Выбрать главу

Доўга распавядаць аб розных нашых справах. Пускалі мы нямецкія цягнікі пад адхон, лавілі іх невялікія групы, а часам і на моцныя атрады нападалі раптоўна. І заўсёды са мной быў Віцька. Ваяка з яго атрымаўся выдатны. Мне такім ніколі не стаць. Хоць і малады пацан мой Вiцёк, а мог і ў рукапашную на немца пайсці, і са снайперскай вінтоўкі страляць, і ў засадзе сядзець цэлымі соднямі.

Неяк прывёў нас Віцька на дзікі хутар. Усяго адна старая хатка там стаяла. Вырашылі мы падкрасціся і глянуць што там ды як. Падабраліся да хаты, а там унутры як быццам бы дзіця плача, ціхенька так. Нiбыта і здалося. Але не. Плача сапраўды. Увайшлі ўнутр. У хаце толькі мёртвая жанчына і немаўля. Значыць фашысты маці забілі, а на дзіцяцю рука не паднялася. Так яго і пакінулі. Відаць гэта было нядаўна і таму ўсё яшчэ жывы быў дзіцёнак.

— Гэта хлопчык, — сказаў мне Віцька.

— Ну і што нам з ім рабіць? — адказаў я.

— Як што? Забярэм з сабой. Не кідаць жа яго.

— Як жа мы яго ў атрадзе будзем трымаць? У нас ні малака, ні ежы нармальнай няма. А ён жа нябось і цыцку папросіць. Маленькі ж яшчэ.

— Што-небудзь прыдумаем, дзядзька Антон. Возьмем з сабой, а потым у вёску якую прыстроім, дзе немцы не так лютуюць.

Сышлі з малым назад у атрад. Віцька нават малака яму здабыў. У аднаго таварыша выпрасіў.

А на наступны дзень паведамілі нам, што немцы ў нашай з Віцькам вёсцы, усіх жыхароў у вялікі драўляны дом сагналі і спаліць пагражаюць, калі партызаны ня прыйдуць і самі не здадуцца. Моцна мы немцаў мучылі тады, гэта факт. Вось і прыдумалі яны такое зверства.

Віцьку я знайшоў на беразе ляснога балотца. Глядзеў ён на тое балотца задуменна і летуценна неяк, як глядзяць на нешта прыгожае.

— Памятаю, дзядзька Антон, як прачнуўся я аднойчы ноччу, а мама побач з ложкам маiм стаіць, а ў руках нож. Ударыла б ці не? Цяпер і не важна гэта. Выцерпеў я ад яе шмат усяго. І вось яна там, у доме гэтым. І трэба падумаць. Падумаць і зрабіць выбар.

— Што тут думаць? — кажу яму. — Нічога ўжо не выправіш. Немцы і нашых з атрада, і вясковых пазабіваюць. Нельга туды хадзіць. Але мы ім яшчэ крыві пап'ём. Білі іх і біць будзем. І за вёску нашу адпомсцім, як за майго бацьку. Мы ўжо шмат чаго ім зрабілі. Адпомсцілі ўжо, і працягнем, не спынімся.

— Добра мы адпомсцілі, дзядзька Антон. Гэта дакладна. І праўда на нашым баку. Таму і радзіму нашу мы абаронім. Будзе яна вольная. Толькі трэба яшчэ крыху пачакаць. Але ўсё-ткі кожны павінен выбраць сваю вайну. Вырашыць для чаго ён ваюе і ў імя чаго ці каго прыносіць сябе ў ахвяру. Я так думаю.

— Нешта ты неяк складана кажаш, Віця.

— А ці праўда я табе быў як сын, дзядзька Антон?

Не чакаў я такога пытання. Але адказ на яго ведаў даўно.

— Так, — адказаў я яму, і паглядзеў у начное неба.

Пайшоў ён спаць. А мне неяк неспакойна было.

А раніцай даведаўся я, што сышоў Віцька ў ноч яшчэ з трыма таварышамі. Падкраліся яны да немцаў у нашай вёсцы і многіх перабілі. Спрабавалі да таго самага дому прабіцца, дзе людзей трымалі. Віцька мой загінуў апошнім. Кажуць, падарваў сябе гранатай разам з немцамі. Дом з жыхарамі спалілі, як і амаль усю вёску.

Доўга я сядзеў нерухома, успамінаючы Віцьку. І тады мне першы і апошні раз здавалася, што здзейсніў я нейкую жудасную памылку, але так і не магу зразумець якую. А слёз чамусьці не было.

— Марчук, што нам цяпер з дзіцём вашым рабіць? — пачуў я пытанне камандзіра.

Я паціснуў плячыма, а потым глуха прамовіў:

— Не ведаю.

— Як яго хоць клічуць, дарэчы?

Я памаўчаў і падняўшы на камандзіра вочы проста адказаў:

— Віктар.

Канатус

— Сяргей Арменавіч Лапаткоў? — спытаў мяне Эдуард афіцыйным тонам.

Я адчуў, што мой пухнаты «дварняковы» кот, вялікі і чорны, зноў вырашыў паджартаваць. Ён звяртаўся да мяне так афіцыйна, калі збіраўся мяне падражніць.

— Чаго табе, Эдуард? — спытаў я.

— Як чаго? Ты ж сам хацеў пагаварыць пра жыццё пасля эпідэміі? — спакойна, але не без ценю хітрай іроніі ў голасе, прамовіў кот.