Выбрать главу

— Хочаш праверыць сябе?

— Ты ж некалі падлеткам пайшоў у паход.

— Было, — прамовіў Ясь. — Не будзеш плакаць, калі вазьму?

— Не буду.

— І я не буду, — усклікнула Алеся.

— І я, — азваўся за ёю Мацей.

— Кыш па хатах! — тупнуў Ясь нагою. Пасля, адвёўшы Янку ўбок, шапнуў: — Вечарам чакай мяне каля мастка.

Пярэварацень

Вельмі здзівіўся Янка, калі вечарам убачыў Яся. Было ад чаго. Ён нёс сетку, перакінутую праз плячо, а пад пахай трымаў паходню — кій, на канец якога звычайна намотваюць пакулле, прамочанае смалою.

— Ясь, ты рыбу сеткай лавіць сабраўся? — усклікнуў Янка.

— У гэтую сетку мы твайго васіліска зловім.

— Цётку з барадой?

— Яго… Яе… Цьфу! — Ясь плюнуў.— Вось брыда! Нават не ведаеш, як назваць: яго ці яе.

Рупіла Янку запытацца, як Ясь будзе лавіць цётку з барадой, ды ён сам пачаў:

— Сетку каля ягонага логава павесім. Улезе і заблытаецца. Пасля скруцім.

Проста ў яго выходзіць. А калі не ўлезе, не заблытаецца? Калі заўважыць?

— Гэтая цётка з барадой хітрая. Сама ў сетку не папрэцца.

— Не вешай носа. Сетку пастаўлю, калі добра сцямнее. Ціха зраблю. Ніводзін сучок не трэсне.

Канешне, Янка ведаў: Ясь сетку так паставіць, што цётка з барадой не пачуе. Але ж усю ноч прыйдзецца сядзець, чакаць, пакуль са свайго логава вылезе. Што, калі заснуць, а цётка з барадой на іх сетку накіне?

— Ясь, цётка з барадой будзе ў сваім логаве?

— Не думаю. Як мне здаецца, не спіцца ёй па начах. Па чужых агародах ходзіць.

— Моркву рве?

— І моркву, і да морквы. Мыш есці не просіць, сама сабе наносіць. Ну, хадзем.

Пакуль прайшлі праз балота, стала шарэць. Туман, што мяккай воўнай, ахутаў дрэвы, кусты, суцэльнаю сцяною злучыўшы вёску з лесам.

Янка цягнуўся за Ясем, а той часам прыпыняўся, прыслухоўваючыся. Яшчэ трывожней станавілася на душы. «Што, калі выскачыць тая страхалюдзіна, учэпіцца кіпцюрамі за руку і павалачэ?» — думалася.

— Ясь, у цябе можна запытацца?

— Пытайся. Да логава яшчэ далекавата.

— Па гэтых сцежках і нашы прашчуры хадзілі? Так?

— Так.

— Дрыгавічы, крывічы, радзімічы?

— Так.

— Пра дрыгавічоў і радзімічаў ты расказваў. А пра крывічоў чамусьці не.

— Не забыўся. Малайчына, — пахваліў Ясь. — Што сказаць пра крывічоў? Яны калісьці жылі каля рэчкі Дзвіны, дзе слаўны вой Палтэс заснаваў горад Полацак. Пасля ў Полацкім княстве панаваў князь Рагвалод. Рагвалод — значыць валадар ускраю, альбо рога зямлі. Як бы самая крайняя тая зямля ад нас.

Крывічы — ад слова «кроў», сваякі па крыві. Гэтае племя было самым магутным і шматлікім з усіх усходнеславянскіх плямёнаў. Крывічы і зямлю аралі, і збожжа сеялі, і паляўніцтвам, і бортніцтвам, і рыбнай лоўляў займаліся, і сваімі рамеснікамі славіліся. На высокіх пагорках, у крэпасцях, яны будавалі высокія вежы, сачылі адтуль, ці вораг не йдзе.

Напаў на Полацкае княства князь Уладзімір, які жыў у Ноўгарадзе, — расказвае Янку Ясь. — У няроўнай бітве загінулі і Рагвалод, і ягоная жонка, і два сыны-княжычы. Толькі дачка-прыгажуня Рагнеда жывой засталася. Паланіў яе Уладзімір, прымусіў, каб ягонай жонкай стала. Мінуў час, нарадзіўся ў Рагнеды сын Ізяслаў. Ды ўсё роўна балела яе сэрца, бо часта ўспамінала сваіх блізкіх, родная зямля ўваччу стаяла. Аднаго разу, калі Уладзімір заснуў, вярнуўшыся з паходу, узняла яна нож, каб адпомсціць за родзічаў. Ды прачнуўся князь. Выхапіў з яе рук востры нож, крыкнуў: «Чаму?» Сказала яму Рагнеда: «Ты забіў маіх бацьку, маці і братоў. Зямлю нашу зняволіў. Да таго ж не кахаеш мяне з гэтым дзіцянём малым». Задумаў Уладзімір забіць яе, а яна выняла з ножнаў Рагвалодаў меч, меч свайго бацькі, дала сыну і навучыла: «Як прыйдзе бацька, скажы яму: «Ойча, ты не адзін тут». Так і зрабіў Ізяслаў. Збянтэжыўся Уладзімір: «А хто ж ведаў, што ты тут?..» Няма чаго гневацца, калі праўда. Вырашыў ён, што будзе лепей, калі не пакарае смерцю Рагнеду. Загадаў, каб пабудавалі на скраю полацкай зямлі горад, якому даў імя свайго сына — Ізяслаўль. Там і жыла Рагнеда з сынам…

Ідуць Янка і Ясь. Цемра хоць вока выкалі, ды не зблудзяць яны. Сцежка свая, родная. Яна выведзе. Павінна вывесці. Каб толькі не зарасла…

— Стой, — прытрымаў Янку за плячо Ясь. — Праверу, ці ў сваім логаве гэтая пачвара.

Ясь, нібы кот, ступіў у цемру і знік. Янка зноў адчуў, як страх пракраўся ў душу. Зноў падумалася: цётка з барадой выскачыць, схопіць, павалачэ… А Яся няма і няма. Азірнуўся Янка ў адзін бок, у другі. Анічога не відаць. Дзе ж Ясь? Няўжо тая пачвара яго ў сваю нару пацягнула? Не, Ясь не дасца…