Выбрать главу

Я жадаў растлумачыць суседцы, што зараз працую і не магу кінуць экспедыцыю. Я б сказаў ёй, што яна, па сутнасці, чужая для мяне жанчына і я не магу вырашаць іх праблемы. Не я ж быў у гэтых праблемах вінаваты. Мне вельмі хацелася гэта сказаць.

— Добра, Вера Максімаўна, я хутка прыеду, не хвалюйцеся, — прамовiў я, упэўненым голасам.

Паклаўшы трубку, я цэлую хвіліну мучыўся ад жадання зноўку патэлефанаваць суседцы і заявіць, што я не прыеду. Але замест гэтага я пайшоў развітвацца з калегамі.

— Гэта навошта ты з'яжджаеш, здурнеў ці што? Што гэта за суседка і чаму ты павінен ёй дапамагаць, не разумею? — пытаўся здзіўленым голасам Юрась.

Эх, тут ён у чымсьці мае рацыю. Я панура пайшоў да сваёй машыны і, паабяцаўшы таварышам вярнуцца яшчэ да вечара, скокнуў у салон.

На шчасце, ехаць трэба не так ужо i далёка. Я хутка праляцеў міма старых драўляных хатак, раскіданых па хутарах, і дробных рачулак, якіх так шмат у нашых краях. Праз гадзіну я стаяў у кватэры сваёй суседкі.

— Геначка! Ты не ведаеш, як я цешуся.

— Добра, Вера Максімаўна. Кажыце, што ў вас такое здарылася. Прабачце, але я спяшаюся, — мой голас гучаў, можа быць, трохi суха, але мяне можна было зразумець.

— Так, Геначка, я скажу зараз. Бачыш, вось… Нам проста зусім няма да каго звярнуцца. Ты ж ведаеш, што Вiталька не ходзіць. І яму патрэбны інвалідны вазок, пажадана добры, з маторам. Я сама ледзь перасоўваюся ўжо. Але грошы, разумееш, грошы, — тут на вачах Веры Максімаўны з'явіліся слёзы. — А ты ж нам дапамагаў, я памятаю. Можа быць ты і цяпер дапаможаш. Трэба вельмі шмат — тысячу даляраў. Потым як-небудзь аддам табе, што-небудзь прыдумаю.

Я быў надзвычайна здзіўлены.

— Але я ж просты археолаг, Вера Максімаўна! Вы ж бачыце, які вэрхал у краіне робіцца. Можа хутка археолагам наогул плаціць перастануць — няма будзе з чаго! Я б з радасцю дапамог, але няма ў мяне такіх грошай.

— Я разумею, Геначка, я ўсё разумею. Дзякуй, што прыехаў. Прабач мяне, дурніцу старую, за такія просьбы. Адны мы, Гена, зусім адны.

Калі я выйшаў ад суседкі, на душы быў такi цяжар, як быццам я здрадзіў самаму лепшаму сябру. Я разумеў, што ні ў чым не вінаваты, але ўсё роўна было вельмі сумна.

Калі я вярнуўся, праца яшчэ кiпела.

— Вось і прагульшчык з'явіўся, — заўважыў Юрась, а астатняя каманда засмяялася.

Я моўчкі палез у шурф і пачаў капаць максімальна хутка, каб адагнаць усе змрочныя думкі. Не прайшло і пяці хвілін, як сёе-тое знайшлося. Аднаго погляду на прадмет было дастаткова, каб зразумець — я сарваў джэкпот беларускай археалогii. Калегаў побач не было. Ніхто не бачыў маю знаходку. І ў гэты момант майго прафесійнага трыумфу, мне ў галаву раптам прыйшла дзіўная думка. Рука, як быццам незалежна ад маёй волі, сціснула ў кулаку каштоўную рэч.

Пасля адбою я засеў у палатцы з ліхтаром і пачаў вывучаць свой «Святы Грааль». Гэта быў залаты медальён, з выдатна выкананай выявай жанчыны, на плячы якой сядзеў кот. Пад жаночай фігурай змяшчаўся надпіс «MEREINA», зроблены гатычнымі літарамі. Відавочна — мне ўдалося знайсці адзіную пакуль выяву балтыйскай багіні палявання і лясоў, пра культ якой было вядома вельмі мала.

Не ведаю, як атрымалася заснуць. У сне я бачыў чырвонае неба, такое неверагодна прыгожае, што хацелася крычаць ад захаплення. І на фоне гэтага неба рэзка з'явілася постаць маладой дзяўчыны. Яна наблізілася да мяне. На плячы незнаёмкі сядзеў вялізны чорны кот. У дзяўчыны былі вялікія вочы і доўгiя валасы.

— Ты ўсё добра прыдумаў, Генадзь, — сказала дзяўчына. — Дзейнічай і пакінь сумневы. Усё будзе добра, і ўсё атрымаецца як трэба.

Тут я прачнуўся.

«Гэта ж тая самая багіня з медальёна — Мерэйна». Вось гэта было дзіўным, насамрэч.

З раніцы нашы курганы завалакло густым туманам. Але днём з'явілася яркае сонца, і мы пачалi бадзёра капаць, адчуваючы прыемны пах сырой зямлі. Вечарам я адважыўся! Рашэнне было цяжкім, і я доўга блукаў па лесе, штурхаючы раскіданыя на сцяжынках сасновыя шышкі. Але нават водар жывой ігліцы не мог мяне супакоіць. Выпіўшы для адвагі, я зазваў у палатку Юрася і з выглядам мацёрага змоўшчыка шчыльна зачыніў уваход. Затым я дастаў артэфакт, паказаў яго хлопцу, і прама спытаў:

— Колькі далі б за такі, твае сябры чарнушнiкi, як думаеш?

Юрась зрабіў нявінныя вочы.

— Ты пра што, наогул?

— Кінь гэта! Ты ведаеш пра што!

У поглядзе Юрася паступова разгаралася здзіўленне, пакуль ён пiльна глядзеў на артэфакт. Я адчуваў, што Юрка ўжо падлічвае ў думках гіганцкую суму, якую можна атрымаць ад продажу медальёна на чорным рынку.