Выбрать главу

Агнявы бой на ўчастку суседняга батальёна Сахно ішоў без асаблівай сілы: тузалі паветра мінныя выбухі, гудзела зямля, кулямётная траскатня перамежвалася таропкім нязладным буханнем вінтовак. «Не падобна, каб Сахно дужа прасунуўся, − услухаўшыся, падумаў Клімаў. − Топчацца перад самай вёскай». Вядома, у такім становішчы яму нямала пасобіла, каб рота аўтаматчыкаў узяла гэтую праклятую вышыню. Але зноў жа, калі Сахно возьме вёску, тады лягчэй будзе ўзяць і вышыню. Вось табе і зачараванае кола, і разарваць яго якой хітрасцю наўрад ці магчыма.

Насустрач яму ўздоўж ручаіны бег нізенькі, як здалося Клімаву, дужа шустры баец. Каска сядзела на яго галаве неяк бокам, каўнер шынялка быў пастаўлены, і зашмальцаваныя палявыя ромбікі пятліц, бы рожкі, тырчэлі ад падбародка. У абодвух руках падмышкамі баец трымаў распоратыя цынкі ад патронаў.

− З якога ўзвода? − запытаў Клімаў. Баец паслухмяна спыніўся.

− З першага, таварыш лейтэнант.

− Дзе Смірноў?

Баец прастадушна паціснуў плячмі.

− Хто яго ведае. Мусіць, там, − кіўнуў ён на вышыню. − Не прыбег.

Клімаў прамаўчаў, пасля кіўнуў на цынкі.

− Многа далі?

− Дзе там! Мала, − ахвотна, як пра балючае, загаварыў баец. − Паўсотню на ўсіх. Ды во яшчэ пяць фенек, − ён трасянуў цынку − і ў ёй важка грукнулі жалезам гранаты.

− Запалы не забыўся?

− Не. Во, − нязручна штурхнуў ён нагой абвіслую кішэню.

− Адразу ж зарадзіць. Магазіны таксама. Рыхтуйцеся да атакі.

Баец насцярожана ўскінуў голаў, з твару яго адразу знікла кароценькая бадзёрасць ад гэтай сустрэчы і камандзіравай увагі да яго спраў, дзве дробненькія зморшчыны скранулі яго абсіверанае пераноссе.

− Ёсць, − вяла прагаварыў ён і, чагосьці яшчэ чакаючы ад лейтэнанта, не ішоў, а глядзеў яму ўслед. Клімаў адчуваў гэтае замяшанне і гэты позірк, але не азірнуўся, каб не размякчаць свае халоднай суровасці, і на хаду кінуў:

− Сам павяду ўзвод.

Баец нявесела падабраў цынкі і пабрыў далей, а Клімаў, прыпыніўшыся, выцягнуў за цэпку з-пад палы гадзіннік: было без чвэрці дзесяць.

Ён пайшоў далей у трэці ўзвод, якім камандаваў малодшы лейтэнант Грэчка. Гэта быў цяпер адзіны камандзір узвода ва ўсёй роце. Што ён жывы, Клімаў ведаў пэўна, бо, бегучы з вышыні, бачыў, як трэці ўзвод раней за іншых паспеў схавацца ў рове і такім чынам найменш пацярпеў у той няўдалай атацы. Грэчка тады на беразе рова ўсё размахваў сваім ППД, аж покуль апошні баец яго не ўкрыўся ад агню.

Гэта было крыху на водшыбе ў тым канцы рова, які сама бліжай падступаў пад вёску з тае ўедлівай, такой ашалела-бязлітаснай гарматай. Роў тут рабіўся вузейшы і, мабыць, глыбейшы − голыя гліністыя абрывы зусім сціснулі замерзлую ручаіну, якая брала адсюль свой пачатак. Грэчкаўцы, відаць, акапваліся − з берага ўніз сыпалася зямля, і відаць было, як раз-пораз выляталі адтуль рассыпістыя лапаткі глею. «Ужо акапваюцца! Якія спрытныя», − злосна падумаў Клімаў. Ён ускарабкаўся па жорсткай калючай, бы наждак, кручы, крыху прайшоў і запытаўся ў байца ў ямцы, што назіраў за вышынёй, дзе камандзір. Баец паказаў у акоп за вымаінай, адкуль у паветра часта выляталі камякі зямлі.

Клімаў добра ўгрэўся, пакуль пералез тую вымаіну і дабраўся да ўзводнага. Грэчка так улёг у сваю працу, што не заўважыў ротнага і ўжо на самым брустверы ўссыпаў яму на шапку поўную лапату зямлі. Бокам прысеўшы на глей, Клімаў страхнуў яе ў акоп.

− А ну, вылазь сюды.

З акопчыка паказаўся разагрэты працай, белабрысы, з крутаватым падбародкам твар, на якім адзначыліся незадаволенасць і запытанне. Убачыўшы, аднак, Клімава, узводны адкінуў лапатку і лёгка выскачыў наверх. Гэта быў камлюкаваты, тугаплечы крапак, распрануты да гімнасцёркі з расшпіленым адкладным каўняром, на чырвонаармейскіх пятліцах якой нечая няўмелая рука белаю ніткай насцягала па кубіку. На грудзях хлопца бліскаў ордэн Чырвонага Сцяга.

− Во вырыў, ніякая шрапнель не возьме, − аддыхваючыся і папраўляючы на рамяні чорны кабур трафейнага пара-

белума, сказаў ён. Затым накінуў ватоўку і апусціўся побач з лейтэнантам. Клімаў без цікавасці зазірнуў у акопчык.

− Возьме. Рыхтуй узвод да атакі.

Грэчкавы рукі замерлі на захінутых краях ватоўкі.

− Які ўзвод?

− Свой.

− Зноў?

− Зноў.

Грэчка змоўк, не спускаючы позірка з Клімава, затым ляпнуў нагой у ком глею, які, падскокваючы і трушчачыся ў драбязу, пакаціўся ў роў.

− Не павяду. Хай вунь Сахно тую балаболку ўбярэ. Тады пайду.

Клімаў зламаў высахлую сцябліну быльнёгу і раструшчыў яе ў пальцах.