Гэта відавочна спадабалася чалавеку на троне.
— У нас зараз ідзе вайна з помслівымі ўлайгонамі. Мы захапілі частку іх тэрыторыі, але ўлайгоны небяспечныя. Яны люта супраціўляюцца. Вераломныя здраднікі! Жадалі напусціць на нас баявых мышэй, каб тыя загрызлі нашых немаўлят падчас сну.
— Вы што ж, пан вярхоўны лідэр, нават самі верыце ў гэтыя трызненні? — удакладніў я.
— Зразумела! — выпаліў канцлер, але не стрымаў пры гэтым яхідную ўхмылку.
«Ну не, у гэтую ахінею ён сам сапраўды не верыць, цемрашальскі інфернал».
— У вас ваююць нават зняволеныя? — запытаў я.
— Зняволеныя, жанчыны, часам цяжарныя жанчыны, дзеці, і абсалютна ўсе мужчыны! Мы гатовы пакласці ўсіх, да апошняга салдата, дзеля выратавання нашай сакраментальнай краіны. Ахвяру ўславяць песнямі! Гераічная смерць пакутнікаў будзе глебай, якая сілкуе цюльпаны свабоды, дрэва незалежнасці, кусты дабрабыту. Мы схіляемся да думкі, што трэба забіць амаль усіх ўлайгонаў.
«Даволі такі красамоўны. Здаецца, сапраўды верыць у найвысокую значнасць сваіх заваёў, хай і не дзеля абароны ад міфічных баявых мышэй, але дзеля нейкай сваёй асаблівай, выключна важнай місіі. Такіх фанатыкаў не спыняць гіганцкія ахвяры, часам вар'яты нават гатовыя ахвяраваць сабой, хоць, менавіта гэты, як мне чамусьці здаецца, не гатовы».
— Усе людзі смецце, толькі адны — гэта фанцікі ад цукерак, а іншыя — выкарыстаныя прэзерватывы. Аднак я не ўпэўнены, што гэты факт сам па сабе сведчыць за глабальны генацыд. Ваша Светласць, па сутнасці, кажа пра генацыд.
— Мяне мала хвалюе меркаванне тых, хто ўварваўся ў наш край падчас вайны. Мы вас не клікалі, але, магчыма, вы будзеце нам карысныя. Прышэльцы, якія часам з'яўляліся раней, валодалі неверагоднай сілай. Давай праверым і тваю. Падужайся вось з ім на руках.
Тыран паказаў на Логіка, які тут жа падышоў да малюсенькага, авальнага століка, з пурпуровай стальніцай і паставіў туды руку, грымнуўшы локцем. Я падышоў да апанента. Ён схапіў маю далонь. Я не бодзібілдар, ніколі не быў майстрам армрэслінгу, не штурхаў шатангу вагой дзвесце кілаграм.
— Пачынайце, — канцлер данёс да нас з Логікам свой наказ.
— Не зганьбуй наша вымярэнне, — шапнула мне Аля і злёгку ўсміхнулася.
Логiк адразу ж уключыўся ў барацьбу. Аднак я хутка адчуў, што па сіле ён прыкладна адпавядае адной з маіх мінулых дзяўчын. Аднойчы яна дзеля жарту прапанавала пазмагацца на руках. Нават абедзвюма рукамі і ўсёй вагай дзяўчына не змагла тады прыціснуць маю руку да лавачкі. Эх, было весела, мы вельмі смяяліся… А вось Логіку не да смеху. Ён пыхкае, чырванее, прыкладаючы ўсе намаганні, каб не падвесці свой народ, выканаць дэрэктыву ўладара — дэспата. Націскаю крыху мацней… Раз! Я перамог! Вось ужо рука суперніка вырываецца з маёй, Логік устае. Апусціўшы галаву ідзе ў кут залы. Канцлер раз'юшана пляскае ў ладкі. Нічога сабе! Я чэмпіён па армрэслінгу.
— Хараство, — звініць валадар тоненькім тэнарочкам. — Ты таксама вельмі магутны муж, значыць будзеш нам карысны!
— Чым жа я магу быць карысны ганарліваму, цудоўнаму народу Крэйдавых гор?
— Як чым? Ты пойдзеш біцца супраць улайгонаў. Твая сіла дапаможа нашаму каралеўству.
— Я ж не ваяўнік.
— З такой сілай гэта не важна. А каб ты не сумняваўся і нікуды не рэціраваўся мы пакінем у сябе тваю сяброўку, мілую далоньку.
«Гэты ідыёт яшчэ і паэт».
— Вы не пакрыўдзіце яе, — мой цвёрды барытон напоўніў памяшканне.
— Альфа, ці як там яе клічуць, будзе сядзець у турме, а калі ты ўцячэш мы ўтопім тваю пасію. Нам на яе пляваць.
— Прапанова ад якой нельга адмовіцца, Ваша Сіяцельства, яна якраз у вашым манаршым стылі. Мабыць, пагаджуся, але заўважу, што вы прайграеце вайну і вас выціснуць з земляў улайгонаў.
— Тады мы прымемся страляць па іх з катапультаў, пабудаваных на нашай тэрыторыі, — прашамкаў канцлер, злосна вытарэшчваючыся мне ў вочы. — А ты, калі будзеш так шмат брохаць, дачакаешся дрэннага. Мы станем катаваць тваю дзеўку, пакуль ты будзеш рэзаць для нас улайгонаў. Ты гэтага хочаш, дурны Тэт?
— О не, Ваша Высокаблагароддзе, не чапайце маю добрую спадарожніцу, будзьце ласкавы, тады я абавязкова буду вам карысны! — я падміргнуў Але, якая злёгку збялела і сціснула губкі.
— Рабі што табе сказана. Хто ведае, можа яшчэ станеш пры мне генералам, калі будзешь сапраўды карысны.
Жыццё дэспата падобна анекдоту. Дэспат атрымлівае ўсё, але не можа ўтрымаць нічога, бо ў свеце ёсць нястомны абмежавальнік — смерць. Што яшчэ можа быць такім узнёсла трагічным і пошла пацешным адначасова. Я моўчкі пакланіўся тырану пры гэтым ледзьве стрымлівая ўсмешку.