— Хто цябе прывязаў? Яна?
Антон адкрывае рот, нібы пазяхаючы. Ні слова не вымавіць. Твар белы, што палатно. Ні крывінкі.
— Хто прывязаў? Цётка з барадой?
— Дзеці! Дзеткі! — пачулася за спінаю. Янка азірнуўся: Ясь і бацька бягуць, спяшаюцца.
— Яначка! Хто крычаў? — падбег бацька.
— Я! — выпаліў Мацей.
— Ты-ы?
— Клікаў каго-небудзь.
— Мы ішлі, ішлі, азіраліся, — пачала расказваць Алеся. — Бачым: Антон да сасны прывязаны.
— Ён зусім знясілеў,— прагаварыў Ясь і, выняўшы нож, разрэзаў лыка. Антон асунуўся на зямлю.
— Ногі яго не трымаюць, — сказаў бацька. Янка моўчкі глядзеў на Антона. Ляжыць, не варушыцца. Напэўна, доўга стаяў вось так, прывязаны. Даўкі камяк падступіў да горла…
Бацька прысеў, прытуліў Антона да грудзей.
— Дзіця, дзіцятка…
— Мяне… Мяне… Бацька нахіліўся ніжэй.
— Хто?
— Мяне… Мяне цётка з барадой схапіла. Янку здалося, што кубак ледзяной вады за карак вылілі. Усё-ткі яна. Вось прыблуда!
— Яна мяне прывязала. Яна нешта гергетала. Здаецца, хацела, каб дарогу ёй паказаў, каб правёў яе.
— Якую дарогу?
— Не ведаю. Я амаль нічога не памятаю. Янка глядзеў на Антона. Кажа, што хацела, каб дарогу ёй паказаў. Дзіўна. Хіба сама дарогі не ведае? Хіба першы дзень па гэтых балотах гойсае?
— Яна тут. Яна непадалёку, — усклікнуў Мацей. — Зараз вылезе і схопіць нас.
— Не вылезе. Не бойцеся, — сказаў Ясь.
— Думаеш, што недзе брэндаецца? — прамовіў бацька.
— Хочацца мне яе логава знайсці. Хочацца злавіць яе.
— З нячыстай сілай вырашыў змагацца? — вырвалася ў бацькі.
— Не такіх ламалі.
— Ясечка, не трэба, — папрасіла Алеся. — На каго ты Паўлінку пакінеш?
— Вярнуся жывы і здаровы. Сустрэне мяне Паўлінка.
— З нячыстай сілай не жартуй, — выгаварыў бацька.
Ясь усміхнуўся.
— Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім. Нешта падобнае на зайздрасць адчуў Янка.
Вось які Ясь. Самой нячыстай сілы не баіцца. Сапраўдны вой. Ці будзе ён такі калі-небудзь? А бацька наставіў рукі.
— Ясь, не пушчу.
— Не бойцеся. Не васіліск гэта.
— Не васіліск? Хто ж тады?
— Пакуль не ведаю.
Ясь павярнуўся і, пасвістваючы, пайшоў. Бацька паківаў галавою.
— Такога не ўтрымаеш. Такі самога чорта асядлае.
Алеся ўсхліпнула.
— Алеська, не плач, — суцешыў яе бацька. — Вернецца Ясь. Ён вяроўку з ветру саўе. Праўду казаў. Не васіліск гэта.
— Ён… Яна мяне за руку валакла, — падаў голас Антон.
Мацей нагнуўся над ім.
— У яе капытоў не было?
— Не памятаю.
— А рогі не растуць?
— Не памятаю.
— А кіпцюры? Кіпцюроў на руках не бачыў? Відаць, доўга яшчэ ён дапытваўся б, калі б бацька не сказаў:
— Адчапіся ты ад яго.
— І праўда, прычапіўся смаліцаю, — падтрымала Алеся.
— Калі б мяне схапіла, то я яе да рысачкі запомніў бы, — буркнуў Мацей.
— Ваяка, — прамовіў бацька. Ён прыўзняў Антона. — Зараз крынічнай вады нап'ешся. Яна дасць табе сілы. А пасля і дамоў.
— Э-гэ-гэй! — пачулася непадалёку.
— Твае ідуць. Васілевіцкія. Хутка дома будзеш, — прагаварыў бацька.
З васілевіцкімі яны развіталіся каля лясной крынічкі. Праўду сказаў бацька. Сцюдзёная крынічная вада дала Антону сілы. Напіўся з берасценя — і што на свет нарадзіўся. Твар паружавеў, сам пажвавеў. Ці не чароўную сілу маюць крынічкі, звонкія, бурлівыя?
А пасля Янка, Алеся і Мацей стаялі на агародзе, чакалі Яся. Алеся ўсё ўздыхала.
— На каго нашу Паўлінку пакінуў?
Янка ж думаў пра іншае. Цвіком сядзелі ў галаве Ясевы словы: «Не бойцеся. Не васіліск гэта». Хто ж тады? І дзе Ясь падзеўся? Ён пра ўсё раскажа.
Ясь з'явіўся нечакана. Алеся кінулася да яго, абхапіла.
— Вярнуўся? Вярнуўся-а!..
— Вярнуўся, перапёлачка.
— Я Паўлінцы не сказала, што ты цётку з барадой шукаеш, — паведаміла Алеся. — Калі б сказала, то яна ўсю хату слязьмі заліла б.
— Малайчына, — пахваліў яе Ясь. Янка крануў яго за плячо.
— Ясь, ты знайшоў тое логава, дзе яна жыве?
— Знайшоў. Па зайцавых слядах можна і мядзведзя знайсці. Пад вываратнем нячысцік уладкаваўся.
— Усё-ткі нячысцік? Пярэварацень?
— Пярэварацень, ды не той. І жаба ў вадзе сядзіць, ды не рыба. Ноччу злаўлю паганца.
Зловіць… Канешне, ён зловіць. Нават бацька казаў, што чорта асядлае. А калі папрасіць, каб узяў? Трэба выціснуць страх з душы. Дый не нячысцік гэта. Відаць, нейкі прыблуда.
— Ясь, вазьмі мяне з сабою. Надакучыла хадзіць і азірацца. Не магу так. Дый дапамагу, калі што.