплыла між гарачых пальцаў. «Шоўк? Адкуль столькі?.. Бачыў я такі колер... Нэля прыносіла разам з каверкотам! Не, той быў трохі цямнейшы... Але адкуль жа столькі?..»
— Пятрусь, а Пятрусь! Дзе ты? Хата пустая, дзверы парасчыненыя...