— Тэт, — паклікаў мяне голас Альфы, — дзе гэта мы апынуліся?
Так, мая мілая спадарожніца таксама тут. Але тут гэта дзе? Дзе мы сапраўды аказаліся?
— Здаецца, Пастэга дала збой, — павольна сказаў я. — Мы не вярнуліся дадому… Нейкая паралельная рэальнасць, падобная да нашай.
— Але што ж нам рабіць, Тэт? — у вачах дзяўчыны бліснуў страх.
— Для пачатку раскажы мне, дзе ты была? — я стараюся надаць голасу ўпэўненую лёгкасць, укінуць у яго вясёлы скрыгаток.
— Хіба зараз час пра тое казаць? — кідае мне Аля.
— Зразумела, чаму не.
— Я была на катку. У падлеткавым узросце я выдатна грымнулася навідавоку ў хлопчыка, які мне падабаўся. Але зараз я ўмею катацца. Таму падзенне не адбылося.
— Эх, ну і слабенькая драма, скажу табе, — я скрыжаваў рукі на грудзях. — Ты складаеш неяк без палёту і відавочна можаш лепш.
— Хiба ж варта зараз казаць пра гэта? — амаль выгукнула мая цудоўная спадарожніца.
У гэты момант нас спынілі.
— Хто вы такія? — спытаў нас чыйсьці бас.
Перад намі стаяла істота, падобная на чалавека, але яго рукі былі схаваныя футравымі пальчаткамі, а на галаве красавалася скураная маска-шлем, якая відавочна нагадвала адну з пазіцый у спісе тавараў інтым-крамы. Нават вочы істоты былі заслонены чымсьці накшталт акуляраў з бліскучай жалезнай аправай, з круглымі, цёмнымі шкламі. У руках у яго была дрэўкавая зброя. Доўгая, даволі тоўстая палка, заканчвалася наканечнікам у выглядзе сярпа. Да ніжняга канца чаранка быў прывязаны невялікі медальён з выявай прамяністай зоркі, якая нагадвае пентаграму. На нагах у істоты сядзелі вельмі высокія боты-балотнікі. Неўзабаве побач з ім з'явіліся іншыя суб'екты, неверагодна падобныя да першага носьбіта балотнікаў. Яны акружылі нас. Я не праміргаў выпадак для жарту.
— Вакол нас нейкія дзіўныя істоты, быццам мы ва ўніверсітэце культуры, — шапнуў я сваёй спадарожніцы, але ёй было не да смеху.
— Хто вы такія? — прарычэла істота яшчэ раз.
— Госці, — упэўненым тонам паведаміў я.
— Мы такіх гасцей не запрашаем, значыць вы не яны, — лагічна заявіў дзівак у акулярах.
«Красун! Я так і буду яго зваць — Логік».
— І што ў вас робяць з такімі гасцямі як мы? — пацікавіўся я ўслых.
— Уварванцаў, — адказаў Логік, — мы садзім у турму, а потым адводзім да нашага канцлера, які жыве вунь у тым доме на возеры. Канцлер вырашае іх лёс.
«Можа быць Пастэга ўжо вырве нас з гэтага дзіўнага месца, калі пратрымацца яшчэ гадзінку» — падумаў я.
— І як выглядае ваша турма? — упершыню ўступіла ў размову Аля, якую я засланяў сабой ад Логіка і кампаніі.
— Гэта вунь той дом на вадзе, — Логік махнуў рукой у бок возера. — Калі зняволеныя бунтуюць, мы проста апускаем дом пад ваду і так анулюем важнасць пытання.
«Хм, сапраўды, эфектыўна».
Я прыгледзеўся. У аднаго з берагоў вадаёма тырчала яшчэ адна плывучая будынiна, без упрыгожванняў на даху, але даволі прасторная.
— Вы жывяце вось у тых невялікіх вігвамах ля краю кар'ера, а турма ў вас цэлая прасторная, драўляная хацiна, нейкая водная цытадэль, амаль такі ж цудоўны, плывучы катэдж, як у вашага правадыра, вашага канцлера? — спытаў я.
— Звычайна туды набіваецца шмат народа, але зараз у нас вайна, турма пустуе. Усе былыя зняволеныя адпраўлены ваяваць. Вам пашанцавала, будзеце сядзець з камфортам, — адказаў мне Логік.
— З кім жа ў вас вайна? — спытала Аля трохі дрыготкім галаском.
— З праклятымі ўлайгонамі, якія хацелі адправіць да нас баявых мышэй, каб яны загрызлі нас усіх падчас сну.
Неўзабаве мы ўжо плылі на доўгай, вузкай, упрыгожанай мудрагелістымі ўзорамі лодцы ў бок так званай турмы.
Мутнаватая вада прыемна плёскалася за бортам, нараджаючы сотні маленькіх сонечных блікаў. Выйшаўшы з чоўна, мы зайшлі ў плывучую-каталажку. Бярвеністыя, пакрытыя нейкім цёмным растворам, сцены, невялікія акенцы з металічнымі рашоткамі. Асаблiвага камфорту не было, але, у цэлым, усё выглядала прымальным для жыцця. Былі нават грубыя падушкі з дзіўнай, бэжавай тканіны і фіялетавыя коўдры з незвычайнымі знакамі, магчыма лічбамі.