— А вось пра корм ты нават не думай, — выпаліў кот. — Кармленне гэта святое.
— Гэта як ты… гэта… здагадаўся… — прамямліў я.
— Хм, ты хоць ведаеш, што насамрэч я Варгін, а не Эдуард, — прамовіў кот і ўстаў у гордую позу.
— Хто? — не зразумеў я.
— Вось адразу відаць, што не адсюль родам, — працадзіў мне скрозь зубы кот і насмешліва дзьмухнуў у мой бок. — Гэта ж такі чароўны чорны кот з беларускай міфалогіі.
— Ды хопіць ужо хлусіць! — выпаліў я і патрос у паветры кулаком.
— Увогуле, падводзячы вынікі, — сказаў кот памахваючы лапкай і важна паварушыўшы вусамі. — Пасля гэтай эпідэміі, ты, нарэшце, пачнеш жыць, а не рэпеціраваць. Часу на разварушванне няма. Твая задніца павінна стаць танчэй, жонка шчаслівей, а зарплата больш. Дзеля зарплаты яшчэ, вядома, прыйдзецца папацець. Гэты псеўдаапакаліпсіс — табе намёк. Завяжы з пустымі марамі і пачні марыць правільна, у працэсе рэалізацыі задуманага. Зразумеў, лапа? Глядзі мне. Канатус! Памятай, што павінен быць канатус!
Я радасна кіўнуў. І тут кот раптам стаў на заднія лапы і загаварыў вельмі мяккім і ліслівым голасам:
— Калі пачуеце тры вы прачнецеся, Сяргей. Раз, два, тры.
Я адкрыў вочы. Аказалася, што я зручна для сябе ляжу на кушэтцы ў доктара Ісаака Фендэльмана. Побач сядзела Наташа.
— Ну вось вы і прачнуліся. Сеанс гіпнозу скончаны, — ласкава прамовіў псіхааналітык. — Вы вельмі добра паддаецеся ўздзеянню. Не ад кожнага пацыента можна дамагчыся такога якаснага апускання ў транс.
Мы горача падзякавалі доктару, нацягнулі маскі і выйшлі з кабінета. Было цудоўнае надвор'е — зусім не апакаліптычнае. Трэба было яшчэ заехаць у зоамагазін і купіць напаўняльнік для кацінага туалета. У Эдзіка (ці як там яго на самай справе клiчуць) ён расходаваўся вельмі хутка.
— А хто такая гэта Маша Волкава? — спытала Наташа. — Раскажы падрабязней.
Я сумеўся, а жонка раптам падміргнула і весела сказала:
— А ведаеш, я таксама даўно хачу паспрабаваць утрох. Вось перажывем канец света і…
Шымонка
3 студзеня 2016 года
Маё імя Шымон Лявінскі. Гэта мой дзённік пра вяртанне на радзіму продкаў — Беларусь. Я буду пісаць яго на беларускай мове, якую мне ўдалося вывучыць за дзевяць месяцаў. Гэта, мабыць, сімвалічна. За гэты тэрмін ува мне нарадзіўся беларускі габрэй. А можа быць ён ніколі і ня паміраў, бо памяць той зямлі, на якой мае продкі жылі стагоддзямі, не магла проста так сысці з душы маёй. Вучыць было не так цяжка, бо ў мяне з дзяцінства велізарныя здольнасці да моў. Акрамя таго, я ўжо ніштавата ведаў рускую, якая даволі-такі падобная да беларускай, як, зрэшты, і іншыя славянскія, з якіх я ведаю польскую і сербскую. Дастаць падручнікі беларускай, тут у Тэль-Авіве, было неверагодна цяжка. Але ў нас добрая і развітая краіна і тут можна дастаць сапраўды шмат усяго. Я вельмі люблю Ізраіль, але нешта ў глыбіні сэрца кажа мне, што далёкая і загадкавая Беларусь можа стаць маёй сапраўднай радзімай.
Цяпер мне семнаццаць гадоў. У мяне няма ніякай вядомай мне радні ў Беларусі. Я еду туды і нават сам не ведаю, чым мяне сустрэне гэтая халодная краіна, пра якую ніхто толкам нічога не можа сказаць. Я стараўся шмат чытаць у інтэрнэце, але на англійскай пра Беларусь амаль не пішуць. Трохі больш мне ўдалося даведацца, калі я вывучыў беларускую. Але, як я зразумеў, гэтая мова не вельмі папулярная ў Беларусі. Гэта здаецца мне дзіўным. Можа я здолею зразумець, чаму так адбываецца, калі апынуся на беларускіх землях.
Мае продкі жылі на захадзе беларускіх земляў. Тады гэта была Расійская Імперыя. Родным горадам быў для iх Гродна. Вось і ўсё, што я ведаю з расказаў старэйшых. Яшчэ бацька крыху ўспамінаў аб цэлым габрэйскім квартале ў Гродне, пра тую неверагодную атмасферу, што там панавала. Але ён ведаў гэта па расказах дзеда, якія слухаў не вельмі ўважліва. Таму сувязь з той зямлёй зараз у нас амаль страчана ў памяці нашай. Але не ў сэрцы.
Сям'я падтрымала мяне ў рашэнні ехаць. Вядома, яны былі вельмі здзіўлены маёй цікавасцю да Беларусі і яшчэ больш маім рашэннем туды паехаць. Але яны добрыя і разумныя людзі. Яны сказалі, што, мабыць, гэта мой шлях, прайшоўшы па якому я змагу больш даведацца пра сябе.
Раней я працаваў у фірме бацькі. Гэта вялікая і цікавая праца. І яна прыносіла немалы прыбытак. Так што грошы на паездку ў мяне ёсць.
Такім чынам, усё гатова. Я крыху хвалююся перад сустрэчай з Беларусю. З Гродна — горадам продкаў. У наступны раз я напішу ў гэты дзённік ужо пасля прыбыцця туды.