Выбрать главу

— Не смей паклёпнічаць на канцлера! — паспрабаваў абарваць мяне Логік. — Мы свабодна выбіраем яго сваім лідэрам кожны год, на Свята перавыбрання.

— А вялікая бывае канкурэнцыя ў вашага кіраўніка падчас пераабрання? — маё падступнае пытанне раззлавала Логіка яшчэ больш.

— Канкурэнтаў мы выбіраем з ліку злачынцаў, прысуджаных да смерці. Добраахвотна ніхто не згаджаецца. Толькі заўзяты паганец можа жадаць барацьбы за месца канцлера, калі цяперашні канцлер настолькі цудоўны. Выбраных канкурэнтаў мы заўсёды топім у балоце Апнаскумлаха. Але мы свабодная краіна, выбары — частка нашай традыцыі.

— Ясна. Насамрэч канцлер — абсалютны манарх! — запэўніў я сваіх слухачоў яшчэ раз.

Марта ледзь чутна кашлянула, каб схаваць смяшок, а Логік нахіліў галаву набок і пагразіў мне кулаком.

— Маўчаць! Я ж вам забараніў, — прахрыпеў чалавек у БДСМ шлеме, які закіпеў, як чайнік.

— Цікавы свет у гэтых дзетак, але лепш бы мы не пападалі сюды. Думаеш, нас напаткала карма? — пацікавіўся я ў Алі.

— Адназначна! — голас дзяўчыны быў напоўнены сарказмам, як саспелая сліва сокам.

— Некаторым людзям жыццё сапраўды ўпарта раздае дарункі і сцеліць мяккія падушкі ў моманты падзенняў, а іншыя атрымліваюць амаль выключна сукаватае паленне пад ногі. Гэта найцікавы феномен. Часам у сувязі з гэтым кажуць аб «Законе бумеранга», ці матэрыяльнасці думак. Уся гэтая метафізіка сапраўды як быццам працуе, але толькі ў некаторых. Шчасліўчыкі часта не шануюць тое, што маюць, а калі жыццё нарэшце выдае ім даўно заслужаны выспятак яны, чамусьці, маральна руйнуюцца. Зрэшты, усе людзі часта не шануюць тое, што маюць, не толькі любімчыкі Фартуны.

— Мы верым у тое, што наш лёс вызначае Рахптах, — сказала Марта.

— Скажы лепш навошта вы носіце гэтыя дзіўныя гарнітуры? — мне было вельмі цікава, без жартаў.

— Гарнітуры, калі не хлусіць, нязручныя, — вартаўніца перасмыкнула плячыма. — Але такая традыцыя. Мы не спрачаемся з традыцыяй. Галоўнае не зручнасць, а выкананне абавязку. Мы не маем паняцця, хто прыдумаў так хадзіць, але не адмяняць жа даўні звычай з-за нашага невуцтва.

— Цудоўна! А ці доўга чакаць гэтую вашу птушачку? — пацікавіўся я.

— Шчыра кажучы, ніхто ніколі не бачыў Рахптаха. Мы цвёрда верым, што ён існуе, ведаем, што ў яго ёсць двое дзяцей: Трыптах і Нахнах. У гэтай птушкі дзевяць галоў: вароны, чыжа, вераб'я, арла, жураўля, савы, дзятла, Браканьера, голуба.

— Прабач, ты сказала Браканьера? — удакладніла мая спадарожніца. — Гэта ж не птушка.

— Браканьер — адно са старажытных бажэстваў, якіх перамог і з'еў Рахптах, — Марта паправіла сваю скураную амуніцыю.

— Хопіць балбатаць з палоннымі! — прыкрыкнуў Логік і ваяўніца змоўкла.

— Я арыентуюся па сонцах. Ужо вельмі хутка мы забярэм вас з каменя, калі Рахптах не з'явіцца.

— Можа дадзіце нам папіць? — спытаў я. — Ад тутэйшага паветра проста страшная сухасць раздзірае горла.

Логік прамаўчаў, але Марта адшпіліла павіслую на яе поясе пляшку і кінула нам. Вада была кіслявай, але, здаецца, прыдатнай.

Праз малы час нам сапраўды дазволілі спусціцца, бо Рахптах, як ні дзіўна, не аб'явіўся.

Мы хутка прыплылі да суседняй з нашым сховішчам плывучай вязніцай. Рэзідэнцыя канцлера была большая за прытулак для злачынцаў. Сцены ўнутры пафарбаваны залатой фарбай. У канцлера ёсць нават пазалочаны трон, з падлакотнікамі ў выглядзе васьміногаў. Над тронам вісеў сцяг з прамяністай зоркай і надпісам «Kancleris» — асабісты штандар манарха тутэйшага каралеўства. Пахла палённай гумай.

Так, менавіта рожы канцлера ўпрыгожвалі памяшканне цюрагі. Ён выглядаў так, як на партрэтах. Чорны гарнітур, недарэчная, жоўтая бабачка. Ён таксама насіў маску, але не акуляры, таму мы без праблем убачылі яго бессаромныя, бледна-блакітныя вочы, у глыбіні якіх не было ніякіх жывых іскрынак, а толькі пагроза застылых, ледзяных глыбінь — погляд тапельца, скрозь тоўшчу вады.

— Прадстаўцеся! — загадаў канцлер.

— Я — Тэд, а яна — Альфа, — адказаў я і ўзяў сваю паплечніцу па зняволенні за руку.

— Як вы патрапілі да нас, бліскучага народу Крэйдавых гор?

— Вы так называеце сябе, народ Крэйдавых гор? — спытала мая мілая муза і ўсміхнулася.

— Ваша справа адказваць, а не запытваць, але так, мы так сябе завём. Прышэльцы клічуць нас крэйдавiкi.

— Мы трапілі сюды з дапамогай Пастэга, — сказаў я.

— Паняцця не маю, што гэта такое! — адказаў канцлер.

— Гэта не так проста растлумачыць… Аднак жа, мы нічога дрэннага не намышляем ні супраць народа Крэйдавых гор, ні супраць самога ззяльнага канцлера, — я ветліва пакланіўся.