— Залаты?
Падперла Ірка бакі рукамі і глядзіць на мяне. Сапе як мядзведзь. Бачу нават хістацца пачала. Відаць п'яная яшчэ, як тая халера. Памахаў я галавой і кажу:
— Што ты за чалавек, калі дзеля сына самагонку кінуць не можаш?
Маўчала Ірка яшчэ імгненне, а потым з кулакамі на мяне кінулася. Зусім здурнела баба. Адцягнуў я яе да ложка, і кінуў на прасціну. Ну і да выхаду пайшоў. А яна ўсё крычала:
— Сына прывядзі, паскуда. Не прывядзеш сёння, я яму заўтра галаву скручу. А вашу хату спалю. Шчыра кажу, спалю. Гарэць будзеце з бацькам, як дровы.
Што тут скажаш. Дурная! Вось што цукроўка з людзьмі робіць.
Прыйшоў дадому, а там Віцька мяне чакае.
— Ты чаго не спіш, а?
— Вы да мамы хадзілі?
— Ну так, за партфелем тваім.
— А мама як там? Спіць? Ёй хоць не кепска? А то бывае ёй дрэнна, калі нап'ецца?
— Спіць.
Схлусіў я, каб хлапчука не трывожыць, а той усё не супакойваецца.
— Можа я ўсё-ткі дадому пайду, а, дзядзька Антон? Раптам маме дрэнна будзе. Я хоць памагу, калі што.
Памаўчаў я трохі, а сам адчуваю, што слёзы да вачэй падступілі.
— Не, Віцька. Не хадзі. Спіць яна ціха. Усё добра. Заўтра сустрэнецеся.
Ледзь паклаў хлопца. А сам думаю:
«Сапраўды малец гэты дзіўны нейкі. Як маці такую любiць можна. А гэты вось можа. Рабі дабро людзям, хай б'юць ботам у грудзі, як той казаў».
Так і ішоў час. Часта Віцька ўцякаў да нашай хаты. Ну а як падрос, маці стала баяцца яго біць. Стаў ён хлопцам высокім і моцным, з цёмнымі вусікамі, і з велікiмі такімі рукамі. Цэлы дзень мог мяшкі з мукой цягаць і нават не змакрэць. Дзеўкі ў вёсцы аж уздыхалі, калі Віцька міма ішоў.
А потым пачалася вайна. Было тады Віцьку ўжо семнаццаць гадоў.
Неяк ехалі мы з бацькам на возе ў Дэмбрава, і тут нас трое немцаў спынілі. П'яныя былі фрыцы, як твае зайцы вясной. Усталі мы, а адзін немец кажа:
— Кута ехай?
— У Дэмбрава, — адказваем.
— А зачыем?
— Дровы хочам прадаць.
— Трафа?
— Дровы.
Пераглянуліся немцы. Відаць свярбіць ў іх у азадках нешта. Хочуць прычапіцца і думаюць як. Ну самы здаровы фрыц доўга думаць не стаў і кажа бацьку:
— Злазь, морта, і кланайся нам.
А бацька маўчыць, як вады ў рот набраў
— Кланайса. Шнэль, кланайса! Тафай!
Пакрычаў той немец трошкі і замоўк. Глядзіць на бацьку, а той на яго. А ў бацькi дык погляд жорсткі. Часта яму казалі, што як у вочы ён паглядзіць, так у чалавека і сэрца абваліцца. Вось і немец той не вытрымаў. Адвёў вочы. Ну а бацька хацеў ужо каня хвастануць і далей ехаць. І тут немец той, сволач подлая, пісталет выхапіў і два разы ў бацьку стрэльнуў. Я наперад ірвануўся, але ўдарылі мяне прыкладам у патыліцу. Тут у мяне ў вачах і пацямнела. А калі адкрыў я вочы, аказалася, што ляжу ў сваёй хацiне, а каля мяне Віцька стаiць. Ён мяне дахаты давёз, пасля таго як на дарозе падабраў. Доўга я ля калёс ляжаў, а бацька на возе. Толькі ў яго ўжо ўстаць не атрымаецца. Забіў яго немец. Ну, а калі вылежаўся я трошкі дома і ўстаў, сталі мы вырашаць, што далей рабіць.
— Мне ваш баця як родны быў, дзядзька Антон, — так мне Віцька сказаў.
Вырашыў я, што плакаць доўга не буду.
— Пайду я да партызанаў, Віця.
Бачу вочы ў пацана загарэліся, як калісьці даўно, калі я яму пра расцiнкi расказваў.
— Я дык і сам пра гэта думаў. Правільна вы кажаце. Вазьміце і мяне з сабой.
— Не магу, Віцька.
— Чаму?
— Так сумленне мяне зьесьць. Ты ж пацан яшчэ. Заб'юць цябе жаўтаротага, што мне рабіць? Як самому сабе дараваць, што я цябе з сабой узяў? Не. Не магу.
— Дык не хлопчык я ўжо. Вы ж бачыце, дзядзька Антон. Вы мяне з вашым бацькам чалавекам гадавалі. Каб не вы, мне б і жыць не было дзе, калі маці з дому гнала. Хачу я немцам за бацьку вашага адпомсціць. І за краіну. За ўсіх нас. Не возьмеце, так я ўсё роўна ўцяку ў лес.
Што тут рабіць. Пахавалі мы бацю, развітаўся Віцька са сваёй Іркай, якая яму і слова добрага на развітанне не сказала, і на наступны дзень мы ўжо ў лесе былі. Немцы партызан знайсці не маглі, але мы ведалі той лес добра. Знайшлі партызан. І ў атрад нас прынялі.