— Што нам рабіць, Тэт? — Спытала Аля дрыготкім голасам.
Я пастараўся супакоіць дзяўчыну поглядам і насмешліва прамовіў:
— Эх, Савелій, вось зараз відаць, што ты эгаістычны, жорсткі, касматы глытальнік уклеек, па факце — нічога асаблівага. І цябе, ёлупня, лёгка аналізаваць і прадбачыць твае дзеянні. Я адразу зразумеў твой план. Ты надта хуценька пагадзіўся на мае ўмовы. Я дастаткова ведаю аб вашай браціі, бо вы толькі персанажы маёй кнігі. А зараз зірні на сваю шыю.
Савелій імгненна апусціў галаву.
— Лайнгот, дзе ён? — прапішчала выдра.
— У мяне, — праінфармаваў я касматага ворага. Праз долю секунды я паказаў далонь, у якой пабліскваў камень. — Мне вядома, што ён даволі-такі далікатны, а для кожнай выдры ёсць толькі адзін такі крышталь, які даецца пры нараджэнні, таму, калі разбіць дадзены сувенір, ты будзеш выключаны з ордэна, станеш абняслаўленым выгнаннікам. Аднак ёсць альтэрнатыўны варыянт. Здымі поле, правядзі нас да Бабы Крум, тады я вярну тваю прапажу.
— Не прапажу, а тое, што ты сцягнуў! — завішчаў звярок. — Ты звар'яцеў! Партал да Бабы Крум адкрываецца на нашым востраве. Іншыя выдры заўважаць вас. Баста, не магу дапамагчы, нават калі б хацеў.
— Упэўнены, ты што-небудзь прыдумаеш, Сава, — я іранічна ўсміхаўся, прытоптваючы нагой. — Пагутару з Крум і аддам табе камень, ён будзе цалюткі.
— Ну добра, — пагадзілася загнаная ў кут выдра. — Ёсць яшчэ адзін партал да Бабы Крум. Пра гэта ведаюць толькі кіраўнікі ордэна. Гэты ўваход непадалёк ад выспы, у трубе з якой цячэ ручаёк Л.
— Вось! Бачыш, як ты выдатна ўсё прыдумаў, — адзначыў я. — Здымай ужо поле, хопiць марнаваць наш з табой час.
Савелій накіраваў на нас камень. Успышка і жоўтыя напаўпразрыстыя сцены зніклі.
Неўзабаве мы дабраліся да трубы з якой выцякаў ручаёк Л.
— Што дасць нам візіт да гэтай Бабы Крум? — Аля запытальна глядзела на мяне стомленымі вачыма.
— Выкананне асаблівага жадання, — запэўніў я.
— Зараз я адкрыю партал, — пракрактаў наш кашлаты суправаджальнік. Выдра тры разы ўзмахнула лапкамі і прараўла:
— Імём ордэна, пхаф-намуг-альяш-дрынк!
Дымная заслона партала тут жа з'явілася ў глыбіні трубы з якой істэрычна рваўся на спатканне з ракой сціплы гарадскі ручаёк. Мы рушылі ў глыб трубы, пакуль Савелій, жаласна згорбіўшыся, сядзеў каля ўваходу. Перад самым парталам я павярнуўся да выдры.
— Малайчына, пухнацік! Не сумуй, а лепш лаві свой камень. Акуратненька, не разбі!
З гэтымі словамі я кінуў рубiнчык выдры і нырнуў у партал, паспеўшы краем вока заўважыць неверагодны скачок Савелія, які схапіў крышталь у паветры і плюхнуўся ў шалпатаючы водны струмень.
За парталам нас чакала цёмная зала-пячора, са скляпеннямі вялізнай вышыні. Недзе ўверсе плавалі аранжавыя газавыя лямпы, а пад нагамі была сапраўдная бездань, залітая фіялетавай вільгаццю. Там плёскаліся дзіўныя істоты. Яны нагадвалі знявечаныя манекены, злепленыя з кніг. Я паспеў адзначыць, што сярод кніжак, якія складалі плоць незразумелых істот, тырчалі выданні Канта, Сакрата, Фіхтэ, Ніцшэ і нават вялізная «Камасутра».
