прыгнуўшыся, рухава пусціўся да гэтай апошняй небяспечнай мясціны. «Паранены! Паранены! − свідравала яго адчуванне шчаслівая думка. − Паранены ў баях за радзіму, у часе атакі!» Цяпер ён адчуваў, як вырас сам ва ўласных вачах, і зразумеў, што кошт ягонага жыцця патроіўся. Толькі б далей адсюль, толькі б далей!..
Ён перабег падзёўбаны кулямі ўскраек балота і апынуўся ў хмызняку. Тут яго ўжо ніхто не спыніць, не верне, і яму няма чаго хавацца ад каго, ён паранены і законна ідзе ў тыл, у шпіталь. Толькі хутчэй, хутчэй! І ён бег між хмыззя па аплюханым гразёю лёдзе, не дужа ўглядаючыся ў дарогу і адно асцерагаючыся толькі, каб не трапіць у якую калдобіну.
І ўжо так блізка быў паратунак і з ім усё, аб чым марылася, што несла найвялікшае зараз шчасце − жыццё. Ён ужо мінуў балацявіну, выбег з кустоўя, далей пралегла ў цемры чорная ралля касагора, па якой яны тройчы пратупалі туды і назад. Пасля коўзкага лёду на ўскрайку балота гучна зашархацеў пад ботамі снег, і скрозь гэты шорхат Рыбчонак раптам учуў людзей. Ён не паспеў яшчэ ні згледзець іх, ні нават сцяміць, ішлі яны ці сядзелі, як з цемры прыцішана і жахліва гыркнулі варожыя і такія недарэчныя цяпер воклічы:
− Хальт!.. Хальт!..
Рыбчонак ад жаху прысеў, на момант здалося яму, што гэта нечы легкадумны недарэчны жарт, але затым перуном ударыла ў сэрца здагадка: «Немцы!» Яны раптоўна абрынулі на яго пагібель, ушчэнт разбівалі ўсе яго мары і так недарэчна неспадзявана апынуліся тут, што ён раптам, згубіўшы ў сабе чалавека, як падбіты мядзведзь, зароў немым роспачным крыкам, скочыў назад, убок, і з нечалавечаю сілай рвануўся ў хмызняк. Наўздагон адразу ж лапотка ўдарылі чэргі, кулі тузанулі полы шыняля, тупою агнянай пікай ударыў у паясніцу пякельны боль, ён пранізаў усё цела, ад пят да галавы, і Рыбчонак з разбегу пляцнуўся ў куст хмызняку. Спотырча ён праляцеў скрозь яго, выцяўся аб лёд галавой і спіною саўгануўся па лёдзе. Каска, парваўшы падбародны раменьчык, коса пакацілася па лёдзе, жахліва забразгаўшы ў густой ціхай цемрадзі…
10
Ужо не было думкі: «Прапаў» − не было наогул ніякае думкі, адзін толькі боль, вялізны і нясцерпны, упіўся сваімі кіпцюрыстымі лапамі ў скрываўленае Рыбчонкава цела. Ён трохі адпоўз з таго месца, дзе ўпаў, падсунуўся да купіны з паламанай альхою, з усяе сілы зацяў у сабе дыханне, намагаючыся стрымаць, сцішыць тым боль, з якім нельга было жыць.
У кустоўі па лёдзе нехта прабег, гулка лязгаючы абцасамі. «Немцы!» − абыякавы ўжо да ўсяго, адзначыў Рыбчонак. Ад стомы і болю грудзі яго раздзірала неадольная горыч, кожны рух, уздых, нават думка скразным болем аддаваліся ў жываце і ў паясніцы. Не стрымаўшыся ад гэтага болю, Рыбчонак застагнаў − кораценька, ціха і вельмі пакутна.
Толькі цяпер ён зразумеў, што ўсё ўраз перавярнулася ўгору дном, што ззаду і наперадзе немцы, а ў яго рана і боль, якія наўрад ці пакінуць яго ў жыцці. Гэта быў канец, пакутны жахлівы канец яго дарагога, адзінага, самага неабходнага жыцця, якое вось-вось абарвецца і болей ніколі, нідзе, ні ў кога не паўторыцца. Агнянай пякельнасцю ўзнялася ў пачуцці жаласць да сябе, шкадаванне і позняе раскаянне − што даў гэтак неразумна ашукаць сябе, што не знайшоў якога лепшага спосабу ўратавацца. Гіне ён у гэтым балоце, пагінуць і тыя, што яшчэ засталіся ў вёсцы, бо немцы акружылі ўсіх іх, заманілі ў гэтую пастку. Цяпер усё. І хай! Загіне Рыбчонак, і яму
не шкада нікога, няхай цяпер увесь свет ляціць у тартарары, цяпер ужо нічога не мела ніякага сэнсу…
«Але як жа гэта?.. Як?.. Чаму?.. − неўзабаве слупам паўстала ў галаве неўразумелае запытанне. − Чаму так недарэчна, так няўдала, так рана і так балюча?..»
Ён хацеў сказаць сабе, чаму так недарэчна ён гіне тут, калі заўсёды так дбаў пра сваё жыццё і больш за каго іншага зрабіў для яго паратунку? Хіба ён не бярог сябе, хіба не туліўся да самай зямлі, хіба не хітрыў, не выкручваўся, як толькі можна было, каб зрабіць як лепей для сябе, для свайго жыцця − ніколі не лез на ражон, а так ціхенька, хітравата, можа, не заўжды сумленна, але затое і без вялікае шкоды для іншых. Шкоды нікому ён не хацеў і нават тады, калі ў чым была маленькая выгода яму, але што ж зробіш, калі ў жыцці ўладкавана так, што добрае сабе можна прыдбаць, вельмі часта падсунуўшы благое іншым…
Недзе бліскалі-гарэлі ракеты, іх белае святло торапка блукала між кустоў па ледзяным доле. Зверху праз суччо хмызняку блішчэла палавінка месяца і гарэлі, сноўдалі, іскрыліся пазімоваму яркія зоркі − яны поўніліся сваім адметным ад зямлі клопатам, у іх была там суладнасць, згода, поўныя вялікага незямнога сэнсу…