Выбрать главу

Размова дык абарвалася, але канфлікт на гэтым ня скончыўся. І калі неўзабаве на партактыве ў дакладзе сакратара райкаму Катушкіна былі падвергнуты крытыцы некаторыя настаўнікі раёну пераважна за нацыяналістычны ўхіл, у спрэчках выступіў Мікалай Тарасевіч, яўна выгараджваючы тых настаўнікаў. Тады ўзяў слова Дземідовіч і, гледзячы ў вочы свайму нядаўняму сябру, сказаў, што замест таго, каб апраўдваць іншых, таварыш Тарасевіч павінен быў бы сьпярша прызнаць уласныя хібы ў гэтым пытаньні: і як нахвальваў «Новую зямлю» Коласа, некаторыя вершы Купалы, і як недаацэньваў пралетарскую паэзію Чарота і Александровіча. Ён тады адкрыў многім вочы на сапраўдную сутнасьць настаўніка беларускай мовы і літаратуры Тарасевіча і ніколькі не раскайваўся ў тым. З бальшавіцкай праматой ён сказаў праўду, нічога не прыдумаў і не ўтаіў. Пра «Новую зямлю», напрыклад, яны колькі перагаварылі ў тыя гады, як найбольш сябравалі. Тарасевіч тады быў у захапленьні ад тае безумоўна шкоднай кулацка-нацыяналістычнай паэмы. А між тым самі Колас і Купала выступалі ў друку з чыстасардэчным прызнаньнем уласнай контррэвалюцыйнай дзейнасьці, якую дагэтуль ня мог распазнаць у іх творчасьці член партыі і настаўнік Мікалай Тарасевіч. Сяброўства іх з таго часу, канешне ж, ляснула, Тарасевіча праз нейкі час пасадзілі, але завошта канкрэтна — гэтага ўжо Дземідовіч ня ведаў. Да той пасадкі ён ня меў аніякага дачыненьня. Тут ягонае сумленьне было чыстае. У той час ён ужо працаваў у райкаме, і з пасадкай Тарасевіча, мусіць, пастараліся іншыя. Але не Дземідовіч.

Недзе сярод начы яго разбудзіла Серафіма, прынесла конаўку гарачага пітва, што пахла чаборам. Ён сонна піў, — зьнямогла, бяз прагнасьці, бы застарэлы хворы, і, выпіўшы, пластом аблёгся на Серафімчыны транты. Быццам трохі сагрэўся, хоць дрыжака не пакідала назусім яго прастылае цела, але ўнутры стала лепей, ён пакашляў і расплюшчыў вочы. Серафімка трудна ўздыхала ў хаце, па цёмнай і нізкай столі блукалі цьмяныя водбліскі з грубкі, і Дземідовіч падзівіўся з свае ж нечаканае думкі: дзе гэта ён так безадмоўна знайшоў прыпірышча? Ці ён думаў калі, што ў самы для яго трудны час прывеціць яго гэтая цёмная жанчына, родная сястра яго, можна сказаць, ідэйнага ворага. Калі б гэта было раней, дык пры сустрэчы ён бы з ёй не павітаўся нават, зрабіў бы выгляд, што незнаёмы. Сапраўды, мець нейкія сувязі ці падтрымліваць знаёмства з сям’ёй ворагаў народу, нацыяналістаў і контррэвалюцыянераў было болей чым неразумна — было злачынна, і многія паплаціліся за гэта. Ён жа заўсёды стараўся нічым не запляміць свой гонар бальшавіка-партыйца.

Тады ў мястэчку, як вярнуўся гэты Асоўскі, яго не было дома — ён памагаў швагру лапіць гонтам страху на варыўні, куды яны ссыпалі выбраную з агароду бульбу. Як прыбегла жонка з той ашаламляльнай навіной, ён не паверыў нават, але, мусіць, жонка не памылілася. Асоўскі, казала, стары ўжо і зьнямоглы, прыпёрся пасьляабеддзя ў дом і найперш папытаўся пра Дземідовіча. З якой мэтай ён тое пытаўся, было вядома без далейшых роспытаў, жонка нешта ня дужа верагодна схлусіла і пабегла папярэдзіць мужа. Учуўшы тое, Дземідовіч на некалькі хвілінаў разгубіўся, а затым выразна паглядзеў на швагра і ўпершыню тады ўбачыў, як гэты добры, прастадушны чалавек адвёў свой позірк убок. Дземідовіч яшчэ ні аб чым не папрасіў яго, а той ужо замармытаў пра дзяцей, што яны малыя яшчэ, і што ён чалавек рабочы, яму чорт з ёй, абы якой уладай, была б бульба ды кавалак хлеба да бульбіны. Дземідовіч унурыў галаву, замоўк, а як надышоў вечар, кінуў у сумку кавалак хлеба і сала і разьвітаўся з жонкай. Знаёмых у раёне ў яго было шмат — настаўнікаў, партыйнага актыву, калгасьнікаў, думаў: можа і добра, што швагер не прыняў — знойдзе ня горшы прытулак у якім глухім месцы. Мо будзе яшчэ і лепш.

Найперш ён скіраваў свой шлях у Замашанскі сельсавет, бліжэй да пушчы; то быў самы глухі, хоць і далёкі куток у раёне, і там, у Замошшы, быў у яго сябра, таксама настаўнік Пракапёнак, з якім яны тры гады запар удзельнічалі ў агіткампаніях. Зноў жа Дземідовіч ня раз бываў там упаўнаважаным па падпісцы на пазыку і ведаў многіх людзей. Ужо там яму не дадуць прапасьці, там яму дапамогуць. Каб лішне не назаляць каму, пайшоў ноччу, прасёлкамі, адмахаў кіламетраў з трыццаць і пад ранак пастукаў у знаёмае высокае вакно Пракапёнка. Баяўся, таго не застане ў хаце, думаў, можа, падаўся ў эвакуацыю. Аж не, Пракапёнак быў дома. Неўзабаве яны ўжо сядзелі на кухні, выпілі па чарчыне і гаварылі пра іхнюю агульную бяду. Абстаноўка ў Замошшы, аднак, таксама была ня простая, некаторыя з людзей, нават з чэсных і ціхіх, цяпер пачалі паказваць свой нораў. Пракапёнак расказваў, як яго ўчора на вуліцы спыніў аднавокі Зуб і прыгразіў: маўляў, ваша ўлада скончылася. Пракапёнак пачаў размову, яму важна было даўмецца, чаму так раптам перамяніўся гэты працавіты чалавек, бацька семярых дзяцей. Аказваецца, той не перамяніўся, ён заўжды памятаў, як упаўнаважаныя з Пракапёнкам спаганялі з яго грошы на пазыку. «Дык што ж ты хочаш, — сказаў Пракапёнак. — Калі падпісаўся, дык трэба бало плаціць». А ён кажа: «Напомніць вам, як падпісвалі? Калі памяць кароткая?» Як падпісвалі, Пракапёнак памятаў, і таму спыніў тую непатрэбную размову, і цяпер вось сядзіць, бы на вугольлі, чакае. Сыйшоў бы куды ў лес, каб не сям’я — жонка ды двое малых. Куды ад іх дзенешся?