Выбрать главу

— — — — — —

У ноч сёння была навальніца страшная. Спаць не мог. Хацеў ужо напісаць што-небудзь у дзённік гэты, але пры свечках пісаць цемнавата мне. Нiколi ў вёсцы нашай электрычнасці не было. Была б лямпа з лямпачкай, дык і святла б хапіла. А так… Не пісаў я нічога, толькі на навальніцу тую глядзеў. Успышкі тутака хвоі асвятлялі белым святлом… I тут я і ўбачыў… Людзей убачыў. Стаялі на ўскрайку ў шэраг. Па-дурному гэта, але падумаў я пра воінаў князя таго балотнага — Гаштольда. Вочы працёр. Гляджу, а ўжо і няма нічога. Здалося, ясны пень. Зараз, калі з раніцы пішу гэта, дык смешна мне, а ўначы было страшна.

— — — — — —

Хадзіў на рэчку нашу. Парыбаліў самую драбніцу. Злавіў худога карася. Хоць і дрэнь дробная, а ўсё лепш, чым нічога. Ды і вадзіца цурчала так… Эх, думаю, добра. Паветра, вада, ды лясок наш. Што яшчэ трэба.

— — — — — —

Устаў тут з раніцы, умыўся ну і пайшоў у лясок, у бок Лысага пагорка. Пра пагорак той балбаталі старыя ў вёсцы, калі я яшчэ хлапчуком быў, што стаяў на ім дом татаркі адной. І калі міма ехаў падарожнік, выскоквала яна, ды і біла яго паміж вачэй булавой булатнай. Таму, ясная справа, капец. А татарка ў дом яго цягнула і там рэзала на кавалчкi, як дзіка якога-небудзь, ну а потым смажыла ды ела. Чаго толькі не казалi людзі. А можа і праўда гэта. Хто ж ведае. Але мне дык не на ўзгорак гэты трэба было. Згарнуў я направа, каля пагорка, ды і да старога крыжа пайшоў. Стаіць там у лесе стары крыж. Жалезны! Кажуць людзі, што паўстанцам супраць цара пастаўлены ён. Там я і малюся часам. Да касцёла бліжэйшага мне тупаць далекавата. Цяжка ўжо. Я ж не хлопчык. А да крыжа гэтага дайсці магу. А потым яшчэ і да каменя вялікага паварочваю. Казала мне бабка адна, якой гадоў сто было, калі я яшчэ хлапчуком босым быў, дык вось казала мне яна, што з даўніх часоў да таго каменю хадзілі людзі, ну як быццам бы маліцца. Папы ды ксяндзы не ўхвалялі тое. Яно і ясна! Але толькі людзі ўсё роўна хадзілі. Вось і я хаджу. Камень той увесь мохам парос. А ў зямлю ўвайшоў глыбока. Дык вось і я да гэтай зямліцы роднай, можна сказаць, прырос.

— — — — — — —

Вось жа дзень сёння. Чакала мяне, можна сказаць, нечаканасць раптоўная. Прыехала да мяне праўнучка. Алеськай клічуць. Жыве-та яна ў Амерыцы, куды яшчэ дачка мая даўным-даўно з'ехала. Рады быў я невымоўна, чаго там. Чайку ёй заварыў, з траўкамі ляснымі. Ну сядзім з ёй, балакаем. Ну і тут кажа яна мне:

— Дзеда, паехалі са мной у Амерыку, га? Чаго табе тут сядзець аднаму, без умоваў чалавечых. А ў нас у Лос-Анджэлесе дом…

— Дом? — у яе пытаю.

— Ага, дом, — кажа. — Давай да нас. У нас там акіян і пальмы, лекары для цябе добрыя, па пляжы шпацыраваць будзеш. На Галівуд паглядзіш.

— Галівуд у нас свой ёсць, — кажу ёй. — Кабак такі ў суседнім сяле быў.

Ну яна смяяцца пачала. Я таксама смяюся, а потым і кажу:

— Ну дык ты, Алеська, хочаш, каб я свой дом кінуў, і лясок свой, і балотца, і ў дзевяноста гадкоў у ваш Лох-Анджэляс паехаў? Каб удалечыні ад радзімы маёй яшчэ пару гадкоў пакруціўся?

— Так, дзеда, хачу, — кажа мне.

Ну я доўга думаць не стаў і кажу ёй:

— Дзякуй дараженькая, што не забылася на мяне. І адкажу я табе на добрую прапанову тваю так: зямля гэтая мне родная, ужо столькі гадоў тут жыву! Усе асінкi з елкамі на памяць вывучыў. І балотца мясцовае, як свае пяць пальцаў ведаю. А вы кажаце: едзь, дзед, са мной!

Бачу яна глядзіць уважліва на мяне. Слухае. Чаёк папівае. Ну і кажу:

— І ведаеш што, Алеська. Паеду я з табой! Паеду, вядома. Чаго я тут не бачыў? Балоты ды лес гэты? Пфф… Нагледзеўся ўжо. Хоць на старасці гадоў чалавекам пажыць. На акіян з пальмамі глянуць. Тут дык і без мяне абыдуцца. І балоты абыдуцца, і лясок, і Старшыня. Паеду, мілая, з найвялікшым маiм задавальненнем.

Абняліся мы з ёй, а ўвечары я яе спаць паклаў, а сам вось пішу сюды апошнія радкі. Пакіну тут дзённік гэты. Хай яго кабаны чытаюць, калі ў хату маю старую забрадуць. Кропка.