Выбрать главу

На двары, перш чым выйсьці на вуліцу, пастаяла, паслухала. Пасьцюдзянелы за ноч вецер напірыста дзьмуў з поўначы, але дажджу не было. За плотам жаласна мяўкаў нейчы асірацелы кот, мусіць занудзіўся па чалавеку. На сьмярдзючым суседскім пажарышчы вецер разьдзімаў іскры, і тыя нізка ляцелі над агародам у недалёкі садок. Над полем ужо віднела, і Серафімка хуценька патупала знаёмай дарожкай уздоўж бульбяной нівы ў поле.

6. [Дземідовіч.]

Дземідовіч заснуў, можа, пад ранак, з вечару яго разпораз біў кашаль, колькі ён ня стрымліваў яго — усё роўна не адчапляўся, аж разрываліся грудзі. Усё ж ён паступова сагрэўся — першы раз за якіх чатыры начы, мусіць Серафімчыны зёлкі мелі нейкую сілу. Дземідовіч дужа пакутваў — ад прастуды, непрыкаянасьці, а яшчэ болей душэўна — ад таго, што гэтак неспадзёўкі рухнуў сьвет, дзе ён прывык існаваць, дзейнічаць, жыць. Пабурыліся ўсе звыклыя меркі, адносіны, а галоўнае — загадкава, незразумела перамяніліся людзі. Тыя, каго ён ведаў шмат год запар, нават змалку, з кім жыў і працаваў гадамі, зараз, калі грымнула гэтая бяда, сталі ня тымі. Сталі незразумелымі, чужымі да ладу ці нядобрымі да яго асабіста — хто ведае. Добра было таму, хто пасьпеў далучыцца да арміі — усё ж войска зьядноўваецца дысцыплінай, загадам начальства, прысягай урэшце. А як вось тым, што мусілі застацца пад акупацыяй, як ім быць? Дземідовіч, на яго няшчасьце, хоць і лічыўся калісь камандзірам запасу, але з прычыны хваробы на сухоты быў сьпісаны з войска па чыстай, пра войска ён ня мог нават марыць. Так сталася, што ён застаўся тут, пад немцам, канешне, меў сёетое заданьне ад адпаведных органаў. Але во — выпадак! Ці ён думаў, што адразу ж, як прыйдуць немцы, у мястэчку паявіцца і Асоўскі, той самы правы ўкланіст, да выкрыцьця якога некалі прыклаў руку і Дземідовіч. Правільна прыклаў, бо такога, як гэты інсьпектар райана, трэба было рэпрэсаваць яшчэ гадоў на дзесяць раней. Ды тады зважалі на яго педагагічны вопыт, высокую адукацыю (падумаеш, скончыў Пецярбургскі універсітэт; цяпер каму не вядома, чаму вучылі ў тым універсітэце). Ды і з якога класу паходзіў, засталося не зусім высьветленым. Дземідовіч жа скончыў педтэхнікум, але ён быў сынам селяніна-парабка (на жаль, не рабочага, як іхні заграйана Крукаў), і ўжо ў класавых пытаньнях яму ня трэба было шмат разьбірацца — класавыя інтарэсы ён адчуваў нутром. Стычкі з Асоўскім у яго пачаліся яшчэ ў трыццатым годзе, як толькі Дземідовіч прыехаў у мястэчка настаўнікам і пачаў прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці сьпярша камсамолу, а затым і партыі, як стаў партыйцамбальшавіком. Стычкі адбываліся збольшага па той прычыне, што ў той час, як ён, Дземідовіч, усімі сіламі і памкненьнямі падтрымліваў палітыку партыі і кіраўніцтва, гэты Асоўскі з усяго імкнуўся зрабіць выключэньне, наконт кожнай кампаніі ён меў сваю думку. І галоўнае — нахабна выказваў яе, не зважаючы нават на прысутнасьць начальства з раёну ці нават з акругі, як ён ня раз тое тлумачыў — па праву старога бальшавіка (на самай справе даўно беспартыйнага, бо яшчэ ў дваццатыя гады яго вычысьцілі з ВКП(б)). Натуральна, што Дземідовіч ня мог трываць гэтых вылазак амаль не замаскіраванага ворага і даваў яму належны адпор. Усё тое было проста, звычайна і правільна для таго часу, хіба ў ягоным выпадку трохі ўскладнілася тою акалічнасьцю, што ён кватараваў у доме гэтага самага Асоўскага, побач з царквой, і як таго рэпрэсавалі, заняў ягоную кватэру. Ну але як было не заняць пусты дом — жонка Асоўскага Маргарыта Леапольдаўна тады зьехала ў Ленінград да інжынерасына, і Дземідовіч быў адзіны прэтэндэнт на гэтую відную дамоўку, бо гадоў пяць цясьніўся ў ягонай бакоўцы за кухняй. Праўда, сям’я ў Дземідовіча была невялікая — ён ды жонка, дзяцей яны ня мелі — дзе ўжо тыя дзеці ў сухотніка? Заняў ладны дом, і ўсё было б добра, калі б некаторыя не пачалі зьвягаць, што, маўляў, таму і пасадзіў, што паквапіўся на жылплошчу. Але ня квапіўся, так атрымалася. І горш за ўсё ў гэтай гісторыі тое, што Мікалай Тарасевіч, ягоны юнацкі сябра, таксама паверыў у яго карысьлівасьць. З таго і пачалося.

Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць цябе самі, часам насуперак асабістаму твайму жаданьню. Так сталася і з Міколам. Сьпярша нешта зьвягнулі жонкі, жонка Дземідовіча Паліна Аляксандраўна ўвечары неяк паскардзілася на Ядзьвігу Іванаўну, ён падумаў: дурное, прамаўчаў нават. Але праз дзён колькі сам пачуў на перапынку, як жанчыны-настаўніцы паміналі яго імя менавіта ў сувязі з яго дамоўкай. Зрабілася крыўдна, і ён пры выпадку сказаў Мікалаю, каб той крыху ўкараціў язык сваёй жонцы. Той не стрываў, ганарыста адказаў у тым сэнсе, што ня трэба было даваць падставы, не спатрэбілася б і ўкарачваць языкі людзям. «Гэта якім людзям?» — узьвіўся Дземідовіч. «Сам знаеш, якім», — сказаў Мікалай Тарасевіч, і размова на тым абарвалася.