Выбрать главу

26 верасня 2016 года

Вось і прыйшоў час развітвацца, Гродна! Але развітвацца не назаўжды. Хутка мы з Машай вернемся да цябе, выдатны зялёны горад, горад пагоркаў і прыгожых сінагог, у якім я сустрэў сваю жонку… Будучую жонку. Мы вернемся і пажэнімся ў гэтым горадзе. Абяцаю. Калі, вядома, я не падарвусь у аўтобусе, х-аха-ах. Часам я ўспамінаю гэты Машын сон і смяюся над ім. Але яна гэтага не любіць. Я таксама працягну пісаць гэты дзённік на беларускай мове. Абяцаю! Маё маўчанне будзе азначаць толькі адно — я сапраўды выбухнуўся.

Алёшка

Завуць мяне Аляксей Міхайлавіч. Мне дзевяноста гадкоў. Як жа яшчэ могуць пачынацца дзённікі і не ведаю нават. Гэта вось мой дзёньнік, які я цяпер буду весці, каб гаварыць хоць з кімсцi. У вёсцы нашай я жыхар апошні. Застаўся адзін стары дом, на ўскрайку леса. І ў доме гэтым адзін стары дзед — я. А як памерла мая Лукошка… Ну гэта котка мая. Котка Лукошка. Ну дык вось, як памерла яна, дык і зусім мне стала сумна і гаварыць мне наогул здаецца няма з кім…

Пасля вайны працаваў я нават інжынерам. Адукацыю ў горадзе-героі Мінску атрымліваў. Быў, хiба ж, на добрым рахунку… Ды потым да жонкі ў вёску перабраўся… А потым і ў сваю родную вярнуўся. Тады тут людзі жылі. Сем'яў трыццаць — не менш.

Ну дык былі ж тады часы… А цяпер вось пагаварыць няма з кім. Ну не з курыцай жа тупой гавэндзiць. Курыца яна цьфу і расцерці, дурная птушка. Ну дык i вось… Пра што гэта я?

Ах так… Пісаць мне яшчэ вочы даюць. Хоць і дзіўна гэта для мяне, але бачу я цалкам нядрэнна нават. Калі выходжу на ўзлесак гляджу на елкі і нават іголачкі бачыць магу.

Памятаю, вось гэтак жа добра бачыў я і старшыню нашага калгасу, у пяцьдзесят другім годзе, калі яго на нейкай калымазе павезлі ў горад. Казалі, што ён быў фашысцкі прыхвасцень. А толькі быў ён на самай справе партызан і фашыстаў біў не горш за многіх іншых. Але тады было ўсё адно. Ты грыб аль не ты, а лезь у рондальчык, калі так вырашыць кухар.

Жонка мая дык з'ехала даўно. Не хацела ў глушы гэтай жыць. Што ж рабіць. Адпусціў я яе тады. Цяпер вось часам і шкадую. Гадкi ішлі, а дакладней, ляцелі…

Быў такi час, калi я тут сябраваў з бабкай Франкай. Ну як сказаць сябраваў: хутчэй ужо не пераносілі мы адно аднаго, але гутарылі рэгулярна. Ну таму што з кім жа яшчэ гутарыць тут у глушы гэтай…

Адзінота прымушае рабіць дзіўныя рэчы, нават калі табе аднаму добра. Вось і мы з Франкай: адно аднаго не любім, а сустракаемся і гадзінамі гаворым. А часам і лямантуем гадзінамі. Спрачаліся з ёю, ох, як. Але потым зразумеў я адну рэч. Секчы дровы часцяком больш карысна для здароўя, чым секчы чужыя ілюзіі. Вось! Разумна як сказануў-та. На мяне находзіць часам, і я вось такія рандэля выдаю. Ну дык вось… Перастаў я ўжо з Франкай спрачацца. Хай баба будзе задаволеная, думаў. А яна ўсё чакала і дзівілася, а аднойчы і кажа: «Што ты, Міхалыч, спрачацца-та са мною перастаў? Стаміўся, ці што? Можа табе травак якіх для сну даць?» Забралі яе ў горад унукі, даўнютка ўжо. Я вось сумую часам па ёй.

— — — — —

Сёння мне адзін малайчына павінен быў дроў падвесці. У суседнюю вёску ездзіць ён. Там жа тое… Там народу пабольш будзе. Ну і да мяне ён павадзіўся. І дроўцаў, і прадуктаў падвозіць малёх. Дзякуй яму, чаго там. Так і жыву.

— — — — —

Хадзіў сёння ў лясок, у раён балотца нашага. Балотца гэтае спрадвеку называлі Гаштолька. Кажуць, што там князь літоўскі Гаштольд замак свой каменны ўтапіў. З замка таго як бы агеньчыкі бывае што падымаюцца. Ну па начах, вядома, робіцца такое. Гэта быццам ваяры князя з паходнямі скачуць. Але байка гэта і нічога больш. Балотныя агні, як адзін разумны чалавек неяк тлумачыў нам у годзе гэтак… Эх, не памятаю ў якім годзе, ды і што тлумачыў не памятаю, але толькі памятаю, што не ваяры гэта ніякія. Няма там такога. А ўсё-ткі я туды па начах хадзіць баюся. Хоць і то скажу, што і хадзіць туды па начах няма чаго. Хіба што папараць-кветку пашукаць. Бо хто знойдзе яе той і ўладу мець будзе. Такая ёсць лягенда. Толькі вось навошта мне ўлада. Мне дык яна ні да чаго ўжо. Ах вось! Яшчэ ўспомніў, што пра балота тое балбаталі. Казалі людзі, што немцы там патапіліся. Разам з танкам сваім у прыдачу. Глупства гэта. Хіба туды б танк той прайшоў. Глупства.

— — — — — —

Лепш за суніцы мясцовыя я і не бачыў ніколі. Маю iх сёння лукошка цэлае. Амаль як клубніцы гарадскiя і саладзейшыя нашмат. Вару з ягадак лясных сочыва. Узімку дык яно яшчэ як спатрэбіцца.