«Так, Юрась, ты не самы сумленны чалавек. І я сам, мабыць, таксама».
— Колькі ты хочаш? — нарэшце прама спытаў ён.
— Тысячу даляраў, — спакойна адказаў я, разумеючы, што рэальны кошт у дзясяткі разоў большы.
— Вось не прагавіты ты, Тарасавец. Дамовіліся! — імгненна адказаў радасны Юрась.
Праз месяц я прыехаў да суседкі. У кішэні ляжала тысяча даляраў, атрыманая ад Юрася, а дакладней — ад ягоных ценявых таварышаў.
Але ў кватэры чамусьці была пара незнаёмых людзей, а Вера Максімаўна адсутнічала. Я пацікавіўся, дзе ж гаспадыня.
— Яна памерла, — без усялякіх цырымоній сказаў адзін з незнаёмцаў.
— Але як гэта? — прашаптаў я, адчуваючы, што гатовы проста сесці на падлогу пасярод залы.
— Віталь вунь там, у пакоі. Можаце з ім пагаварыць, калі хочаце.
Аглушаны жахлівай навіной, я машынальна прайшоў да пакоя. Вiталька сустрэў мяне маўчаннем і злосным позіркам. Я глуха прамовіў:
— Вiталька, я магу купіць табе вазок. Мяне твая матуля прасіла. Грошы я дастаў.
Хвіліну Вiталька толькі злосна тарашчыўся на мяне, нічога не адказваючы. Нечакана ён апусціў галаву і прамармытаў:
— Не! Я не заслужыў. Маці столькі гадоў са мной мучылася. На пахаванне грошы ёсць, а больш не трэба нічога. Пакінь сабе грошы. Або лепш, ведаеш што, — тут ён падняў галаву і паглядзеў на мяне ўважлівым позiркам, — аддай грошы ў дзіцячы дом. Мая дачка ў дзіцячым доме вырасла. Ужо не паправіш нічога, яна мяне бачыць не жадае. Але можна іншым дапамагчы. Зрабі так, Гена, калі хочаш.
Я выйшаў з кватэры ні з кім не развітаўшыся. У гэты ж дзень я ахвяраваў тысячу даляраў у дзіцячы дом. Праз тры месяцы Юрася злавілі падчас яго махінацый і выгналі з працы. Юрка заўсёды быў шчасліўчык і яму пашанцавала зноў — абышлося без крымінальнай справы. А яшчэ праз паўгады медальён Мерэйны ўсплыў на буйным аўкцыёне. Нейкі ананімны спонсар купіў артэфакт і, кажуць, мае намер перадаць яго ў адзін з беларускіх музеяў. Напэўна, мой сон быў прароцкім — усё атрымалася так, як трэба. Вось толькі я да гэтага часу не ўпэўнены, што зрабіў як трэба.
Андрэйка
(Мой дзёньнік у якім няма дат, бо пішу па памяці і даты не памятаю)
Дзверы ў кабінет начальніка заўсёды выклікалi ў мяне роспач. Так-так, адзін погляд на iх цёмную, вечна бруднаватую паверхню, адразу ж прыводзіў мяне ў стан крайняй нервовасці. Таму я хацеў праскочыць iх як мага хутчэй. Не надта гучна стукнуўшы ў ненавісную перашкоду, два разы, косткамі пальцаў, я націснуў на абшарпаную ручку і рашуча ўвайшоў.
— Дазвольце, Аляксандр Браніслававіч? — спытаў я, увайшоўшы ў кабінет.
— Заходзь, Андрэй. Ну чо, змагар? Ужо бачыў?
Начальнік зноў назваў мяне змагаром. Амаль уся ўправа называла мяне так, з-за таго, што я размаўляю амаль выключна на беларускай мове. Што тут дзіўнага? Я жыву ў Беларусі, я — беларус. Мая мама была настаўніцай беламовы ў школе. Чаму я не павінен гаварыць на роднай мове? Хаця… ніхто прама і не кажа, што не павінен. Проста ўсе вакол глядзяць на мяне, як на прышэльца. Ды яшчэ гэтыя жарты…
— Дык ты бачыў? — паўтарыў сваё пытанне Аляксандр Браніслававіч.
— Што менавіта?
— Надпіс на нашым будынку, што! — адрэзаў начальнік.
— Не. Неяк не заўважыў. Спяшаўся на дзяжурства.
— Злева ад уваходу здаравеннымі літарамі напісана «Дыктатура», — сказаў Аляксандр Браніслававіч, голас якога станавіўся ўсё больш сярдзітым.
— Шчыра кажу, не бачыў.
— Ну так схадзі і паглядзі! Потым вернешся!
Я выйшаў з кабінета і пайшоў па доўгім калідоры да выхаду з будынка. Мой бацька быў міліцыянерам, як і мой дзед. Але можа быць мне не варта было працягваць гэтую традыцыю? Дынастыя? Ну так… Дынастыя. Але калісьці ж трэба пачаць новую… Навошта мне гэта? Проста я з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. І вось — стаў! Працую некалькі гадоў. Праца, вядома, не цукар. Неяк я бег за хуліганам і выкрыкваў загады спыніцца, а ён на судзе потым сказаў, што не разумеў мяне, бо не ведае мовы, на якой я яму крычаў. Белабрысы беларускі хлопец з прозвішчам Андрушевiч не ведае мовы…
Я выйшаў на вуліцу і агледзеўся. Злева ад уваходу сапраўды ззяў яркi вялікi надпіс: «Дыктатура» выпісаны жоўтымі літарамі, даволі акуратна. Я вярнуўся ў кабінет начальніка.
— Ну шо, бачыў? — спытаў Аляксандр Браніслававіч, адарваўшыся ад вывучэння дакументаў.