Чай ужо на стале. Пара клубіцца над цёмным акіянам пасярод фаянсавых берагоў. Серабрыстая, узорыстая лыжачка прыемна бразгае ў светлым кубку. Печыва з шакаладнай глазурай на невялікiм сподачку, упрыгожаным сіняватым арнаментам. Аля бярэ яго сваімі прыгожымі пальчыкамі і акуратна кусае, падносячы вольную далоньку да падбародка і ловячы крошкі. Як жа гэта міла.
— Кхм, пагаворым аб дэмакратыі, — уступаю я, хоць мне і шкада ўкліньвацца ў ідылічную карціну, створаную дзяўчынай і шакаладным печывам.
— О так, — адклікаецца госця.
— Не гавары з набітым ротам! — строга загадваю я.
— Прабачце, сэр, — адказвае яна і глядзіць на мяне смяшлiвымi вачыма.
— Якое тваё стаўленне да яе, да гэтай самай дэмакратыі? — запытваю я.
— Строга негатыўнае, — Аля сур'ёзна глядзіць на маё раскладное крэсла.
— Гэта чаму ты так думаеш?
— Каб у нас была палеміка, — паказвае мая госця. — Ты ж сам казаў, што часам карысна заняць нават тую пазіцыю, на якой насамрэч не знаходзішся звычайна, і гэта проста дзеля трэніроўкі ў палеміцы.
Я развёў рукамі ўсім сваім выглядам кажучы: «Нядрэнна! Вельмі нават! Мая школа!», а затым вымавіў.
— Тады з вас аргументы, паненка, а не толькі факты.
— Дэмакратыя зло, бо гэта дыктатура большасці, — трохі падумаўшы паінфармавала дзяўчына. — Дзесьці я такое чытала.
— Нядрэнна, — ацаніў я. — Аднак па сутнасці гэта сафізм. Існуюць розныя дэфініцыі для паняцця дыктатуры. Калі гэта ўсяго толькі прамое кіраванне групы таварышаў, гэта значыць у нашым выпадку, групы, што завецца большасцю, то дэмакратыю можна назваць дыктатурай, аднак кіруючая група ў дыктатуры, калі ўлада наогул належыць групе асоб, а не аднаму дыктатару, павінна дэманстраваць нейкія відавочныя прыкметы манапалізацыі ўлады, а нярэдка дэманструе і рысы валюнтарызму, тады як большасць, у межах добра пабудаванай дэмакратычнай мадэлі, чуе меншасць і на палітычны суб'ект могуць уплываць іншыя палітычныя суб'екты. Фармальныя прыкметы дыктатуры, пры ўказаным вышэй падыходзе, калі нехта выдае камусьці дырэктывы, можна выявіць наогул у любой уладзе, у гэтым яе сутнасць, бо ўлада заўсёды прадугледжвае, што нехта кіруе кімсьці. Гэта значыць, назваць дыктатурай, у гэтым сэнсе, можна ўсе формы праўлення, дзе ўказы абавязковыя да выканання, і такім чынам, гаворка тут менавіта пра сафізм, калі штосьці сцвярджаецца толькі на аснове фармальных прыкмет, а сутнасць пры гэтым скажоная. Па-эмпірычнаму, мы прыходзім да таго, што рэальная дыктатура мяркуе ўладу чалавека ці групы, якія не дапушчаюць да кіравання іншых, нейкіх чужынцаў. Сутнасць тэрміна менавіта ў гэтым, і ў гэтым сэнсе сапраўдная дэмакратыя прадугледжвае калектыўны ўдзел менавіта як проціяддзе супраць кіравання адной, нязменнай групы, як суб'екта палітыкі, або аднаасобнага лідэра.
— Брава! — госця заапладзіравала. — Люблю, калі ты такое выдаеш! Жадаю яшчэ! Толькі крыху прасцей, калі можна. Добра?
— Без праблем, — пагадзіўся я. — Вось табе аналогія.
— Выдатнае слова, — уставіла мая юная філасафіня.
— Дык вось, аналогія, — я ўзвышана зірнуў у далеч, за сваё акно, туды, дзе зручна размясціўся шэры брусок нейкага гмаха. — Калі я дам табе дырэктыву зняць штаны, то гэта будзе дэмакратыяй, калі ты маеш права выбіраць сабе таго, хто аддае такія распараджэнні, скажам, паміж мной і сваім суседам. А вось калі выбару няма, і я ўзурпаваў пасаду ўладара штаноў, то значыць гэта дыктатура! Дарэчы, можаш пакуль нічога не здымаць…
— Ты ўпэўнены? — какетліва спытала Аля, пагульваючы гузікам на сваіх цёмна-сініх джынсах.
— Пакуль так, — сказаў я не вельмі ўпэўненым голасам.
— Ну і якая дэмакратыя лепшая на ваш погляд, спадар уладар штаноў? — сур'ёзна спытала дзяўчына, але тут жа не стрымалася і пачала смяяцца.
— Такая, дзе галоўнага лідэра выбірае не ўвесь народ. Гісторыя паказала, што народ можа сабе абраць усялякае. Увесь народ выбірае дэпутатаў у ніжнюю палату парламента і мэраў, спецыяльная акадэмія, з вялікай колькасцю членаў, выбірае ва ўладу інтэлектуальна падрыхтаваных людзей, гэта значыць разумнікі выбіраюць разумнікаў. Крытэрый адбору ў касту разумных, ужо дакладна не нейкія тэсты з паравозікамі і квадрацікамі, а толькі рэальныя дасягненні ў розных галінах навукі і мастацтва, якія паказваюць сапраўдны патэнцыял. Зразумела, фактар суб'ектыўнага выбару тут будзе моцны, але гэта не так страшна. З гэтых інтэлектуалаў, інтэлектуалы ж, абіраюць кіраўніка акадэміі, суддзяў, пракурораў, начальнікаў абласцей, сенатараў, гэта значыць чальцоў вышэйшай палаты парламента. Выбраныя інтэлектуалы, а таксама мэры, аб'яднаныя ў партыі, ці выступаюць самі па сабе. З іх ліку выбіраюць кандыдатаў на пасаду галоўнага лідэра, паўнамоцтвы якога зводзяцца да паўнамоцтваў галоўнага міністра. Галоўны суддзя, галоўны лідэр краіны, кіраўнік інтэлектуальнай акадэміі, старшыня парламента, ураўнаважваюць адно аднаго і валодаюць рэальнай уладай. Кіраўнік акадэміі знаходзіцца на пасадзе не больш за тры тэрміны, кожны па чатыры гады. Астатнія лідэры не больш за два такія ж тэрміны. Гэта не ідэальная сістэма, але нядрэнная.