Выбрать главу

Ня надта хутка і спрытна яны выйшлі з ляску па-над вялізным прасьцягам тарфянішча, і Серафіма, ідучы напера-

дзе, усё азіралася на Дземідовіча, прытрымлівала свой крок, каб ня дужа адрывацца ад чалавека. Так яны адолелі даволі даўгі схіл і падышлі да канца траншэі. Тут, аднак, у мелкай, па пояс, ня болей, траншэі ня надта каб было схоўна, і дужа гразка ў дне, але Серафімка скочыла ў яе шчыліну; неўзабаве туды, павагаўшыся, улез і Дземідовіч. Прыгінаючыся, яны доўга прабіраліся крывулякамі разьбітых хадоў, якія пакрысе рабіліся глыбейшымі, бруствер абапал вышэў, і высокаму Дземідовічу ўжо можна было ня горбіцца. Але, мусіць, яму не спадабалася нешта, і ён, ужо другі раз прыпыняючыся, пытаўся ў Серафімы:

— Куды гэта мы?

– Ідзіце, ідзіце, — лагодна казала яна, азіраючыся. — Там двое, але нічога. Бліндаж вялікі.

— Бліндаж?..

— Ну, бліндаж.

Дземідовіч ня ведаў, радавацца ці злаваць — бліндаж і нейкіх двое ў ім — добра, калі свае. А калі немаведама якія? Як тады яму быць?

Мусіць, ля апошняй павароткі яны спыніліся, і Серафіма ціха гукнула:

— Гэта я, Серафіма…

— Ты, тётка? — глуха данеслася з-пад зямлі, і Серафімка першая падышла да напаўзасыпанага ходу ў бліндаж. Дземідовіч жа нерашуча спыніўся зводдаль, і толькі як яна схавалася там, сунуўся сьледам.

— Во прывяла яшчэ, — казала камусь Серафімка. — Ня бойцеся, свой. У райкаме рабіў.

Дземідовіч стаяў, дужа ўгнуўшы галаву, якая ўпіралася ў нізкую столь, і ва ўсе вочы глядзеў у паўзмроку на вай-

скоўца з забінтаваным тварам, што ляжаў у куце. Той паклаў на палу шыняля свой пісталет і адхінуўся на сьпіну.

— Фамилия?

— Дземідовіч, — сказаў госьць. Тут ужо, мабыць, можна было не таіцца, перад ім ляжаў, мусіць, паранены капітан войск сувязі. Трохі паспакайнеўшы, Дземідовіч зірнуў убок, за Серафімку, і сударгава сьцяўся: з другога кутка на яго пільна і выпрабавальна ўзіраўся нейкі дзяцюк у нямецкім мундзіры з няпэўным, але адразу відаць было, чужым выразам на белабрысым твары. Мусіць, зразумеўшы зьдзіўленьне Дземідовіча, Серафімка пасьпяшалася супакоіць яго:

— Нічога, нічога… Як-небудзь…

«Добра — як-небудзь», — падумаў Дземідовіч, які ўжо быў ня супраць даць адсюль драла, каб толькі мог. Але ўжо, мусіць, яму адсюль ня выйсьці, ён ужо ў пастцы — такія думкі перш за ўсё іншае паявіліся ў яго галаве. Капітан між тым варухнуў упартым падбароддзем, паказваючы кудысьці ўбок.

— Садись, Демидович, рассказывай. Где наши? Это немец-дезертир, не обращай внимания. Закурить имеешь?

— Не куру я… — паныла выціснуў з сябе Дземідовіч.

— Не куришь? Жаль… А то у немца эти сигареты, что трава. Серафима! — паклікаў капітан. — Ты не сможешь достать курева? Ну махры там или самосада?

— Табакі? Дык дзе ж… Каб які мужчына быў.

— А ты постарайся. Без курева тут погибель… Так где фронт, не слыхать?

— А хто ж яго ведае. Але няблізка.

Дземідовіч па чарзе пераводзіў свой устрывожаны позірк то на капітана, то на немца ў куце. Пасьля апусьціўся

пад сьцяной ля ўваходу, закашляўся. Капітан услухаўся ў яго кашаль і, як той трохі прыціх, спытаўся:

— Что, простудился?

— Прастудзіўся, халера на яго…

— Да, надо было в избе полежать.

— Паляжаў ноч. Ды ранкам паліцаі выкурылі.

— Полицаи? Уже и полиция организовалась? Вот сволочи! И откуда взялись? Свои? Прихожие?

— А чорт іх ведае, — сказаў Дземідовіч, крадком пазіраючы на немца.

— Піліпёнкі, Піліпёнкі гэта, — хуценька ўставіла Серафімка. — Болей некаму. Яны — халерныя людзі.

Хлебнікаў трохі павярнуў галаву ў яе бок.

— Ты еще здесь, Серафима? Так позаботишься о куреве, да?