Выбрать главу

Трываючы востра-пякучы боль у галаве, Хлебнікаў ляжаў у бліндажы і чакаў, калі хоць хто-небудзь зазірне сюды, каб запытацца, што там адбываецца, дзе камбат? Але ішоў час, напэўна, ужо сьціхаў бой (што толькі нёс ён палку — перамогу ці паражэньне?), а да яго ніхто не заходзіў. Тады ў сьвядомасьць капітана пачаў паўзьці страх — ці не застаўся ён тут адзін, ці не пакінулі яго чырвонаармейцы? Гэта было б жахліва, да такога становішча ён быў не гатовы, пра тое ён нават ня мог падумаць. Але, мабыць, пакінулі. Праз нейкі час вакол зусім сьціхла, ня стала чуваць ніводнага стрэлу ці выбуху ў полі і над тарфянішчам — падобна, настала ноч. Але дзе ж нашы? Дзе другі батальён, дзе камбат? Дзе хоць бы які чырвонаармеец? Адзін, без дапамогі, забыты ўсімі, ён тут прападзе, гэта ж пэўна. Вось зьявяцца немцы, шпурнуць у бліндаж гранату, якая ўмомант разматляе ягоныя вантробы, паперабівае рукі і ногі. Добра, калі ён сканае адразу. А калі яны возьмуць яго жывым…

Напакутваўшыся так у няпэўнасьці, ён падняў свой пісталет, даслаў з магазіна патрон у патроньнік. Засталося даволі лёгкае — націснуць на спуск, і ўсё назаўжды скончыцца. Мусіць, гэта ўсё ж самае лепшае. Бо іначай, што ж чакае яго, сьляпога і бездапаможнага, апроч пагібелі ад ворагаў ці ад свае раны. Не, лепей ужо ён сам. Паднесьці пісталет да балючай, няўклюдна-тоўста забінтаванай скроні і ціскануць. Якую секунду болю ў і без таго перапоўненай болем галаве і далей — нішто. Поўнае вызваленьне ад пакутаў і перажываньняў.

Мабыць, так, гэта было б найлепей, думаў капітан Хлебнікаў. І гэта прыйдзецца зрабіць. Толькі вось рашучасьці на тое ў яго не хапала, усё ён чагосьці чакаў, услухоўваўся, цягнуў — нібы на што спадзяваўся. Хіба спадзяваўся на цуд. Але ішоў час, а цуда не адбывалася, і ён лаяў сябе, абзываў баякам, сьлізьняком, — ён ужо сябе ненавідзеў за сваю нерашучасьць. І нудзіўся, пакутваў ад болю і безвыходнасьці.