Праўду казаў Ясь. Восень 1341 года выдалася сухой. Нават дрыгва перасохла. Вось і вырашыў менавіта восенню, а не зімою павесці сваіх вояў князь Гедымін у паход. Ведаў ад рыскуноў, што перабудавалі крыжакі крэпасць Велюёну, што пад яе заслонай наладзілі пераправу праз Нёман, каб набегі рабіць. Трэба было апярэдзіць іх.
— Здабылі мы тую крэпасць, князя па даўняму звычаю пахавалі, а крыжакам адпомсцілі,— сказаў Ясь.
Але, адпомсцілі. Сыны князя Гедымінавічы ўварваліся з войскам у Прусію. Не адзін крыжацкі замак тады спалілі, спустошылі, нямала палону набралі.
— Гедыміна каля той крэпасці пахавалі? — азваўся Янка.
— Не, — сказаў Ясь. — Ягонае цела прывезлі ў горад Вільню, склалі вялікі зруб са смольнага дрэва, князя апранулі ў тое адзенне, якое найбольш любіў. Пры ім паклалі шаблю, рагаціну, сагайдак — калчан на стрэлы. І пару сокалаў, пару хартоў — сабак найлепшых. Яшчэ каня жывога пад сядлом, а таксама самага любімага слугу і трох жывых палонных немцаў. Звязалі ўсіх разам і — на той смольны зруб. Падпалілі яго з усіх бакоў. Калі разгарэлася полымя, рысіныя і мядзведжыя кіпцюры ў агонь сталі кідаць. Пасля асобна попел і косці, якія не згарэлі, сабралі ў сасновую дамавіну і там жа пахавалі.
Слухаюць Янка, Алеся і Мацей, затаіўшы дыханне. Жывых хартоў, жывых сокалаў, жывога каня, любімага слугу, трох немцаў разам з князем спалілі. Чулі яны, што быў такі даўні паганскі звычай. Памерлых тады спальвалі, побач клалі сярпы, нажы, прасніцы — усё тое, што пры жыцці меў чалавек.
Ясь устаў і заключыў:
— Вось як бывае.
— Ясь, а любімы слуга князеў не прасіўся? Яго ж у агонь, — не стрывала Алеся.
— Князь яго любіў, і ён князя. Было гонарам у адным агні згарэць.
— Смелы, — прамовіў Мацей.
— Духам моцны, — сказаў Ясь і паволі паплёўся па вуліцы.
А Янка сядзеў і думаў. Пра што? І Ясь моцны духам. Ні стралы, ні дзіды не баіцца. Відаць, і агню не пабаяўся б. А вось цётка з барадой нагнала страху. Чаму так? На гэтае пытанне ён не мог адказаць.
З Ясем яны гаварылі зранку, а пасля паўдня яшчэ адна навіна абляцела вёску: прапаў васілевіцкі хлопец Антон. Пасвіў каровы і прапаў. Толькі пуга на ўзлеску засталася. Гукалі, клікалі яго — не дагукаліся, не даклікаліся.
Мужчыны, узброіўшыся, пайшлі ў лес. Апусцела вёска. Зусім стала ціха. Толькі жанчыны шэптам адна адной перадавалі:
— Шалёны воўк бегае, схапіў.
— Не, суседачка. Цётка з барадой украла.
Чаму шэптам казалі? Баяліся на сябе бяду наклікаць. Янкава маці не выходзіла з хаты. Нарэшце не вытрывала:
— На выган схаджу, пагляджу гусей. А вы з хаты і носа не высоўвайце.
Хіба ўседзіш у хаце?
Яна за парог, а яны за ёю. Глядзяць: Алеся бяжыць.
Падбегла і адразу сказала:
— Хлопчыкі, Антона цётка з барадой схапіла. Трэба ратаваць яго.
— Антона ратаваць! — аж пляснуў рукамі Мацей. — Ды ён… Ён казаў, што мне вушы адарве.
— Цэлыя будуць твае вушы, — папракнула Алеся. — А вось Антону…
Алеся не даказала да канца, ды Янка добра зразумеў яе. Сапраўды, цётка з барадой і вушы адарве, калі ў галаву стрэліць. Ёй чалавека не шкада. Невядома, што з Антонам. Што, калі тое страшыдла яго на агні смажыць? А ён жа яго, Янку, з ямы выцягнуў. Калі б не выцягнуў, то, мабыць, таксама шукалі б.
— Янка, ты баішся? — насмешліва паглядзела на яго Алеся.
Што сказаць? Канешне, баіцца. За лета гэтулькі нацярпеліся! Дый хіба ён адзін баіцца? Дарослыя шэптам гавораць.
— Яначка, у цябе ёсць басалык.
Янка ўбачыў, што на вачах у Алесі выступілі слёзы. Вось-вось пырснуць, вось-вось заплача. Ён неспадзявана для самога сябе прамовіў:
— Дурненькая, чаго ты так?
— Антона шкада.
Ёй шкада. А яму хіба не шкада? Здаецца, душа разрываецца. Ніколі не думаў, што будзе так шкадаваць.
— Алеся, не плач. Мы яго знойдзем. Цяпер жа пайду ў лес.
— І я пайду, — прамовіў Мацей.
Яны паволі ішлі па лесе. Янка моцна сціскаў у руках сваю зброю — басалык.
— Нас, мусіць, маці шукае, — падаў голас Мацей.
«Шукае, — падумаў Янка. — Пайшлі, не сказаўшы. А калі б сказалі? Не пусціла б».
— Шукае… — зноў сказаў Мацей.
— Антон! — раптам усклікнула Алеся.
Янка стаў, нібыта яго хтосьці ззаду тузануў. За павароткай сцяжынкі, па якой яны ішлі, стаяў Антон, прывязаны, няйначай, як лыкам, да сасны. У роце нейкая брудная ануча.
— Тут, мабыць, і цётка з барадой, — прамовіў Мацей і на ўсё горла: — Ого-го-го-о!..
Ясь чорта асядлае
Янка кінуўся да Антона, выцягнуў з рота анучу.