Выбрать главу

У гэты драматычны момант я разрагатаўся. Бачачы маю весялосць злёгку ўсміхнулася і Аля, якая слухала пагрозы ў свой адрас даволі спакойна, хоць цені страху ўсё ж прабягалі па яе твары.

Я падняў руку і павольна, выразна прагаварыў:

— Я ўбачыў дастаткова, спадар канцлер. Ты — бязмозгі тыран, твая эпапея з вайной і прыгнётам уласнага народа скончыцца тваёй смерцю, так, можа быць не ў выніку рэвалюцыі, бо твае рабы такiя адданыя, што гатовыя адказаць здрадай нават на выратаванне жыцця, — тут я кіўнуў у бок Марты. — Але ўсё ж ты памрэш, бо паміраюць нават манархі, у гэтым ёсць сваё, асаблівае хараство. Уяўляю, як сумна раставацца з абсалютнай уладай, калі пераможаны ўсе, акрамя смерці.

— Вазьміце яго дзеўку і пачынайце, — загадаў канцлер сталёвым голасам.

Яго твар ператварыўся ў люты маскарон.

У тую ж секунду я два разы пстрыкнуў пальцамі і сказаў: «Пастэга».

Глава 8

Мы стаялі пад мастом у нашым горадзе… Дымны партал знік. Я павярнуўся да сваёй дарагой спадарожніцы і вельмі ласкава спытаў:

— Ну як там? Трэба памяняць штаны ці ўсё суха?

Аля пляснула мне далонькай па плячы.

— Калі б ты з самага пачатку не прызнаўся мне, што можаш скончыць гэты трып у любы момант, я б проста не ведала, як гэта перанесці, — узбуджана пралепятала яна. — Навошта ты так доўга чакаў? А што б было, калі б усё ж такі пароль не спрацаваў?

— Ну тады спіс тваіх палюбоўнікаў стаў бы крыху большы. Плюс чалавек трыццаць! Пфф! Пусцяк для сучаснай дамы. Мне было цікава вывучыць цывілізацыю крэйдавых чалавечкаў, таму я не вярнуў нас адразу.

Аля другі раз пляснула мне па плячы і пяшчотна прамовіла:

— Які ж ты ідыёт! Навошта я ўвогуле знайшла цябе.

— Ты ж ведала, што я ўсё кантралюю і не дам цябе пакрыўдзіць. Ці варта было баяцца? — я вяшчаў бадзёрым голасам першаадкрывальніка, які вярнуўся дадому, даследаваўшы новы кантынент.

— Пойдзем лепш спаць. Пасля такіх прыгод трэба падрамаць, — прапанавала дзяўчына.

— Толькі спачатку ў кавярыньку, добра?

— Як скажаш, Жэ…

— Упс! — перапыніў я дзяўчыну. — У гэтай рэальнасці мяне клічуць Тэт, не забывай, калі ласка.

— Прабач, я проста стамілася… Тэт. — Аля дорыць мне сарамлівую ўсмешачку.

Брук на вузкай, сярэднявечнай вуліцы. Шлях вядзе ў бок замкавых узгор'яў, вакол якіх, як спадарожнік, кружыцца астатні горад. Трохі ў гару, потым ужо па роўнай паверхні… Свежы вецер гладзіць твар. Сутаргавы ўдых. Мясцовы Барэй забівае дыханне… Новы глыбокі ўдых. Водар чыйгосьці парфума. Сцежка ў гарадскіх джунглях, а пад ёй, унізе, смяшлівыя пералівы мігатлівага воднага патоку, побач з дробненькімі, драўлянымі хаткамі-скрыначкамі. Насельнікі катэджаў паляць лісце, або заняпалае лістоце загараецца само, ад агнёў яркай восені. Дурная патэтыка. Нябёсы, як бязмежная глазура на гарадскім торце, ці ж пірагу, з чалавечай начынкай. Людзі — мурашкі. Яны напаўняюць мяшчанскія мурашнікі, яны дыхаюць трахец загазаваным паветрам не самага маленькага горада, які сапраўды большы, чым сталіца Швейцарыі. Яны вераць, спадзяюцца, мараць, здраджваюць, хварэюць.

Машыны абліваюць нас шумам, пакуль мы ідзем да замкаў. Насупраць іх невялікая кавярня, у старадаўнім флігелі. Ён прымасціўся каля рэзідэнцыі арыстакратаў, якія жылі тут у васемнаццатым стагоддзі. Мы ўваходзім. Нас ахінае, нібы свячны воск, тыповы водар нятаннага агульхарча. Нас акружаюць афіцыянты. Нас бачаць іншыя наведнікі. Нас уладкоўваюць за столік ля акна з вiдам на абодва каралеўскія замкі. Вось менавіта там манархі кватаравалі, і час ад часу паміралі. Нас забяспечваюць пералікам страў. Што ты звычайна шукаеш у меню, дарагі чытач? Мы робім замову і атрымліваем свае кубкі з гарбатай і порцыі марожанага. Яно растае на вуснах, у роце, у празрыстых чарах. Сінія сцены, ружовыя ліхтарыкі, круглыя столікі, паўзмрок, паўціш. Кветкавая ваза пустая, як мары труса.

— Я схаджу ў туалет, — паведамляе мне Аля.

— Я не супраць, — у мяне паблажлівы тон педагога, які выпускае другакласніка адгукнуцца на кліч натуры.

Аля паказвае мне пошлы жэст і сыходзіць. Праз дзесяць хвілін яна вяртаецца з вельмі здзіўленым тварам.