Малоць уначы бяз млёну было ня надта ўпраўна, яна навярэдзіла рукі шурпатаю палкай, якую прыладзіла ў правушыну камня — аж гарэлі далоні. Але за пару гадзінаў ці болей усё ж змалола начовачкі збожжа, і ніхто ёй не перашкодзіў. Ноч ляжала глухая і цёмная, шумеў вецер у абпаленым гольлі садкоў, і да гэтага пошуму глухім грукатам дамешваўся гук яе жорнаў. Навобмацак у цемры яна старанна выграбла ня дужа мяккую цеплаватую яшчэ муку і цераз гарод пабегла дамоў расчыняць хлеб.
Цяпер яна не баялася: яе мужчыны будуць ужо не галодныя. Найперш яна зварыць зацірку.
10. [Хлебнікаў.]
Раніцай, як толькі разьвіднела, непадалёк у траншэі пачулася ціхае шархаценьне, якое ненадоўга прыціхла, і Дземідовіч устрывожана расплюшчыў вочы, думаючы, хто: Серафіма ці, можа, паліцаі? Аж не, прыйшла Серафімка. Неяк жвава, бы нават весела, павіталася, улазячы ў бліндаж. Перад сабой яна несла, відаць было, загорнуты ў анучу чыгун, мабыць, з ежай, паставіла на зямлю каля ўваходу. І сама засталася стаяць на каленях.
— Во, заціркі вам зварыла. Учора мукі намалола, дык гэта… заціркі. Праўда, хлеба яшчэ няма, але ўчыніла хлеб, заўтра сьпяку.
У куце адразу падхапіўся капітан, сеў, загаманіў бадзёра, з нейкаю стоенай радасьцю:
— Молодец! Ну и молодец, Серафимка! Затирка, это что: каша?
— Не-а, зацірка гэта ну… зацірка. Зараз паспытаеце.
— Ну что ж, ну что ж… Поедим. А то, признаться… Проголодались.
Дземідовіч таксама паспрабаваў устаць, каб хоць сесьці ці што, — чуўся ён па-ранейшаму кепска, мо нават горш, чым учора. Ноччу ў яго быў жар, біла дрыжака, а пад ранак цела аблілося сьцюдзёным потам, і ён, трудна дыхаючы, пластом ляжаў на плашчы. Побач рухава і моўчкі ўскочыў немец, сеў, праціраючы заспаныя вочы. У бліндаж з траншэі з-за сьпіны Серафімкі цадзілася скупое сьвятло хмарнага ранку.
— Але ж во, лыжка адна! — пабедавала Серафімка. — Можа, у вас ёсьціка?
— Черта с два, — сказаў капітан. — Чего нет, того нет.
Дземідовіч, лежачы, таксама пакруціў галавой. Тады немец, мабыць, зразумеўшы іх клопат, спрытна шаснуў у бакавы кішэнь свайго кіцеля і выцяг адтуль белую лыжку, шарнірна змацаваную з такім жа белым відэльцам.
— Бітэ.
Ён працяг яе Дземідовічу, але той адмоўна крутнуў галавой — хай есьць сам. Немец не настойваў — прысунуўся бліжэй да чыгуна, але не зачэрпваў загусьцелую зьверху зацірку — чакаў. Серафімка заклапацілася каля капітана.
— Дык як жа гэта?.. Ці вы возьмеце самі?
— А ну, а ну! — сказаў капітан, адной рукой узяўшы ўкладзеную ў яе Серафімкай драўляную лыжку, а другой сьлепа мацаючы берагі чыгуна, што стаяў каля ног. Ямчэй уладкаваўшыся поруч, ён нязграбна ўлез лыжкай у чыгун і выліў зацірку з лыжкі на бот.