Выбрать главу

— Але.

У дарозе Паўлінка, у дарозе, Палажыла сярпок на парозе, Няхай бацька грошы мае, Жанцы наймае, У чыстае поле пасылае, Буйное жыта пажынае.

— Паўлінка ўжо ў сенцах, прыгаршчамі жыта ва ўсе бакі сыпле, — прагаварыў Мацей.

Янка не адказаў. Хто ж там хаваецца? Няўжо нехта з гасцей? А калі?..

— Ведаю, чаму хаваецца, — парушыў маўчанне Мацей.

— Чаму?

— Хтосьці з гасцей у гумно залез, хоча Паўлінчын пасаг украсці. Давай у шчыліну паглядзім.

— У якую шчыліну?

— Каля дзвярэй ёсць, бярвенні рассохліся. Не раз мы з Алесяй глядзелі.

— Давай паглядзім, — пагадзіўся Янка.

Хлопцы ўкленчылі каля дзвярэй, зірнулі ў шчыліну і… аслупянелі. Вечка ў скрыні адчынена, а ў ёй сядзіць цётка з барадой.

— Э-э-э… — вырвалася ў Мацея.

Цётка з барадой прыгнулася, пацягнула вечка. Яно глуха стукнулася аб скрыню.

У дарозе Паўлінка, у дарозе, Палажыла сярпок на парозе…—

спявалі дзяўчаты і маладзіцы.

Янка моўчкі стаяў на каленях. Краечкам вока ўбачыў: з хаты выйшла Паўлінка. На галаве вянок з зеляніны. Ясь побач. Высокі, прыгожы. На шапцы кавалачак чырвонай стужкі, зялёная галінка руты. За Паўлінкай і Ясем ідуць шаферы, свацця, сват. Вось падышлі да вазоў. Паўлінка вешае на дугу зеляніну, рознакаляровыя стужкі, чырвоныя хусцінкі.

Янка ўстаў, прыхінуўся да сцяны. За сцяной — руку працягнуць — скрыня, цётка з барадой у скрыні сядзіць.

Няхай бацька грошы мае, Жанцы наймае, У чыстае поле пасылае, Буйное жыта пажынае.

Спяваюць дзеўкі і маладзіцы, стараюцца. Не ведаюць, хто ў скрыні. І як цётка з барадой там памясцілася? Можа, павыкідала пасаг?

— Чаго сталі?

Янка ўзняў вочы. А-а-а, хлопцы-шаферы. Напэўна, па скрыню прыйшлі, на воз панясуць. Панясуць… Цётку з барадой панясуць! Вось дык пасаг! Як сказаць, каб не скумекала, каб не пачула? Пачуе — выскачыць, накінецца…

— Яначка, чаго маўчыш? — падаў голас Мацей. — Уцякайма!

Мацей бокам, бокам і на агарод. Янка ж, ледзьве варочаючы языком, праказаў:

— У скрыні…

— Чаго блытаешся пад нагамі? Ведаем, што ў скрыні.

— Там…

— Не замінай, хлопец.

Не даюць слова сказаць. Нясуць. Ужо нясуць. Нядаўна па балоце гойсала. Цяпер нясуць.

— В-ведаеце…

— Не круціся пад нагамі.

Не хочуць слухаць. Як сказаць? З чаго пачаць?

— Яначка, уцякай. Я ляманту нараблю, — данёсся Мацееў голас.

— Там… Тут…

— Ой, хлопец, не ляпай пустое, бо як з цапа сарвецца, то й галаве дастанецца.

— У скрыні…

— Ведаем, што ў скрыні.

Не слухаюць. А ці казаць цяпер? Відаць, позна. Спруцянеюць, калі гэтая пачвара вылезе.

— Ох і цяжкая скрыня!

— Не разам на гару: паціхеньку, памаленьку.

— Бач, колькі пасагу ў Паўлінкі!

— Можа, камення наклала?

— Ты што! Не бачыў, як ткала радзюжкі?

— Прываліла Ясю шчасце.

Панеслі. Да воза. Кажуць, што шчасце Ясю прываліла. Такога шчасця і самаму лютаму ворагу не пажадаў бы.

— Гэ-э… Здаецца, барабаніць нехта.

— У сундуку барабаніць?

Ужо барабаніць цётка з барадой. Не вытрывала. Не даспадобы, што нясуць. Па балоце хочацца ёй гойсаць…

— Апускайце. На зямлю апускайце.

— Чаму?

— Барабаніць…

— Выла-азіць…

— Ой, лю-юдцы-ы!..

— Разбягайце-э-ся-я!..

Дзе ж Антон?

Прыціхла вёска пасля Ясевага вяселля. Нават песні перасталі спяваць. То тут, то там чулася: «Васіліск… Пярэварацень… Цётка з барадой…» Куды згінула гэтая цётка з барадой, ніхто не ведаў. Нібы скрозь зямлю правалілася. Што ж, у той дзень кожны ратаваўся як мог.

Аднаго разу, калі Янка, Алеся і Мацей сядзелі каля хаты, падышоў да іх Ясь.

— Сумуеце?

— Сумуем, — прызналася Алеся.

— Цяпер і ў лес не сходзіш, — дадаў Мацей.

Ясь, апусціўшы галаву, сказаў:

— І стрэлы каля вушэй свісталі, і дзідамі хацелі дастаць — не баяўся. А гэтае страшыдла ўбачыў… Э-эх!

— Не адзін ты спалохаўся, — прамовіў Янка. Ясь быццам сам сабе праказаў:

— Мінулаю восенню крэпасць Велюёну ваявалі. Не было страху ў вачах.

— А хто ў паход вадзіў? — запытаў Мацей.

— Князь Гедымін. Ціхі наедзе — бойкі наскочыць. Так і ён. З наскоку хацеў узяць крэпасць. А крыжакі па нас з рушніц. Упаў князь Гедымін, не ўбярогся.

— Чаму вы гэтую крэпасць ваявалі? — пацікавілася Алеся.

— Яна здавён была нашаю, ахоўвала правы бераг Нёмана. Ды два леты назад аблажылі яе крыжакі, праламалі сцяну, уварваліся. Усіх, хто абараняў, выразалі. Хіба маглі мы яе аддаць?