Затое тут ёсць заспакаяльнае, нізкае неба, яркае, халаднаватае свяціла, натуральны прастор паміж каменнымі куфэркамі асабнякоў. Свежы вецер з лёгкім пахам гніення… Парачка з дзіцем, веласіпедыст… Ціха, спакойна, але недзе ў гэты час адбываюцца драматычныя падзеі. Хома сапіенсы забіваюць, спрабуюць забіць, спальваюць дамы са скверамі, б'юцца, каб выратаваць іх ад агню. Я ж проста іду. Чую ў вушах музыку армяна-амерыканскага гурта. Побач са мной рухаецца Аля. Мы падыходзім да згаданага раней маста. За ім будзе яшчэ адзін масток — больш стары. Нас цікавіць першы. Ён даволі шырокі. Увайшоўшы ў яго таямнічую арку можна ўбачыць мноства «дугавых рэбраў». Бетонныя костачкі надзейна трымаюць нязграбны, масіўны мост на сваіх выгнутых, натруджаных спінах. Злева ад нас, паміж гэтымі рэбрамі, дванаццаць прасветаў, справа — восем. Мы праходзім пад мастом, затым нейкі час сядзім на размаляванай маркерам, цёмна-карычневай лавачцы. Стукаю косткамі па драўлянай спінцы, там, дзе былая хвоя злёгку нагрэлася ад сонца. Расла сабе, год, два, пяць. Кола быцця! Пад скрыгат пілы, працаўнiчок сканчае цыкл вырастання іглічнай грацыі. Потым рабочыя камунальнай гаспадаркі робяць з сушаных касцей, у якіх некалі беглі сокі, тлела жыццё, нешта адносна зручнае для чалавечай задніцы. Дрэва памерла, але я крыху жывейшы за лаўку. Таму рады, што зараз на мёртвым сядзенні прымасціліся спакушальныя ягадзіцы маёй спадарожніцы, абцягнутыя тугiмі, шэрымі штонікамі, а акрамя таго, значна менш цікавая, мужчынская задніца — мая.
— Як тут усё ж файна, — уздыхае Аля.
— Гэта так, — згаджаюся я, а потым, нечакана для суразмоўніцы, дадаю. — Ты б хацела памерці менавіта цяпер? Вось менавіта ў гэты канкрэтны момант, калі табе цудоўна, спакойна? Проста зачыніць вочы, больш ніколі не адчыняць? Відавочна, што далей нас, як усіх на свеце, чакае яшчэ шмат сумных падзей, дык ці не лепш перабіць сімфонію на адным радасным, мажорным акордзе?
Аля моўчкі глядзіць мне ў вочы. Яна падцягнула нагу ўверх і цісне каленкай на драўняны хрыбет мёртвай лавачкі. Злёгку закусіла ніжнюю губу (люблю, калі яна так робіць) паправіла злёгку дрыготкімі пальчыкамі пасму валасоў.
— Тады я ніколі не вазьму на рукі сваё дзіця, — нарэшце адказвае яна, — і, хоць яго трэба прывесцi на свет у пакутлівых родах, усё ж, я хацела б выпрабаваць гэта.
— Трэба яшчэ і зачаць, — удакладняю я.
— Я чамусьці мяркую, што з гэтым вельмі вялікіх праблем не будзе, — адказвае Аля, гледзячы на мяне смяшлiвымi вачыма пры гэтым какетліва паднімаючы бровы.
— Нарадзіць дзіця значыць выракчы для яго смерць, — Тэт апавясціў дзяўчыну на мёртвай лавачцы. — Так, пра гэта дакладна думае не кожная маці. Ты дорыш жыццё, але зусім ясна тое, што жыццё твайго дзіцяці скончыцца. Калі не адмахвацца ад статыстыкі, то можна даволі ўпэўнена заявіць, што наўрад яно скончыцца ва ўзросце ста двух гадоў, падчас найглыбокага сну. Вельмі верагодна, што смерць гэтая будзе звязана з пакутамі, ды і само жыццё дзіцяці, трэба думаць, будзе звязана з пакутамі. Можна быць нават мільярдэрам, мець поўную ўпэўненасць, што ты ўжо дакладна зможаш даць сваёй крывіначцы неабходны дабрабыт, але дзіця, раптоўна, можа захварэць на нешта такое, што не вылечаць нават шарлатаны лекары, за ўсе назапашаныя, праклятыя мільярды. Дзіця можа патрапіць пад машыну, застацца інвалідам, напрыклад. Ва ўсіх такіх выпадках адказнасць будут несці тыя, хто далi гэтае выдатнае жыццё — бацькi. А можа роды — своеасаблівая эстафета помсты? Бацькі выцягнулі ў гэты ідыёцкі свет цябе, а ты адыгрываешся на сваіх дзецях, падумваючы аб тым, што неабходзен той, хто транспартуе шклянку вадкасці да падгалоўя ложка, калі ногі ўжо не дазволяць дабрацца да кухні. Выстрэльваеш дзіця ў свет граху, быццам корак ад шампанскага. Матывацыя зразумелая, але корку ад гэтага не лягчэй. Так, вядома, дзіця чакаюць радасныя момант. Я сам быў практычна абсалютна шчаслівы ў раннім дзяцінстве. Толькі наступны боль наўрад цi загасне ад прыемных момантаў, ці, прынамсі, я цяпер не зусім у гэтым упэўнены.
Мая спадарожніца даволі доўга маўчала, яе далікатная ўсмешка таксама, як быццам, была ціхай і лагоднай.
— Ты маеш рацыю, маеш рацыю шмат у чым, — Аля глыбока ўздыхнула. — Але я проста хачу гэта выпрабаваць. Логіка бяссільная, мабыць.