Аля захоўвала маўчанне. Яна апусціла галаву і не глядзела на мяне. Секунды — стагоддзі. Чаканне вісела ў паветры. Павольна падняўшы руку да адной са шклянак, яна злёгку штурхнула яе сваім мезенчыкам. Бдзінк! Узорыстая пасудзіна перакуліўся. Бірузовая вадкасць пацякла па бардовай кары масіўнага каменя і нібы радасны вадаспад палілася з краю незвычайнага алтара.
— Ты можаш выпіць, калі вельмі хочаш, — ціха сказала Аля ўсё яшчэ не гледзячы на мяне. — Але я не магу з гэтым пагадзіцца. Я пакахала цябе такім, які ты ёсць, і я кахаю цябе зараз, — у гэты момант яна падняла свае немагчымыя вочы, — кахаю менавіта такім.
Нечакана вада ў возеры змяніла колер і стала далікатна блакітнай. Я ўжо ведаў, што абяру. Узмах рукі і мая шклянка вывяргае бірузовы паток да нашых ног.
— Дурная дзеўка, — вымавіў я, ціхім, пяшчотным шэптам.
— Боўдзіла, ты яшчэ пашкадуеш, — прашалахцеў у апошні раз голас Бабы Крум. Потым запанавала поўная цішыня.
Я расплюшчыў вочы. Мой ложак. Ніякіх выдраў і шклянак з дзіўнай вадкасцю. Затое побач спала «Аля». Я паспрабаваў аглядзецца. Калі посахі тут і былі, то дакладна не магічныя.
Я ціхенька злез з ложка. Здаецца, я ўсё яшчэ ведаю хто такі Гегель, а значыць абрад «абдурвання» ад Бабы Крум не праводзіўся. Ці пашкадую я пра гэта? Вельмі верагодна.
Затое за акном расце мой сад. Тут у мяне яблыні, і бэз, і грушы, і таполі, і вішні, і агрэст, і зялёная траўка з кветкамі. На самых высокіх дрэвах — цэлая куча амелы. Часам яе вечна зялёныя шчупальцы падаюць на дарожкі саду… Вырваныя ветрам яны асуджаны на смерць, але яшчэ неверагодна доўга супраціўляюцца ёй, нават калі зямлю пакрывае белы, хрумсткі снег.
Міні-апавяданні з сацыяльнай сеткі
12 кастрычніка 2017
Неяк у беларускамоўным гіпермаркеце Еўраопт у Гродне, я ўзяў нейкую дробязь і адправіўся на касу. Беларусамоўнасць праяўляецца, у прыватнасці, у тым, што касіры гавораць на мове. Але, праўда, не заўсёды. Але калі б заўсёды, дык гэта ўжо было б дзіўна, так? Ну, карацей, часам кажуць, а часам няма і калі кажуць, то звычайна ўсяго пару слоў. Касіры на працы ўвогуле не вельмі шматслоўныя. Можа здацца, што завучыць парачку касірскіх фраз можна без асаблівай натугi, нават калі чалавек не ведае мовы…
— Добры дзень, — сказала дзяўчына касір. — А нужэн вам пакецік? А можаце пасматрэць, можа есьць тры капэйкі? Пасматрыце, калі ласка.
Вось гэта выдатны ўзровень мовы, так… і я адказаў:
— Не-не, я загадзя паглядзеў і ведаю, што трох капеек няма. Што ж зробіш.
На твары дзяўчыны на секунду здаўся выраз жаху, змяшанага са здзіўленнем, як калі б яна ўспомніла, што забылася аб пастаўленым варыцца супе, але яна адразу ж апусціла вочы. Забраўшы рэшту я накіраваўся да выхаду, а дзяўчына касір засталася працаваць. Верагодна, перад вачыма ў яе ўставала першая настаўніца мовы, у якой яна пыталася:
— Вераніка Браніславаўна, чаму ён назваў мяне «загадзя»? Я ж нічога дрэннага не зрабіла.
24 жніўня 2018
Зайшоў у аптэку купіць бінт. Перада мной была толькі адна дзяўчына — рослая, загарэлая асоба з мноствам татуіровак. У працэсе чакання сваёй чаргі я пачаў разглядаць нацэльны жывапіс маладзіцы. На шчыкалатках яе стройных ног красаваліся нейкія кветачкі, а на плячы — выява планеты і яшчэ чагосьці там… Заўважыўшы мой бястыжы позірк дзяўчына сказала: