Выбрать главу

— Так точна.

— Я вось думаю, ці не ты гэта напісаў, змагар ты наш. А?

— Што? — мой голас гучаў здзіўлена. — Ды як вы наогул можаце мяне падазраваць? Глупства нейкае. Навошта мне гэта?

— Дык ты ж у нас самы несвядомы.

— Гэта чаму ж?

— Сам ведаеш! — заявіў начальнік.

— Паняцця не маю.

— Ну хопіць прыдурвацца, Астапеня! — прыкрыкнуў палкоўнік. — Ты, * ляць, усё разумееш… А калі не хочаш, каб цябе, у такіх сітуацыях, падазравалі, то і паводзь сябе як чалавек, размаўляй нармальна…

— А я што ненармальна размаўляю? Я што не маю права размаўляць на роднай мове, якая, дарэчы, дзяржаўная?..

— Маеш-маеш, — перапыніў мяне Аляксандр Браніслававіч, — я проста табе па-добраму хацеў параіць… ну каб ты ў такія вось сітуацыі не трапляў.

— Ды якія такія? У вас наогул ніякіх падстаў мяне падазраваць няма.

— А вось і ёсць.

— Не, няма падстаў.

— Ты мне яшчэ будзеш тут спрачацца, нягоднік! — крыкнуў начальнік.

— Не-не, — адказаў я.

— Кароч, ясна ўсё з табой… Ідзі і падумай аб сваіх паводзінах!

— Пра што канкрэтна падумаць?

— Вольны! — гаркнуў палкоўнік і я выйшаў з кабінета.

Надпіс зафарбавалі хутка. Але праз некалькі дзён ён зноўку з'явіўся на тым жа месцы, амаль такi ж, як першы. Вялікi, зроблены жоўтай фарбай, надпіс: «Дыктатура» зноў бударажыў наша міліцэйскае ўпраўленне, будынак якога раскінулася ў цэнтры горада на невялікай горцы. З раніцы я быў на працы і мяне зноў выклікалі да Аляксандра Браніслававіча.

— Бачыў? — спытаў палкоўнік, гледзячы на мяне спадылба.

— Так точна, бачыў.

— Што думаеш?

— А што я магу думаць?

— Ты мне дурня не ляпі! — крыкнуў начальнік.

— Вінаваты…

— Ну, карацей, Астапеня, спытаю прама: ты пісаў?

— Не, не я, — сказаў я цвёрдым тонам, гледзячы палкоўніку прама ў вочы.

— Хм… А я вось на цябе падумаў.

— Гэта я ўжо зразумеў.

— Ну раз не ты, то добра. Давай тады займіся гэтай справай. Трэба знайсці гэтага мастака *ляць, маць яго… Зайдзі да Колі. Хай табе пакажа запісы з камер. Круціся як хочаш, а знайдзі гэтага *ляць Айвазоўскага…

— Айвазоўскі пісаў марскія пейзажы, — сказаў я і тут жа прыкусіў язык.

— Ты што яшчэ і разумнічаць будзеш? — з кіслай усмешкай спытаў начальнік.

— Не.

— Пайшоў нахрэн адсюль да Колі! — загрымеў Аляксандр Браніслававіч, узнімаючыся з крэсла і хутка чырванеючы.

— Ёсць! — спалохана крыкнуў я і, чаканячы крокi, выйшаў з кабінета, пачуўшы ў спіну «Змагар, маць тваю».

— Здарова, Андруха змагарок, БЧБ не захапіў? — сказаў Коля, калі я ўвайшоў у яго кабінет. — Ты, мабыць, наконт запісаў з камеры над сценкай, на якой гэты хрэнаў надпіс, так?

— Так, — адказаў я.

— Няма там нічога.

— Як гэта нічога няма? — прамармытаў я. — З крайняй камеры павінна быць бачна.

— Павінна, але не бачна, — сказаў Коля.

— Мда… — сказаў я задуменна.

Праз тыдзень надпіс зафарбавалі, а яшчэ праз дзень ён з'явiўся зноў.

— Ну як поспехі? — спакойна спытаў Аляксандр Браніслававіч, але маё натрэніраванае вуха пачула ледзь улоўныя ноткі гневу ў яго голасе.

— Я… я не ведаю… — прамармытаў я.

— А хто ведае? Хто павінен, маць тваю, ведаць, — зароў начальнік. — У Колі быў ці бегаў на мітынг з БЧБ?

— Так точна, быў, — адказаў я.

— І што? — спытаў палкоўнік.

— Нічога. На вiдэа нічога няма.

— Маць вашу, ды як на вiдэа можа нічога не быць, калі крайняя камера ахоплівае гэтую сценку, а?

— Я… я не ведаю… — прабуркаў я.

— Трыдварасы, маць вашу, — бушаваў начальнік. — Добра, я сёе-тое прыдумаў, — сказаў ён трохі супакоіўшыся.

Праз тыдзень над тым самым месцам, якое аблюбаваў для сябе няўрымслівы мастак, паставілі яшчэ адну камеру. Надпіс паспелі зафарбаваць за два дні да гэтага. Аднак праз некалькі дзён ён з'явіўся зноўку, а Коля далажыў, што і новая камера не змагла зафіксаваць няўлоўнага аматара жоўтай фарбы.

— Ты мне пакладзеш пасведчанне на стол, змагар! — пагрозліва прашыпеў палкоўнік, калі я зноў увайшоў у яго кабінет.

— Ды за што? — амаль выгукнуў я.

— А за тое, змагар, — адрэзаў Аляксандр Браніслававіч.

— Ды я ж не вінаваты… Што я магу зрабіць?

— Тое-сёе можаш, тваю маць, — сказаў палкоўнік, злёгку пастукваючы пальцамі па стале і радасна пасміхаючыся. — З сённяшняй ночы будзеш дзяжурыць у машыне і падпільноўваць гэтага Айвазоўскага…