Іржавы масток вёў над гэтым вадаёмам да мармуровага астраўка, на якім узвышаўся бардовы камень, падобны на паганскі алтар. Мы прайшлі над дзіўным возерам і ўсталі каля каменя.
— Баба Крум! З'явіся нам, дай тое, што я хачу, — моцным, уладным голасам сказаў я.
— Вітаю Дзевяты і Выратавальніца. Я дам вам выбар, — звышнатуральны шэпт Бабы Крум чуўся адначасова з розных куткоў пячоры, хоць яе саму не было відаць. — Вы можаце застацца тымі, хто вы ёсць і атрымаць жазло уладара выдр. Ордэн не пасмее помсціць таму, у каго такі артэфакт. Пры дапамозе жазла, братэрства было створана Вялікім Заснавальнікам.
— Нядрэннае фэнтэзі атрымліваецца, хоць ужо пайшло неяк зусім банальна, — заўважыў я. — Супер-шмупер артэфакты, загадкавыя заснавальнікі! Толькі я сапраўдны заснавальнік гэтага ўсяго.
— Слухай мяне! — сыпкі шолах Бабы Крум стаў трохі гучней і злей.
— Добра, — без спрэчак пагадзіўся я.
— Ці ж вы можаце выпіць з двух шклянак і стаць звычайнымі, дурнымі, бязглуздымi людзьмі. Толькі гэта можа зрабіць вас сапраўды шчаслівымі. Рашайце!
Прама перад нашымі тварамі, на квадратным камені-алтары, з'явіліся дзве ўпрыгожаныя дэсанню шклянкі. Яны былі напоўнены да краёў нейкай бірузовай вадкасцю. Трэба было рашыць.
— Я заўсёды марыў быць разумнейшым за ўсіх, — сказаў я нягучна і сумна. — Але аказалася, што на інтэлектуальных вяршынях, па сутнасці, нічога няма. Дакладней, там нуда асобы, якая існуе сярод хвалістых папугайчыкаў, бо не лічыць жа роўнымі сабе тых, хто жыве дзеля пакупкі дывана, водпуску ў Егіпце, п'янак з калегамі па працы і таму падобнай бязглуздзіцы. Не, гэта папугайчыкі. Ды і так званыя інтэлектуалы, у масе сваёй, тыя ж глумныя птушачкі, але з амбіцыямі і багемнай пыхай. Яшчэ горш тое, што справы папугайчыкаў можа быць не больш асэнсаваныя, чым мае. У гэтым парадокс. Яны папугайчыкі, але не факт, што ў маім існаванні больш сэнсу. У нас ёсць культ творцаў, таму што вінціць гайку на заводзе могуць многія, а напісаць, умоўна кажучы, геніяльную аповесць — далёка не ўсе. Вядома, я больш рэдкі фрукт — авакада сярод мясцовай падгнілай алычы. Але што з таго? Няўжо я ведаю для чаго я тут, чаму павінен буду сысці кудысьці (а можа проста знікнуць, назаўжды страціўшы прытомнасць). Усё жыццё разумніка — такая ж пустая пагоня за тым, што ўсё роўна нельга ўтрымаць (а часам нават атрымаць), як і жыццё дурня. Пры гэтым жыццё крайняга ідыёта, алігафрэна ў медыцынскім сэнсе, пазбаўлена ўскладненняў, гэта значыць, у некаторым родзе, нават лепшае за жыццё фанаберлiвага творцы. Калі да гэтага ідэалу не атрымаецца дацягнуцца, то можна хаця б стаць прасцей. Карацей, думаю, мне варта выпіць гэтую шкляначку. Ты са мной?