Выбрать главу

І ўсё ж яго непакоіў немец, які так нечакана ўторгся ў ягоны лёс і нават рабіўся патрэбным. Тады, напачатку, мусіць бы, Хлебнікаў прыстрэліў яго, калі б хоць трохі бачыў, — не таму, што баяўся яго, а так, для пэўнасьці. Той дзень, як ён паявіўся ў бліндажы і даў закурыць, Хлебнікаў усё намерваўся, каб як зрабіць гэта нечакана і пэўна. Але гэты немец, нібы адчуваючы ягоны намер, бы жывое срэбра, круціўся па бліндажы, шархочучы то ў куце насупраць, то ля сьцяны ў нагах, то ля выхаду. Гэтак ня трапіш, а ўжо ён пэўна не прамахнецца. І Хлебнікаў пакуль што адклаў свой намер, а затым, як той узяўся лячыць яго вочы, і зусім кінуў думаць пра тое. Чорт з ім — хай жыве. Тым болей што ён сам быў цалкам ва ўладзе гэтага немца, які мог застрэліць яго кожную хвіліну. Але калі яшчэ не страляў, дык, значыць, не хацеў таго. Можа, у яго былі якія свае на тое намеры.

Можа, нашы яшчэ неўзабаве вернуцца, адаб’юць гэты раён у немцаў, і тады ён будзе выратаваны. Інакш трэба шукаць дапамогу ў мясцовых. Тут ужо ўсе спадзяванкі на Серафіму.

Трохі дзіўнаватая гэтая жанчына, думаў капітан, уна дзілася ў гэтыя клопаты пра сьляпога, затым пра немца, ды яшчэ прывалакла і гэтага райкамаўца — як яна цяпер саўладае з імі трыма? Пракарміць і то, мусіць, трэба харошы запас харчоў, а ў яе дома ні каровы, ні курыцы. Ды і спаленая вёска… А тут яшчэ зьявіліся паліцаі. Чорт бы іх узяў, тых Піліпёнкаў. Як бы не ад іх ішла найбольшая пагроза Серафіме. Могуць высачыць жанчыну, тады ўсім пагібель. А яна, здаецца, такая прастадушная і падаткая…

Невядома, ці то была ноч, ці проста немец з Дземідовічам паснулі — Хлебнікаў чуў толькі іхняе дыханьне побач. Дземідовіч усё хрыпеў, часам кашляў і нават мармытаў нешта ў сьне, а капітан, чуйна скіраваўшы ў слых сваю ўвагу, слухаў і думаў. Ён быў кадравы ваенны, даўно служыў у арміі, апроч тае службы мала што разумеў з жыцьця — адных толькі вайсковых клопатаў было яму пад завязку. Служба адбірала ўвесь час, ад ранку да ночы, выхадныя таксама, зіма праходзіла для яго за глухім гарнізонным плотам, лета з раньняй вясны — у лагерах сярод сопак і дзікай прыроды Далёкага Усходу. Жанчын ён бачыў толькі ў пасёлку ды на бліжняй станцыі, гэта былі пераважна жонкі каманднага і начсаставу іх гарнізону; з незамужніх часам трапляліся сёстры ў шпіталі ды афіцыянткі ў камандзірскай сталовай — лічаныя адзінкі на многія дзясяткі камандзіраў, жанатых і халастых. Выбар быў невялікі, маладыя жаніліся на першай, што бліжэй за іншых трапляліся ў жыцьці, і ён таксама ажаніўся з афіцыянткай Марусяй, што так міла ўсьміхалася, раздаючы ім талеркі з вялікага падносу, што спрытна насіла між радамі сталоў. Харчаваліся ня надта каб сытна, малады апетыт быў неспатольны, і Маруся яго спакваля падкормлівала тым, што было на кухні: то пакладзе на талерку які лепшы кавалак мяса, то лішнюю лыжку масла ў кашу. Ён быў удзячны за такую нязвыклую для яго жаночую ўвагу, якой мала бачыў у дзяцінстве ад строгай і сухаватай мачыхі. Маруся яму падабалася. Ужо такая здавалася мілая і ласкавая і нішто сабе з аздабы, але шчасьце з ёй у лейтэнанта Хлебнікава доўжылася з чэрвеню да кастрычніку, калі яны з лагерных палатак перабраліся ў казармы, і аказалася, што жыць ім у гарнізоне няма дзе — кватэраў для маладых не было, і яны туляліся хто дзе — у старшынскіх капцёрках, неўладкаваных гаспадарчых бакоўках. Во тады Маруся і зьмяніла свой мілы характар на плаксівазьвяглівы, яе каханьне абярнулася патокам прэтэнзіяў да яго, які так яе ашукаў. Яна ўжо не рабіла ў сталоўцы, а ўвесь дзень сядзела ў сваім кутку на паддашшы казармы і нудліва чакала яго, каб зараз жа, як ён прыйдзе, настылы ў полі, галодны і зьнерваваны, узяцца яго пілаваць за іхнюю неўладкаванасьць, за ягоную невязуху з жыльлём, за тое, што ён гэтакі няўдачнік, атрымлівае шэсьцьсот рублёў у месяц і пяты год ходзіць у лейтэнантах, у той час, як ягоныя сябры пасталі капітанамі. Доўга ён спрабаваў усё тое ператварыць у жарты, абяцаў даслужыцца да генерала, тым болей, што часу да таго ў яго хапала, расказваў пра труднасьці з жыльлём і тое, што не яны адны апынуліся ў такіх умовах. Нават старшыя камандзіры і тыя нярэдка дзялілі адну кватэру на дзьве сям’і, а грошы, дык гэта такая справа, калі ўсё залежыць ад таго, як да іх ставіцца. Тыя ж ягоныя шэсьцьсот рублёў узводнага могуць быць малымі грашмі для буржуя і надта вялікімі для прыбіральшчыцы. Але дзе там! Марусіна крыўдлівая незадаволенасьць спакваля ператварылася ва ўстойлівую варажнечу да яго, жонка яго зьненавідзела. Як натура дужа зайздросная, яна бачыла ўсіх іншых мужоў яе суседак лепшымі за свайго, хоць ён ніколі не сказаў ёй грубага слова, стараўся пазьбягаць зьвягі і спрэчак. Ён болей маўчаў. Але, мусіць, тое яго маўчаньне было самым абразьлівым і нестрываным у адносінах да яе, і, неяк перабіўшыся зіму ў таёжным гарнізоне, яна вясной зьехала да родзічаў у Барнаул. Два гады ён быў ні халасты, ні жанаты, быў у камандзірскай гасьцініцы з халасьцякамі, пасылаў ёй па пошце пяцьсот рублёў у месяц, але пісьмаў не пісаў. І яна яму не пісала таксама, аж пакуль ён не атрымаў тое, дзе яна прасіла выслаць развод. Згоду на развод ён паслаў у той самы дзень і рашыў, што ніколі больш у жыцьці не наблізіцца да ніводнай жанчыны.