Выбрать главу

Напішу трохі аб больш простых рэчах. Цэны ў крамах тут прыкладна як у Еўропе. Але Натан патлумачыў мне, што заробкі беларусаў значна менш еўрапейскіх. Самі беларусы ў асноўным вельмі спакойныя і звычайна ветлівыя, хоць і не вельмi ўсмешлівыя. Я бачыў тут і велізарную колькасць цемнаскурых прыезджых. Раней я думаў, што ў Беларусі не будзе наогул ніякіх замежнікаў. Але аказалася, што тут шмат студэнтаў з Афрыкі. Яшчэ я думаў, што тут значна больш п'юць гарэлку. Але сапраўды п'яных людзей тут не так і шмат. Тут яшчэ вельмі чыстыя вуліцы. У параўнанні з Парыжам гэта проста нейкая стэрыльная лабараторыя. Тут даволі шмат паліцыі, якая называецца міліцыя. Натан сказаў, што тут амаль няма сур'ёзных злачынстваў.

29 лютага 2016 года

Натан паказаў мне габрэйскую спадчыну горада. Аказваецца, за ракой была драўляная сінагога. Дзіўны будынак. Ніколі не бачыў падобны. Але цяпер ён існуе толькі на фотаздымках. За Харальнай сінагогай, быў цэлы яўрэйскі квартал. У горадзе яшчэ шмат сінагог. Яны значна меншыя, чым Харальная і не такія цікавыя. Аказваецца, у горадзе нарадзілася шмат вядомых габрэяў: паэт Найдус, Пол Бэран, які быў адным са стваральнікаў інтэрнэту, гангстэр Меер Ланскі, мастак Бакст.

За ракой да гэтага часу захоўваюцца старыя габрэйскія могілкі, усе зарослыя лесам.

Але самыя моцныя пачуцці ў мяне былі, калі мы ўвайшлі на тэрыторыю былога гета. Там нельга ўбачыць нешта асаблівае, акрамя помніка ў гонар габрэяў на браме, але я адчуваў фізічна частку болю майго народа, калісьці сабраную тут у адну вялікую раку, па якой душы іх прымушалі плыць бязлітасныя каты. Гэта былі дзіўныя, страшныя і незабыўныя хвіліны. Я не мог доўга знаходзіцца ў тым месцы.

3 сакавіка 2016 года

Тут усё яшчэ даволі холадна. Вельмі змрочна. Але я ўжо прызвычаіўся. Распавяду пра свае пачуцці. Я ўжо даволі доўга ў Беларусі. Самыя дзіўныя мае надзеі апраўдаліся. Гэты горад — Гродна, мне сапраўды спадабаўся. Хоць я працягваю думаць, што ён стане значна прыгажэйшы, калі сюды прыйдзе цяпло. Тут вельмі шмат габрэйскага. Гэта проста трэба ўмець заўважыць пад пластамі іншых культур. Гэта сапраўды прарадзіма майго народа, і тут ён жыў стагоддзямі, уцёкшы ад жорсткіх людзей, што прыгняталі вандруючы Ізраіль.

У Беларусі савецкі сцяг і мне кажуць тут, што Беларусь вельмі савецкая. Я ніколі не жыў у Савецкім Саюзе, і мне няма з чым параўнаць. Але я ўяўляў сабе камуністычныя краіны прыкладна такімі. Я не так дрэнна стаўлюся да камунізму, бо Карл Маркс быў такім жа габрэем як і я, але ўсё-такі не магу зразумець навошта камунізм патрэбен Беларусі цяпер, калі ў яе ёсць магчымасць зрабіць усё, як у Еўропе. Або Ізраілі.

Аднак узнікае пытанне: што мне рабіць тут? Грошай маёй сям'і хопіць з запасам на жыццё ў гэтай небагатай краіне, але я не хачу заўсёды сядзець на шыі ў бацькоў. Знайсці працу тут не могуць нават мясцовыя, таму і мне, відавочна, будзе няпроста гэта зрабіць. Акрамя таго, мне растлумачылі ў суполцы, што знаходзячыся тут я павінен яшчэ і плаціць нейкі дзіўны падатак, які мясцовыя называюць «падатак на дармаедства». Гэта невялікая для мяне (і вялікая для мясцовых) сума. Але я не разумею чаму я наогул павінен плаціць за нешта паветранае. Гэта нейкі збор з сярэднявечнай Еўропы, нешта накшталт даніны сялян для феадала, якую яны выплачвалі зайцамі. Такое я бачыў у адным галівудскім кіно.

У гэтай краіне няма дэмакратыі і працы, а жыхары не любяць уласную мову. Тут шмат дзіўных падаткаў і даволі холадна. І ўсё ж такі я ўжо трохі палюбiў яе.

7 красавіка 2016 года.

Сёння дзіўны і даволі цёплы дзень. Я гуляў на поле за Харальнай сінагогай, дзе калісьці быў габрэйскі квартал, і раптам заўважыў дзяўчыну мастачку, якая сядзела на невялікім зэдліку і малявала саму сінагогу. У яе былі залацістыя валасы. Я бачыў толькі яе профіль. Яна была такая засяроджаная на сваёй працы, а сонца залівала яе з ног да галавы сваім святлом. Ніколі яшчэ я не адчуваў столькі пяшчоты да якога-небудзь чалавека. Вось так проста. Убачыў і адразу зразумеў, што гэта мая дзяўчына. Я хацеў загаварыць з ёй. На шчасце, у мяне быў час падумаць і сабрацца, бо яна нікуды не сыходзіла, а проста сядзела і малявала. І я падышоў. Не ведаю, як я наважыўся. Але я наважыўся. Насуперак маім страхам, дзяўчына прыняла мяне добра, мы лёгка разгаварыліся, таму што яна была вельмі ветлівая. Яе клічуць Марыя. Гэта дзіўна, але яна таксама габрэйка. Дакладней габрэйка толькі па маме. Іх сям'я ўжо даўно жыве ў Гродне. Падчас Другой сусветнай яе продкі жылі непадалёк ад Гродна і змаглі выратавацца ад немцаў. Я… як гэта напісаць… Ах так! Я зачараваны ёю. Вось добрыя словы.