Выбрать главу

9 красавіка 2016 года

Мая новая сяброўка ведае Гродна і яго гісторыю вельмі добра. Гэта цудоўна. Сёння разам з Машай мы заходзілі ў Фарны касцёл. Гэта велізарны каталіцкі храм. Хай ён і не частка нашай культуры, але ён сапраўды выдатны. Асабліва мяне ўразіў галоўны алтар гэтага храма. Ён проста грандыёзны! Не памятаю, каб я бачыў яшчэ дзесцi ў Еўропе нешта падобнае. Надвор'е было не вельмі добрае, але мы гулялі з Машай і не адчувалі нічога іншага, акрамя радасці. Гэта штосцi… што я не магу апісаць словамі.

15 красавіка 2016 года

Я закаханы. Як гэта сказаць… Вельмі моцна. Як кажуць на рускай: «по ушы». Я так мала ведаю Машу… Дакладней я ведаю яе на вельмі доўга. Але адчуваю, што ведаю яе ўсё жыццё. Вось менавіта так і кажуць закаханыя дурні, у рамантычных фільмах — і я мог бы быць адным з іх. Хоць я і не герой фільма. Але галоўнае, што адбылося сёння: мы стаялі на высокім беразе ля Нёмана і трымаліся за рукі, а вецер шкуматаў нашыя валасы. І я пацалаваў яе… Не, гэта не быў наш першы пацалунак. Першы раз мы пацалаваліся два дні таму, калі я праводзіў яе. Але менавіта гэты пацалунак на абрыве я хацеў бы запомніць, як наш першы. Здавалася, што мы з ёй сам на сам у гэтым горадзе. Вецер шумеў у лістоце над нашымі галовамі. І я ведаў, што рашэнне прыехаць сюды было лепшым у маім жыцці.

20 красавіка 2016 года

Маша гасцюе ў мяне. І я прапанаваў ёй пагуляць у шахматы, якія прывёз з сабою з Ізраіля. Маша, вядома, умее гуляць у шахматы, бо яна габрэйка. Так я сказаў ёй смеючыся, і яна таксама засмяялася. Люблю яе смех. Ён пяшчотны і звонкі адначасова. Яе залатыя валасы і неверагоднага адцення блакітныя вочы… Гэта як сон, у якім хочацца быць. Я пішу столькі глупстваў. Я закаханы дурань. Каханне, як габрэйская мама — хоча цябе кантраляваць і ў яе гэта атрымліваецца.

4 мая 2016 года

Мы каталіся з Машай на тралейбусах. Гэта жудасна дзікі тып грамадскага транспарту, тут у Гродне. З канцовай на канцовую. І калі мы вярталіся на ім апошні раз, было ўжо позна і ў салоне не было нікога акрамя нас і нейкай бабулькі з дзіцём. І мы цалаваліся з Машай, пакуль міма нас, за акном, праплываў гэты спакойны, вячэрні горад, вузкія вулачкі ягонага цэнтра. Гэтыя дні — дажджлівыя. І мы часта з Машай проста слухаем, як кроплі падаюць на падаконнік маёй кватэркі на Рэйманта. Кап-кап-кап. Здаецца, так перадаецца гук дажджу на беларускай.

5 мая 2016 года

Сёння я купіў гітару. Добрых і дарагіх гітар мне тут выявіць не ўдалося, але і гэтая гучыць не так дрэнна. Цяпер я магу граць Машы. Ёй вельмі падабаецца, як я граю на гітары, і толькі тут я зразумеў для чаго бацька прымушаў мяне вучыцца граць. Гэтыя струны звіняць, як мая душа. Гэта каханне! Каханне, як гітарныя струны — радуе і дапамагае спяваць, але часам рвецца. Ну вось! Я зноў нясу нейкую лухту.

6 жніўня 2016 года

Я даволі доўга не пісаў у гэты дзённік. Калі чалавек так моцна закаханы, яму хочацца не апісваць свае дні, а проста перажываць іх і спадзявацца, што яны не скончацца. Я меў рацыю. Горад сапраўды стаў выдатным з надыходам цёплых дзён. Заквітнелі паркі, у далінах цячэ вада. А пагоркі пакрытыя зялёнай травой. І пасярод гэтага ўсяго мы гуляем з Машай. І сёння яна сказала мне, што я стану бацькам. Няма такіх слоў, якія дапамаглі б мне выказаць тое, што я адчуў. Мы яшчэ такiя маладыя, але я вельмі рады і зусім не шкадую.

Мы марым ажаніцца тут. Але спачатку я хачу адвезці Машу ў Ізраіль. Спадзяюся тата і мама ўзрадуюцца знаёмству з ёй. Я гэтага вельмі хачу.

19 жніўня 2016 года

Маша бачыла дзіўны і страшны сон. Як быццам я загінуў у тэракце. Гэта яна бачыла вельмі выразна. Выбухнуў аўтобус, у якім ехаў я. Яна прачнулася і доўга плакала, а я не мог яе супакоіць. «Ну што ты, гэта ж проста сон», — казаў я ёй. Шчыра кажучы, я зусім не веру ў такія сны. І я зусім не рэлігійны. Унутрана я толькі пасмяяўся над гэтай сітуацыяй, хоць Маша, мне падалося, вельмі сур'ёзна гэта ўсё ўспрыняла. Гэта даравальна, бо яна мастачка і вельмі ўражлівая. Дарэчы, яна даволі моцна змянілася пасля нашай сустрэчы. Раней яна жыла адна, калі не лічыць чатырох котак, і была феміністкай. Цяжка зусім не быць феміністкай, калі ты жывеш адна і ў цябе чатыры коткі. Так мне казала адна весёлая сяброўка Машы. Калі пазнаеш беларусаў бліжэй яны ўжо не здаюцца такімі моцна панурымі.